Першая пара са студэнтамі: як перажыць?

  • 10.03.2016
  • Блог
  • Здымкі Любові

Першая сустрэча (з любой нагоды і ў любым кантэксце) – гэта заўсёды перажывальна. А ўявіце, як упершыню сустракацца са студэнтамі?! Калі ты сам тры месяцы таму ім быў і застаешся? Калі патанаеш у рэфлексіях і ад таго сумняешся, ці зможаш распавесці нешта годнае? Запаліць, зацікавіць? Ды як сябе прадставіць – нават гэтае пытанне выклікала нямала разважанняў і ўнутраных маналогаў.

Да восені 2015 года я не ведала, як гэта – піліць чалавека. Але ў верасні напоўніцу рассмакавала гэты незвычайны працэс. Можна пасмяяцца з мяне, але я праўда доўга пакутавала над тым, як да мяне будуць звяртацца – Любоў альбо Любоў Віктараўна. Вядома, мне па душы першы варыянт: каротка і сціпла. Але я ведала свой мяккі характар, таму не выключала, што зварот проста па імені можа паскорыць працэс панібрацтва-панісястэрства. А з іншага боку – навошта выбудоўваць лішнія іерархіі? Павага заслугоўваецца разумнымі парадамі, карыснымі ведамі-ўменнямі, якімі я магу падзяліцца, а не штучнымі “кардонамі” кшталту саліднага звароту. Памятаю, напачатку семестра мы збіраліся з аднагрупнікамі сустрэць нашу першую восень-не-разам. Я, мабыць, праела ім мозг сваёй “праблемай”, за што вельмі выбачаюся. Але, па шчырасці, не шкадую: мозг разумных людзей вельмі смачны, сакавіты:) Ды іх погляд збоку дапамог канчаткова вырашыцца. Ітак – пакуль Любоў Віктараўна.

Screenshot at марта 11 11-25-39

Першыя пары здарыліся 1 кастрычніка. Выпуск вучэбнай газеты на спецыяльнасцях “Мэнэджмент СМІ” і “Друкаваныя СМІ”. Што было важна падчас падрыхтоўкі (кароткай, але сапраўднай)? Я памятала, якой невыноснай для мяне была гэтая пара на першым курсе, якіх памылак я тады нарабіла. Таму, ажывіўшы гэтыя ўспаміны, пачала планаваць свае заняткі. Было важна:

а) не сапсаваць ўражанне і не расчараваць;

б) зрабіць з рэдакцыі каманду, якая будзе несці адказнасць за сваю працу разам.

Першае апынулася нескладаным. Добры настрой я заўжды нашу з сабой, і гэта вельмі важная якасць для выкладчыка. Ад яго – аказваецца! – залежыць танальнасць, у якой пройдуць гэтыя 80 хвілін. Калі ты заходзіш аўдыторыю і запальваеш, на цябе рэагуюць, ты як мінімум эмацыйна ўключаеш студэнтаў. А пасля, калі і іх розум.

Screenshot at марта 11 11-26-51

Дарэчы, пра розум. Вельмі не люблю маралісцкіх уздыхаў пра “не тое пакаленне” і іх здольнасці. Жыццё і людзі застаюцца нязменнымі – мяняюцца толькі дэкарацыі жыцця. Магчыма, я ідэалізую ці мне проста пашэнціла з групай, але я была  ў р а ж а н а  яе энергічнасцю і эрудыцыяй (трэба больш літар “э”). Мэнэджмент СМІ, так і ведайце: я бясконца ўлюблёная ў вас. Канешне, максімалізм і гордасць за паступленне на журфак у іх яшчэ зашкальвае, але гэтая дурнота сыдзе. Упэўнена. І застануцца проста харошыя студэнты, якія стануць годнымі журналістамі, калі будуць імкнуцца і шукаць. Яны сапраўды не без талентаў і розуму. Калі ты глядзіш на іх не агулам, а бачыш кожнага. Калі ёсць нагода застацца пасля пары і пагаварыць персанальна, пра важна-няважнае.

З дасягненнем другой мэты дапамагла праектная гульня, якую я запазычыла з майго досведу нефармальнай адукацыі. На стол я паклала доўгія макароны і маршмелоў. Гучала шмат варыянтаў – навошта я прынесла іх на заняткі. Пра тое, што з гэтага матэрыялу трэба збудаваць дом, не здагадаўся ніхто. Класнае адчуванне, калі ты здзіўляеш. І яшчэ больш уразілі камандная праца, спрэчкі і кампрамісы, якія запальваліся і гаслі ў працэсе. Выдатны прыём, мушу прызнацца. Пасля, калі мы фіналізавалі нашу газету, ён быў бясспрэчным аргументам, калі аднагрупнікі спрабавалі “наехаць” адзін на аднаго. “А помніце, што і навошта мы рабілі на першай пары?” – гэтае пытанне спыняла любое незадавальненне.

IMG_20160311_092154

Чым спыніць гэтую плынь начной свядомасці?

Не прыпыняю здзіўляцца, як усё зрастаецца ў патрэбны час у вызначаным месцы. Ты спазнаеш і шукаеш, разумееш карыснасць атрыманых ведаў, але нават не падазраеш, якім чынам яны выстраляць. А яны страляюць і здзіўляюць. Здзіўляйце адзін аднаго, сябры!

З вясною,
Любоў