Першая спроба паваланцёрыць. Удалая
- 04.02.2016
- Блог
- Здымкі: Святлана Галуза
Наш АдуМарафон сягнуў за экватар. За спінай – першы этап валанцёрства і пачатак другога – майстар-клас па інтэрв’ю. І пакуль мы толькі прадчуваем натхняльныя гісторыі ад паспяховых выпускнікоў, ужо цяпер пачынаем публікаваць кароткія нататкі нашых удзельнікаў з першай дыстанцыі.
Да сустрэчы з АдуМарафонам Святлана Галуза была ўпэўнена, што валанцёрства – гэта паездкі да дзяцей у інтэрнаты ды паходы ў прытулкі для жывёлаў. Але апынулася, што гэта не зусім так.
***
Раней я ніколі не цікавілася валанцёрствам, бо думала, што яно складаецца толькі з дапамогі жывёлам ды паездак у дзіцячыя дамы, бальніцы. Таму першы майстар-клас АдуМарафона стаў для мяне ў пэўным сэнсе адкрыццём. Я даведалася пра вялізную колькасць магчымасцей, якія прадстаўляе валанцёрства. Вельмі карыснымі для мяне апынуліся расповеды пра нефармальную адукацыю і пра тое, як можна трапіць на рэсурс Adukacyja.info. На жаль, два тыдні, прызначаныя для выканання задання, я прабавіла ў родным горадзе Воршы, дзе магчымасцей для валанцёрства не так ужо і шмат, таму большую частку заданняў я выконвала праз інтэрнэт.
У першы ж дзень пасля майстар-класа я напісала ліст камандзе Adukacyja.info, у якім сказала, што хачу дапамагаць з перакладамі. Мяне адразу ж далучылі да базы перакладаў.
Напачатку я вельмі баялася не справіцца, перакласці нешта не так, як трэба. Спачатку займалася толькі тымі навінамі, якія прапаноўваліся ў базе, потым вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і пачала шукаць сама. Тры з прапанаваных мною перакладаў былі выкладзены на сайце, астатнія выйдуць крыху пазней. Безумоўна, у многім мне дапамагала каманда Adukacyja.info, якая прычэсвала і прыводзіла ў парадак мае думкі, удакладняла пераклады слоў і прыдумляла цікавыя загалоўкі да прапанаваных абвестак. Для мяне сутыкненне са справай перакладчыка было нескладаным, цікавым і вельмі карысным, паколькі праца з навінамі дапамагла запоўніць прабелы ў ведах ангельскай мовы і вывучыць некаторыя новыя словы.
- Мая першая спроба
- Пасля справа пайшла лягчэй
Цягам некалькіх дзён на гэтым тыдні мне давялося зрабіць яшчэ адну добрую справу: пачаставаць суседскіх катоў. Яны вельмі баязлівыя і не адразу падышлі да ежы ў першы дзень, спачатку чакалі, пакуль я пайду. Потым сталі крышачку больш смелымі і нават падпусцілі блізка да сябе з фотаапаратам.
У панядзелак, 25 студзеня, мяне папрасіла аб дапамозе дзяўчынка, з якой мы пазнаёміліся ў інтэрнэце. Яе завуць Аня, яна вучыцца ў восьмым класе, жыве ў Пінску. Ёй патрабавалася дапамога з заданнямі па рускай мове, і я як чалавек, які два гады атрымоўваў філалагічную адукацыю ў Ліцэі БДУ, не змагла прайсці міма і прысвяціла вечар выкананню і тлумачэнню хатняга задання праз інтэрнет.
Напрыканцы двух тыдняў дабрыні я пераглядала прэзентацыю, думаючы, дзе можна паваланцёрыць у Мінску. У сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” знайшла групу фестываля Cinema Perpetuum Mobile і звязалася з каардынатарам валанцёраў Аляксандрам. Ён распавёў пра сутнасць валанцёрства на гэтым фестывалі, пра тое, як каардынуюцца паміж сабой валанцёры і прапанаваў прыйсці на афлайн-сустрэчу, каб пазнаёміцца з усімі бліжэй.
Жыве ўва мне і жаданне дапамагаць жывёлам: я вырасла ў прыватным сектары, вакол мяне заўсёды былі каты і сабакі, таму я звязалася з арганізацыяй “Эгіда” і прапанавала сваю дапамогу. Спадзяюся, што па вяртанні ў Мінск змагу далучыцца да іх.
Увогуле, валанцёрскія тыдні былі не такімі багатымі, як хацелася б. Напрыклад, у мяне была ідэя прапанаваць былой настаўніцы правесці класную гадзіну для школьнікаў, каб распавесці ім пра журфак, пра тое, як туды паступіць. Але сарамлівасць не дазволіла мне гэтага зрабіць. Буду спадзявацца, што я змагу пераадолець сябе падчас валанцёрства на СPM.
Пакаштаваць валанцёрства як след я яшчэ не паспела, але яго смак мне вельмі падабаецца. Крыху паваланцёрыўшы ў Adukacyja.info я зразумела, што гэта насамрэч цікавая і разам з тым вельмі складаная задача. Падчас валанцёрства можна пазнаёміцца з вялікай колькасцю людзей, дапамагчы ім, раскрыць сваё сэрца. Калі ты валанцёрыш, нават шэрыя будні набываюць сэнс, таму што ведаеш: вярнуўшыся з вучобы ці працы, ты павінен ехаць дапамагаць людзям ці жывёлам, нешта глядзець і перакладаць, пісаць артыкулы, суправаджаць кагосьці. А ўзнагародай за гэта стануць шчырыя ўсмешкі, цёплыя словы і пазітыўныя эмоцыі, нашмат важнейшыя за грошы.