Першая сесія – усё! Нататкі з Познані

  • 11.02.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтаркі, flickr.com

Вось і праляцеў-прабег-прайшоў месяц. Прайшлі мае першыя іспыты ва ўніверсітэце. Гэта было не так нервова, як у Беларусі. Хутчэй напамінала візіт да стаматолага, каб вырваць зуб: імгненна і без болі.

IMG_1726

Упершыню ў сваім жыцці мела ў якасці задання напісаць эсэ. Акадэмічная ангельская, спасылкі, тое-сёе… Вельмі ўважліва сочаць за тым, каб не было плагіяту. Ніколі так не хвалявалася, шчыра кажучы. Пісала яго тры дні, вельмі стамілася. Потым амаль тыдзень чакання – і праз Мoodle выкладчыца дасылае спіс з адзнакамі і выкладае ўсе эсэ. Мне было цікава паглядзець, як астатнія напісалі. Што тычыцца мяне, выйшла тройка з плюсам. Вядома, хацелася б чацвёрку, мне да яе зусім трохі не хапіла балаў, але тройка з плюсам застаецца тройкай з плюсам. Наогул, да мяне прыйшло разуменне, што ў некаторых сітуацыях да сябе нельга ставіцца занадта строга. Гэта было маё першае эсэ, напісанае па усіх канонах. Трэба толькі болей папрактыкавацца ў гэтым. Размаўляла са сваімі бацькамі на гэтую тэму, маці адразу сказала: “Гэта ўсё з-за таго, што ў вас болей няма сачыненняў!” І я з ёй пагадзілася. Нам часам не хапае гэтага – умення выкладаць свае думкі на паперы. Што горш, за ўсё маё навучанне ва ўніверсітэце ад нас патрабавалі эсэ можа тры-чатыры разы. За тры гады.

Па астатніх прадметах у мяне былі тэсты. Было нескладана, але кожны з іх меў пэўную “неспадзяванку”. Самымі складанымі былі “Антычныя матывы і антычная літаратура”: пытанні былі адкрытымі, то бок зноў трэба было напісаць свой пункт гледжання. Цікавая рэч адбылася са мной на тэсце па турызме: было пытанне, на якое можно было адказаць па-рознаму. Я выбрала адзін варыянт, і ён апынуўся няправільным. Мая аднагрупніца-полька параіла падысці да выкладчыка і запытацца, чаму так. Я растлумачыла выкладчыку, што згодна з лекцыйным матэрыялам правільны хутчэй мой варыянт адказу. Дый наогул на гэтае пытанне можна адказаць па-рознаму. Выкладчыца пагадзілася (!), нават падвысіла мне адзнаку. Не магу ўявіць сабе такога ў Беларусі. Мая сяброўка-немка была вельмі здзіўленая. У Нямеччыне наадварот – ты МУСІШ дыскутаваць з выкладчыкам, каб даказаць, што добра валодаеш прадметам.

IMG_1705

Заліковак тут няма – нам выдаюць сертыфікаты, якія падцвярджаюць, што мы прайшлі курс, атрымалі адзнаку. У асноўным у мяне чацвёркі і чацвёркі з плюсам. Трохі незадаволеная сабою, але буду старацца ў наступным семестры. У вясеннім семестры вазьму трохі менш курсаў, чым у зімнім.  Яшчэ трэба напісаць курсавую працу для беларускага ўнівера – гэта таксама зойме часу. Плюс яшчэ будуць дадатковыя заняткі па нямецкай.

Памятаю, калісьці на Адукацыі чытала нататкі пра досвед навучання за мяжой. І мне ўрэзалася ў галаву фраза: “Не трэба набіраць шмат курсаў”. І цяпер я разумею. Падрыхтоўка да кожнай пары займае столькі ж часу, колькі сама пара. Няхай у мяне будзе менш курсаў, чым у мінулым семестры (нарэшце я магу казаць, што ён мінуў), але мая падрыхтоўка да іх будзе лепшай. Дый наогул застанецца больш часу на вандроўкі ды імпрэзы.

Яшчэ была такая цікавая рэч як Evaluation Sheet. Нам прапанавалі ацаніць выкладчыкаў! Ацаніць, як яны рыхтаваліся да заняткаў, як падбіралі матэрыял. Нават прапаноўвалі напісаць меркаванне – што было б нядрэнна змяніць. Напэўна, гэта і адрознівае еўрапейскую адукацыю: абодва бакі – студэнты і выкладчыкі – адкрытыя для крытыкі.

Пакуль думкі пра вучобу адкладу! Пайду збіраць валізку, бо хутка з сябрамі выпраўляюся ў невялічкае падарожжа па Еўропе. Але пра гэта ўжо ў наступнай частцы.