Першы крок да мары: паехаць у Паўднёвую Карэю і працаваць на Сусветнай Універсіядзе


Нядаўна мы пісалі, што камітэт Летняй Універсіяды шукае маладых амбітных рэпарцёраў, каб запрасіць іх у Тайбэй на праграму FISU Young Reporters Programme. “Пф, туды нерэальна трапіць”, – скажаце вы. І, “чорт пабяры”, зробіце памылку! Мы адшукалі дзяўчыну, якая летась працавала на Ўніверсіядзе ў Паўднёвай Карэі, дзе атрымала шалёна-інтэнсіўны і незабыўны досвед.

8147711515_20edd91591_z (1)

Што рабіць, калі ты адзін з каманды размаўляеш на рускай мове, пры тым што ангельская ў цябе горшая за ўсіх, дзе шукаць выйсце, калі не ведаеш, што рабіць, як стаць адной з 12 удзельнікаў з усяго свету (прытым што кандыдатаў былі сотні!), і чаму варта пакінуць стэрэатыпы дома і не браць іх з сабой у валізку – Любоў Кудзелка шчыра распавядае ўсю праўду.

***

30 чэрвеня споўніўся роўна год з таго моманту, калі я ўпершыню здейсніла першае самастойнае авіяпадарожжа. Нагодай стаў удзел у двухдзённай спартовай праграме FISU (Сусветнай федэрацыі студэнцкага спорту) для маладых журналістаў, якая адбывалася ў Паўночнай Карэі падчас Сусветнай Летняй Універсіяды.

IMG_20150708_200819

О, як было боязна ляцець адной так далёка! Дагэтуль я лётала ў Амерыку, але хадзіла хвосцікам за групай, якая добра арыентавалася ў аэрапортах. Цяпер жа мне патрабавалася ляцець адной, тым больш невядома куды і невядома да каго. Па-першае, да вандроўкі я мела пэўныя стэрэатыпныя ўяўленні пра краіну. Па-другое, упершыню праграма не мела беларускага каардынатара, а таго, што мела, я ведала толькі па электронных лістах.

Тым не менш, страхі не перашкодзілі мне адважыцца на гэтае падарожжа, якое цяпер я лічу адным з самых лепшых і незабыўных.

IMG_20150708_201340 (1)

На мой погляд, у свеце адукацыйных праграм і магчымасцяў існую пэўны перакос у бок сацыяльнай тэматыкі. Гэта значыць, вы лёгка знойдзеце семінар па гендару ці правах чалавека, але вельмі цяжка якую-небудзь спартовую праграму.

Таму, калі мне трапілася гэтая абвестка, я не паверыла сваім вачам і ўхапілася за яе ўсёй сваёй матывацыяй: хацела быць у спорце хоць якім-небудзь бокам! Я была валанцёркай у хакеі чатыры гады, увесь гэты час імкнулася знайсці працу ў спартовым клубе, але ўсё марна. Таму, калі я ўбачыла абвестку, вырашыла: вось ён – першы крок да мары.

IMG_20150710_221412

Каб патрапіць на праграму, ад мяне патрабавалася мець звычайнае CV, напісаць матывацыю, займець рэкамендацыі, быць ва ўзросце да 25 гадоў і даслаць прадмову да кнігі “Падводныя камяні ў працы маладога спартовага журналіста”. Нічога незвычайнага ў спісе патрабаванняў не было, акрамя апошняга. Складанасць заключалася ў тым, што саму кнігу прачытаць ніхто не прапаноўваў. Таму пісала, як ведала. Такім чынам, у прадмове я распавяла пра свой вопыт працы на хакейных чэмпіянатах, нягледзячы на тое, што заданне патрабавала выказвання пра спорт увогуле. Дзякуй Богу, за плячыма ўжо быў досвед працы на беларускім чэмпіянаце свету, дзе я шмат камунікавала з журналістамі, таму добра ведала, што найбольш напружвала іх падчас турніра. Такім чынам, у мяне атрымаўся тэкст на паўтары старонкі. Лічу, што дзякуючы гэтаму тэксту я і патрапіла на праграму. Таксама пэўную ролю адыгралі мае рэкамендацыйныя лісты. Адзін з іх быў ад загадчыка кафедры ва ўніверсітэце, а другі – ад мэнэджара па камунікацыі Міжнароднай федэрацыі хакея ў Швейцарыі, які каардынаваў маю працу падчас ЧС.

IMG_20150702_130853

Адказ з аргкамітэту я атрымала амаль праз паўгады, калі ўжо і думаць забыла. Канешне, гэта была неспадзяваная і добрая навіна. Але якім чынам падступіцца да Ўніверсіяды з дзесяццю тысячамі ўдзельнікаў, я не ведала. Таму вырашыла спачатку добра вывучыць і сабраць інфу пра нашу зборную. Потым перайсці да рускамоўных суседзяў, бо, улічваючы той факт, што на праграму абралі толькі 12 чалавек з усяго свету, я разумела, што, хутчэй за ўсё, буду адной, хто размаўляе па-руску, таму менавіта мне давядзецца працаваць з рускамоўнымі спартоўцамі. Аднак, калі наша зборная была разумных памераў і ўсю патрэбную інфармацыю атрымалася сабраць за тыдзень, з Расіяй я закапалася да самага ад’езду. Канешне, гэта недазбіранасць вельмі мяне хвалявала. Плюс дадавала нерваў разуменне таго, што я не маю досведа ў спартовай журналістыцы, ведаю толькі пра хакей, які не прадстаўлены на летняй Універсіядзе, дрэнна пішу па-ангельску і пры ўсім пры гэтым буду, напэўна, адна з усёй Еўропы.

IMG_20150710_221109 (1)

Атрымаць уяўленне пра ўзровень патрэбнай працы мне давялось яшчэ да пачатку праграмы. Арганізатары папрасілі нас напісаць кароткі тэкст пра свае ўражанні і падрыхтоўку да Ўніверсіяды айчыннай каманды. Зрабіўшы гэта, я больш-менш супакоілася. Але потым з’явілася навіна пра вірус MERS. Мае бацькі сталі пагаворваць, што, напэўна, калі сітуацыя пагоршыцца, не дазволяць ехаць. Я была ў адчаі і кожны дзень сачыла за навінамі. У сваю чаргу аргкамітэт штотыдзень дасылаў нам афіцыйныя заявы пра сітуацыю з вірусам.

Нягледзячы на бязрадасныя навіны па айчынным тэлебачанні, я ўсё ж такі вырашыла ехаць. Выляцеўшы ўдзень 30 чэрвеня з Менску, у гатэль у Гванджу я “прызямлілася” 1 ліпеня ўвечары. Збольшага, складанасцяў дабрацца не было. У аэрапорце Сеула гасцей Універсіяды сустракалі валанцёры, якія праводзілі да аўтобуса на Гваджу.

Шлях ад сталіцы да месца праграмы займаў чатыры гадзіны, якія цалкам выпалі з маёй галавы. Я была даволі стомленая пералётам і розніцай у часе, таму ў аўтобусе проста заснула, нягледзячы на актыўнасць майго суседа. Гэта, здаецца, быў намеснік славацкай дэлегацыі.

IMG_20150706_102730

У гатэлі я сустрэла сваіх аднапраграмцаў: Дэвіда з Аўстраліі, Макса з Германіі і Люсю з Чэхіі. Астатнія – Даня з Пакістана, Чыдзі з Афрыкі, Хенда з Туніса, Кай з Кітая, Меган з Канады, Лізі з Амерыкі, Каран з Калумбіі і Махмуд з Егіпта – прыляталі крыху пазней. Нягледзячы на змучанасць, мне не цярпелася хутчэй паглядзець горад. Разам з аднапраграмцамі мы рушылі ў штаб-кватэру аргкамітэту, дзе нам выдалі кішэнныя грошы і мабільныя тэлефоны. Адным са спонсараў Універсіяды быў Самсунг, таму нам далі самыя апошнія апараты для большага камфорту і лепшай працы. Першы дзень скончыўся ў мясцовай кавярні, дзе ніхто не размаўляў па-ангельску, а меню было не тое што без пераклада, але нават і без малюнкаў.

IMG_20150708_230632 (1)

На наступны дзень стартавала наша адукацыйная праграма, якая звычайна доўжылася  да 12й гадзіны. Пасля кожны з нас павінен быў пісаць па тры артыкулы штодзень для сайта FISU. Калі я даведалася пра гэта, ад адчаю хацелася збегчы дадому. Ніхто не прапанаваў тэм, ніхто не накіроўваў. Гэта была сапраўдная журналістыка. Такая, якой яна павінна была быць увесь час, але падчас прафесійнага майстэрства на журфаку я чамусьці яе не сустрэла. Амаль гадзіну я прасядзела ў ступары не ведаючы, дзе шукаць тэмы сярод гэтага мноства людзей розных нацыянальнасцяў ва ўмовах незнаёмага горада, краіны. На руках былі медыягайд, нумары тэлефонаў кіраўнікоў дэлегацый і расклад спаборніцтваў. Пасля гадзіны нервовых пакутаў светлая думка ўсе ж прыйшла ў маю галаву. Я вырашыла проста тэлефанаваць усім кіраўнікам роўненька па спісе, знаёміцца і пытацца пра цікавосткі. Памятаю, першая краіна, куды я датэлілася, была Малайзія і Парагвай. На маё здзіўленне, яны вельмі добра і па-сяброўску ўспрынялі просьбу. Так, малайзіец сам прыйшоў у прэс-цэнтр і распавёў пра тое, што іх зборная не мае аднолькавага дызайну спартовай формы. Кожны атлет выходзіў падчас цырымоніі адкрыцця ў нацыянальных строях, якія адлюстроўваюць багаты этнічны і рэлігійны склад краіны.

IMG_20150703_181137 (1)

Парагваец на наступную раніцу запрасіў на спаборніцтвы па прыжках у ваду. Гэта крыху мяне турбавала, бо нават па тэлебачанні я ніколі не бачыла гэтага віду спорта. Але, як я зразумела пазней, хваляванні былі дарэмнымі. Бо аргкамітэт не цікавіла простае дэклараванне спартовых вынікаў, нашыя цьютары хацелі мець сапраўдныя жыццёвыя гісторыі спартоўцаў, краіны, валанцёраў і ўсіх датычных да сусветнага форуму.

IMG_20150705_143130

IMG_20150706_103057

Такім чынам, у першы дзень я зрабіла толькі адзін тэкст. Потым пісала па два і толькі адзін раз тры. Мне пашэнціла, бо мой кіраўнік быў даволі лаяльным і ніколі не патрабаваў трох тэкстаў. Тым часам мая суседка-амерыканка пісала да трох гадзін ночы кожны дзень. Але нават два артыкулы былі для мяне складаным выпрабаваннем, бо з групы я горш за ўсіх ведала ангельскую мову. Праз некалькі дзён стомленасць была невыноснай: недасып і вельмі насычаная праграма ператварылі мяне ў чалавека, які маліў хоць адзін дзень застацца ў гатэлі без усёй гэтай дзвіжухі. Раніцай мы мелі па 3-4 лекцыі ад розных спікераў: Euronews, спартовы камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, варкшопы ад арганізатарараў. Пасля, удзень, кожны раз’язджаўся па спартовых палаццах. Увечары частка ішла на ўрачыстыя прыёмы да розных дэлегацый, на канцэрты ці іншыя культурныя мерапрыемствы. Уначы мы тусілі ў мясцовых клубах. І так без выходных два тыдні.

IMG_20150706_111424

Акрамя такіх насычана-“аднатыпных” дней, цікавым досведам стала інтэрнатура ў адной з дэлегацый і экскурсія ў атлетычную вёску. Нам быў прапанаваны спіс краін, зацікаўленых мець інтэрна. Я вырашыла паспрабаваць свае сілы з Швейцарыяй, бо на той час мела прафесійную зацікаўленасць. У некаторых з нас быў вельмі негатыўны экспірыенс пасля практыкі, таму што пэўныя дэлегацыі проста не праяўлялі цікавасці да свайго інтэрна. Мае ж, трэба адзначыць, былі вельмі добрымі настаўнікамі і расказалі шмат цікавага пра ўнутраную кухню мэнэджмента нацыянальнай зборнай.

Атлетычная веска – гэта быццам маленькі горад у іншым горадзе. Тут было ўсё: храмы для розных рэлігій, вялікая сталоўка з экзатычнымі стравамі, зала з настольнымі гульнямі, салон прыгажосці, спартовыя і культурныя пляцоўкі, вялікі медыцынскі цэнтр. А навокал – мноства спартоўцаў, аб’яднаных адзінай справай. Атлетычная веска – гэта вялікая дзвіжуха, нягледзячы на тое, што за некалькі кіламетраў ідуць сур’ёзныя спаборніцтвы за медалі. На жаль, застацца там нам не дазволілі, бо рэгламент забараняў знаходжанне СМІ, а мы падпадалі менавіта пад гэтую катэгорыю.

Processed with VSCOcam with c1 preset

Яшчэ адным яскравым успамінам былі цырымонія адкрыцця і закрыцця, дзе арганізатары выкарысталі апошнія светавыя, ператэхнічныя і камп’ютарныя тэхналогіі, выступалі лепшыя карэйскія выканаўцы і калектывы. Такога шоў я яшчэ ніколі не бачыла. Увесь час фатаграфавала і здымала відосы, але, канешне, ніякая камера не перадасць усяго маштабу. Да таго ж я была адказная за Twitter-трансляцыю цырымоніі.

Напрыканцы праекту арганізатары ўручалі лепшым спартоўцам і лепшаму ўдзельніку нашай праграмы Happiness Scholarship. У нас была настолькі моцная група, што аргкамітэт вырашыў не ўзнагароджваць кагосцьці аднаго, а раздзяліць грошы паміж 12 удзельнікамі. Гэта стала прыемнай неспадзеўкай і значнай кропкай па завяршэнні. Трэба адзначыць, што ўсе выдаткі на падарожжа, пражыванне і візу былі таксама пакрытыя FISU.

Jeonju, South Korea

Jeonju, South Korea

Дарэчы, зараз аб’яўлены новы набор на гэтую ж праграму. Вельмі раю падавацца. Таксама падобная праграма ёсць у Міжнароднай федэрацыі кёрлінга і Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі. Калі есць пытанні, буду рада адказаць на іх праз Facebook.