Як паступіць у шведскі ўніверсітэт?
- Час чытання: 5 хвілін
Дзіяна Кацёлкіна вучыцца на магістарскай праграме ў Гётэборгскім універсітэце. Адмыслова для чытачоў Adukacyja.info яна распавядае, як паступіць у шведскі ўніверсітэт і атрымаць поўную стыпендыю на навучанне ў ім.
Ідэя павучыцца за мяжой ў мяне з’явілася пасля бакалаўрыяту ў Беларусі. Я скончыла факультэт міжнародных дачыненняў БДУ і хацела паглыбіць свае веды ў гэтай сферы. Першай спробай было паступленне ў магістратуру па праграме DAAD. Паступаць ў Нямеччыну можна і без ведання нямецкай мовы (як у маім выпадку), калі праграма навучання будзе цалкам на ангельскай мове. На жаль, стыпендыю я не атрымала, але гэта не адбіла ў мяне жаданне вучыцца ў магістратуры і працягваць падаваць заяўкі.
У мяне быў год, каб прааналiзаваць усе магчымасці навучання за мяжой. Я спыніла свой выбар на Швецыі, бо, па-першае, практычна ўсе магістарскія праграмы выкладаюцца цалкам на ангельскай мове, па-другое, у Швецыі існуе некалькі цікавых праграм у маёй галіне (міжнародныя дачыненні), па-трэцяе, шведскi ўрад прапануе выдатныя стыпендыі для грамадзян Беларусі. Яшчэ адным плюсам з’яўляецца тое, што шведы добра валодаюць ангельскай мовай і ў штодзённам жыцці вы лёгка абыйдзецеся без ведання шведскай.
Цяпер я раскажу падрабязней пра ўсе этапы: як падаваць заяўку ў шведскі ўнвіерсітэт, а пасля на атрыманне стыпендыі.
Падача заяўкі на магістарскую праграму
Перш за ўсё, вам неабходна зарэгістравацца на сайце universityadmissions.se. Гэта асноўны сайт, дзе можна шукаць праграмы (па тэматыцы), а таксама падаць заяўку. У Швецыі адзіныя для ўсёй краіны даты падачы заявак на навучанне ў магістратуру. Да 15 студзеня вы павінны выбраць 4 праграмы – вызначыць іх у парадку прыярытэту (г.зн. першы выбар – гэта ваша прыярытэтная праграма, другі выбар – тая, якая вам падабаецца менш, і г.д.). Да 1 лютага вы павінны загрузіць сканы ўсіх неабходных дакументаў на universityadmissions.se, а таксама аплаціць унёсак за разгляд заяўкі (900 шведскіх кронаў). Дакументы, якія вы павінны загрузіць, пазначаны на сайце ўніверсітэта. Гэты спіс лёгка знайсці, калі перайсцi па спасылцы, якаю вы убачыце ў акенцы праграмы на universityadmissions.se.
Дакументы, якія патрабуюць усё праграмы:
- дыплом (арыгінал на рускай / беларускай мове) + натарыяльна завераны пераклад на ангельскую мову;
- дадатак да дыплома (арыгінал на рускай / беларускай мове) + натарыяльна завераны пераклад на ангельскую мову;
- TOEFL ці IELTS (дакладныя патрабаванні па балах, неабходных для паступлення, пазначаны на сайце праграмы). Калі вы здавалі TOEFL, то вынікі павінны быць адпраўлены непасрэдна ETS па адрасе, пазначанаму на universityadmissions.se. Паклапаціцеся пра гэта загадзя, бо дастаўка з ЗША ў Швецыю ў сярэднім зойме 3-5 тыдняў, а дэдлайн падачы дакументаў – 1 лютага;
- апошняя старонка пашпарту.
Іншыя дакументы, якія патрабуе канкрэтная праграма, можна знайсці на сайце універсітэта. Часцей за ўсё гэта матывацыйны ліст, CV, рэкамендацыйны ліст, радзей – кароткі змест вашай дыпломнай працы.
Вынікі разгляду вашай заяўкі публікуюцца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка.
Рэкамендацыі па напiсаннi матывацыйнага ліста:
1. Матывацыйны ліст не павінны быць большы за 1 старонку. Для мяне гэта было самае вялікае выпрабаванне: навучыцца коратка выкладаць свае думкі. Але цяпер 1 старонка – гэта часта не пажаданне, а хутчэй патрабаванне да матывацыйных лістоў.
2. Не блытайце матывацыйны ліст і CV. Калі пішаце пра тое, дзе вы працавалі / вучыліся, то не расказвайце пра ўсе вашы абавязкі ці пра курсавыя / дыпломныя. Сканцэнтруйцеся на тым, як гэты вопыт паўплываў на ваша жаданне навучацца на абранай магістарскай праграме. Акрамя таго, пакажыце, якія атрыманыя веды вы жадаеце паглыбіць, а таксама якія навыкі вы жадаеце набыць (падрабязна разглядзiце курсы праграмы і знайдзіце 1-2 тэмы, якія вам найбольш цікавыя, ды патлумачце чаму).
3. Самоа галоўнае ў вашым матывацыйным лісце – як вы плануеце прымяніць атрыманыя ў шведскай ВНУ веды ў будучыні. Напрыклад, вы марыце быць архітэктарам. Разглядзiце курсы праграмы, знайдзіце штосьці асаблівае, напішыце, як канкрэтныя веды, атрыманыя ў межах гэтай праграмы, дапамогуць вам дасягнуць гэтай мэты. У сваім лісце вы павінны гучаць вельмі ўпэўнена.
Падача заяўкі на стыпендыю
Пасля таго, як вы падалі дакументы ва ўніверсітэт, справа за падачай заяўкі на стыпендыю. Стыпендыя, на якую могуць падавацца беларусы, называецца Visby Programme Scholarship. Яна пакрывае плату за навучанне ў ВНУ, забяспечвае грант у памеры 9000 шведскіх кронаў на месяц, прадастаўляе 5000 крон на транспартныя выдаткі і страхоўку на ўвесь перыяд навучання. У 2018 годзе падача заяўкі адбываецца з 2 па 9 лютага на сайце applications.si.se, дзе вы павінны зарэгістравацца.
Дакументы, якія трэба запампаваць да 9 лютага:
- матывацыйны і рэкамендацыйны лісты, складзеныя па ўзоры Шведскага інстытута (шаблоны публікуюцца ў снежні);
- CV па шаблоне Europass.
Акрамя таго, звярніце ўвагу, што гэтая стыпендыя распаўсюджваецца не на ўсе магістарскія праграмы ў Швецыі. Спіс праграм, на якія вы можаце падаць заяўку на стыпендыю, таксама апублікаваны на старонцы Visby Programme Scholarship.
Спіс стыпендыятаў публікуецца на сайце Шведскага Інстытута 5 красавіка.
Рэкамендацыі па падачы заяўкі на стыпендыю:
1. Матывацыйны ліст для падачы заяўкі на стыпендыю заўсёды мае выразную структуру – звычайна гэта пэўныя пытанні. Найбольш важнае з іх – якія перспектывы для развіцця існуюць у вашай краіне і як вы можаце дапамагчы ў іх дасягненні пасля таго, як атрымаеце неабходныя веды пасля навучання ў Швецыі. Гэтае пытанне звязана з тым, што стыпендыяты павінны займаць актыўную лідарскую пазіцыю ў грамадстве і імкнуцца зрабіць унёсак у развіццё сваёй краіны. Вам трэба будзе абраць з прапанаванага спісу адну тэму і растлумачыць, чаму вы лічыце яе важнай для вашай краiны. Напрыклад, я абрала “навакольнае асяроддзе” і патлумачыла, што мяне цікавіць развіццё міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. У межах маёй праграмы ёсць курсы, прысвечаныя гэтай тэме. Гэтым быў абумоўлены мой выбар.
2. CV павінна быць кароткім, але неабавязкова на адну старонку. Гэта свайго роду “акадэмічнае” CV, дзе вы можаце, напрыклад, пазначыць асноўныя дысцыпліны (2-3 асноўныя курсы), пералічыць рэлевантныя абавязкі на вашай працы (калі ў вас ёсць прафесійны досвед). Важным аспектам з’яўляецца валанцёрская дзейнасць. Вельмі добра, калі ўжо былі валанцёрам для нейкай арганізацыі. Калі нічога адразу на розум не прыходзіць, то ўспомніце, дапамагалі ці вы калі-небудзь у падрыхтоўцы нейкага мерапрыемства ва ўніверсітэце, ці займаліся дызайнам постэраў, пісалі артыкул для ўніверсітэцкай газеты і г.д. Усё гэта можа лічыцца валанцёрствам, калі выконвалася без атрымання грашовай узнагароды.
3. Пажадана, каб рэкамендацыйны ліст быў напісаны прафесарам / кіраўніком, які ведае вас дастатковую колькасць часу. Гэта можа быць навуковы кіраўнік дыпломнай працы. Рэкамендацыйны ліст для Visby Scholarship Programme мае фармат пытанняў. Напрыклад, як, на думку вашага прафесара, дадзеная стыпендыя паспрыяе вашаму прафесійнаму / навуковаму развіццю. Таксама неабходна ацаніць ваш лідарскі патэнцыял (лепей прывесці канкрэтныя прыклады).
Калі ў каго-небудзь узнікнуць дадатковыя пытанні па працэсу паступлення ў шведскі універсітэт, я буду рада адказаць на іх (адрас маёй электроннай пошты dianakatyolkina@gmail.com).
Поспехаў!