Як я кінула ўніверсітэт і пачала новае жыццё

  • 498
  • 14.08.2015
  • Блог
  • Здымак: Ліза Гоцманава

Ліза Гоцманава

Мяне Завуць Ліза, мне 18 гадоў, я кінула ўніверсітэт і пераехала ў Санкт-Пецярбург.

Як я адважылася кінуць універсітэт?

Выбраць, куды паступаць, мне дапамагалі бацькі, бо я не ведала, чаго хачу, кім хачу стаць. Паступіла на факультэт «Эканоміка і кіраванне», спецыяльнасць «Сусветная эканоміка».

Пасля першай сесіі я зразумела, што эканоміка – гэта не маё. І пачала думаць, чаго хачу ў жыцці, кім хачу быць і што рабіць з універсітэтам. Пошукі сябе доўжыліся паўгады. Я зразумела, што тэмы здароўя, харчавання, экалогіі ды псіхалогіі – вось што мяне прыцягвае і чым я хачу займацца.

У канцы траўня я вырашыла ўзяць акадэмічны адпачынак. З гэтай ідэяй бацькі мяне не падтрымалі. Яны былі супраць. Было шмат сварак, папрокаў, але я вырашылася і зрабіла гэта. У мяне была падтрымка ад сяброў, яны не давалі мне ўпасці духам і ўсё кінуць. Бо жыццё ў нас адно і не варта марнаваць яго на тое, што зусім не падабаецца.

Вядома, акадэмічны адпачынак я ўзяла хутчэй для бацькоў, а не для сябе. Я ведаю, што не вярнуся, гэта было б па-дурному і не выгодна. І мае бацькі разумеюць, што я не вярнуся, але яны ўсё яшчэ спадзяюцца на гэта.

Акадэмічны адпачынак і праца

Як толькі выйшла ў акадэмку, я пайшла шукаць працу.

Знайсці яе ў Гродне не ўдалася. Але можа таму, што шукала ўсяго толькі тыдзень. Зразумела, што 18-ці гадовай, з сярэдняй адукацыяй складана знайсці працу, і я вырашыла пераехаць у Санкт-Пецярбург.

Я ўжо тут месяц, працую афіцыянткай ў італьянскім рэстаране. Нягледзячы на ўсе праблемы, якія ўзнікаюць тут, я адчуваю сябе шчаслівай: жыву ў самым прыгожым горадзе, мяне атачаюць блізкія і дарагія мне людзі. У наступным годзе збіраюся паступаць у дзяржаўны універсітэт на дыетолага.

Я вельмі часта задумваюся, ці правільна я паступіла. Але зараз я адчуваю сябе нашмат больш шчаслівай, у мяне няма тых дэпрэсій, апатыі, дрэннага настрою, я не самотная – і гэта дае мне зразумець, што зрабіла я правільна.

Парады

Тым, хто, як і я, стаіць на раздарожжы перад выбарам навучання, працы ці новага месцажыхарства, я раю выслухоўваць усе парады, аналізаваць усё, але рабіць так, як гэта лічыш сам. Перад тым, як выбіраць нешта, трэба добра падумаць, папытаць тых, хто скончыў або вучыцца па гэтай спецыяльнасці. Я доўгі час хацела стаць псіхолагам, але потым паразмаўляла па скайпе з дзяўчынай, якая скончыла ўніверсітэт ды папрацавала псіхолагам, і зразумела, што  не хачу, каб псіхалогія была маёй асноўнай прафесіяй. І калі зусім не ведаеш кім хочаш быць – прайдзі які-небудзь прафарыентацыйны тэст, і ўжо потым адштурхвайся ад вынікаў.