“Раней таксама думаў, што немагчыма”. Выпускнік мінскай гімназіі Максім Багдановіч паступіў у Гарвард
- Час чытання: 5 хвілін
Выпускнік мінскай гімназіі №4 Максім Багдановіч паступіў у Гарвард. Восенню пазамінулага года ён здаў амерыканскія экзамены (на выдатна), прайшоў інтэрв’ю (бліскуча) і атрымаў запрашэнне ад аднаго з лепшых універсітэтаў свету. Яго гісторыю распавядае беларускі партал TUT.BY.

Максім Багдановіч, 17 гадоў. Сваёй кнігі яшчэ не напісаў, але любіць чытаць чужыя. 40 адсоткаў часу размаўляе на беларускай мове, у астатні — на ангельскай і рускай
— Толькі можна не факусаваць увагу на мне? — просіць Максім, калі пагаджаецца на інтэрв’ю. — Хацелася б паказаць іншым, што гэта магчыма, і натхніць кагосьці, а не распавядаць пра сябе. Я ж не ўнікальны.
«Неўнікальны» Максім Багдановіч вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі № 4 горада Мінска. Вершы не піша, але паэзію шануе. Асабліва «Пагоню» — любімае з творчасці свайго цёзкі і з усяго белліту.
— Верш круты, імпануе гэтай падлеткавай рамантычнасці. Не скажу, што я рамантык, але настрой верша вельмі сугучны з тым, што адбываецца ў маім узросце.
Сустрэцца Максім прапануе ў Пушкінскай бібліятэцы, дзе ён рыхтаваўся да амерыканскіх іспытаў. Тут ён — амаль легенда, якую пакуль не пазнаюць у твар.
— А вы ведаеце, што хлопчык з чацвёртай гімназіі паступіў у Гарвард? — звяртаецца да яго чытач з сівой барадой. — Наконт гэтага гутарыць будзеце?
— Ну-у-у, так, пэўна, — бянтэжыцца Максім.
— То, можа, гэта ты і ёсць?
— Ну, так.
— Ты? Шуткуеш ці на самой справе? — разгублена глядзіць на яго незнаёмец.
Максім ніякавее, але ўсміхаецца.
Прозвішчам хлопец абавязаны бацьку, імем — бабулі.
— Бабулі вельмі падабалася імя Максім. Яна прапанавала, і ўсе пагадзіліся. Хаця з дзяцінства думаў, што маму бянтэжыла сугучнасць з біяграфіяй пісьменніка. Але нядаўна высветліў, што яна нармальна ставілася да імені. Таму нічога асаблівага ў гэтай гісторыі няма.
— Вялі ўлік, колькі разоў пры знаёмстве людзі рабілі здзіўлены твар: «Максім Багдановіч»?
— Спачатку мне нават падабалася, было смешна. Асабліва настаўнікі ў пятым класе дзівіліся: «Арцімовіч. Наступны Багдановіч. Багдановіч?!» Амаль пры кожнай сустрэчы незнаёмцы падкрэсліваюць, што я цёзка беларускага паэта. Але прызвычаіўся, таму зараз не звяртаю ўвагі.
Да іспытаў рыхтаваўся па відэа ў Youtube. Па агульным тэсце SAT атрымаў 1540 балаў са 1600
Яшчэ год таму на пытанне «Кім ты бачыш сябе праз год?» Максім Багдановіч упэўнена сказаў бы: «Студэнтам медыцынскага ўніверсітэта». Хлопец збіраўся паступаць на фармацэўтычны факультэт і нават не думаў з’язджаць за мяжу.
— У мяне ніколі не было зневажальнага стаўлення да беларускай адукацыі і жадання абавязкова з’ехаць адсюль. Проста так атрымалася.
Каб так атрымалася, Максім вывучыў англійскую мову, на выдатна здаў чатыры экзамены, напісаў пераканаўчае эсэ і ўпэўнена прайшоў інтэрв’ю з прадстаўніком Гарвардскага ўніверсітэта. Да іспытаў Максім рыхтаваўся пераважна сам – па кансультацыю і дапамогу рэпетытара звяртаўся ўсяго чатыры разы.
— Амерыканскія тэсты нашмат цікавейшыя за ЦТ. Само адчуванне ад падрыхтоўкі зусім іншае. Калі ЦТ — гэта маркота, а кожная гадзіна — прымус, то тут было вельмі цікава. Шмат, напрыклад, рыхтаваўся па відэа, якія знаходзіў у Youtube. Таксама адкрыў для сябе цудоўны сайт khanacademy.org. Калі б гэта было сумна, я не займаўся б.

«Мне падабаюцца кнігі, атмасфера. Сюды можна прыйсці, нібы ў антыкавярню, з кімсьці сустрэцца і папрацаваць», — распавядае пра любоў да Пушкінскай бібліятэкі Максім Багдановіч. Кожную нядзелю ён хадзіў на заняткі па падрыхтоўцы да экзамену SAT
Да паступлення ў Гарвард амерыканскія школьнікі рыхтуюцца ледзь не з дзіцячага садку. У Максіма на гэта сышло 6−7 месяцаў. У выніку — міжнародны тэст па англійскай мове TOEFL ён здаў на 109 балаў са 120, агульны экзамен SAT — на 1540 са 1600, экзамен па хіміі — на 790 з 800, па біялогіі — на 760 з 800. А вось вынік па матэматыцы Максім не помніць.
— Мне вельмі пашэнціла з настаўнікамі. Усё, што я ведаю, — з таго, чаму сам навучыўся і што мне дала школа. У нас, канешне, шмат праблем у адукацыі, але на сваім досведзе ўпэўніўся: ёсць настаўнікі, якія даюць моцныя веды, з якімі можна паступіць нават у Гарвард.
Апроч гэтых вынікаў, Максім падаваў выпіску школьных адзнак, эсэ, тры рэкамендацыі ад настаўнікаў і апісваў свае пазашкольныя захапленні.
Пра тое, што ён вучыўся ў музычнай школе адразу на двух інструментах, пісаць не варта, кажа Максім. А вось пра тое, што займаўся фехтаваннем, — дазваляе: гэтае захапленне дапамагло яму пры паступленні.
— Пункт, звязаны з заняткамі па-за межамі школы, дапамагае ўніверсітэту зразумець, хто ты такі. Таму ён вельмі важны, не менш за іншыя. У адрозненні ад беларускіх вну, амерыканцам важна стварыць гарманічныя ўмовы, каб на кампусе жылі і вучыліся разам людзі з розных культур, якія будуць дапамагаць табе расці.
Нягледзячы на процьму выдаткаваных сіл і часу, ажно да студзеня паступленне ў ЗША Максім лічыў проста спробай. Да магчымай няўдачы ён ставіўся лёгка. Бацькі не вельмі падтрымлівалі яго ідэю і не асабліва цікавіліся працэсам. Падрыхтоўкай дакументаў ён займаўся сам, без падказак з чыйго-небудзь боку.
— Падаваў дакументы з думкай: «Жывем адзін раз. Калі не зраблю гэтага зараз, то пасля магчымасці не будзе». Так, заяўка забірае шмат часу і працы, аднак пасля вы будзеце адчуваць сябе супермэнам.
Калі Максіма запрасілі на інтэрв’ю, яго няўпэўненасць у поспеху захісталася.
— Спачатку мне патэлефанавалі з Прынстанскага ўніверсітэта. Інтэрв’ю з ім прайшло нармалёва, але не вельмі: калі яно скончылася, столькі харошых думак прыйшло ў галаву! З Гарвардам атрымалася інакш. Замест стандартнай паўгадзіны мы размаўлялі 70 хвілін. Пра кнігі, антрапалогію, сітуацыю ў Беларусі. Распавядаў, як выступаў на канферэнцыях па гісторыі. Былі пытанні пра сям’ю, мае цікавасці. Адчуванне было касмічным.
«Галоўнае, каб бацькі і вучні адразу не адкідвалі магчымасць з-за таго, што гэта нерэальна»
У адзін з апошніх дзён сакавіка Максім прачнуўся, адкрыў электронную пошту і знайшоў у ім пісьмо з запаветным «Congratulations!». Ад радасці пачаў тэлефанаваць сябру і крычаць у трубку нешта неразборлівае.

У лісце, які даслалі Максіму, адным з пунктаў, чаму яго ўзялі, гаварылася: «Мы цэнім вашы намаганні па захаванні беларускай культуры і мовы»
— Бацька сказаў: «Супакойся». Гэта было… — Максім, здаецца, у дэталях помніць той дзень. — Твой сын паступіў у Гарвард, і першае, што ён кажа: «Супакойся»? Маці сказала: «Сур’ёзна? Правер яшчэ раз! Ты правільна пераклаў? Правер!»
Наогул, маме, кажа Максім, ідэя паехаць у заакіянскія далі спадабалася не вельмі: хвалюецца, бо ён там будзе адзін. Сам Максім Багдановіч гэтага не баіцца.
— Я ўдзячны бацькам. На працягу ўсяго жыцця яны стваралі ўмовы, каб я мог займацца тым, што мне цікава. У іх не было ідэі-фікс: «Мой сын мусіць быць музыкам ці навукоўцам, таму не выйдзе са свайго пакоя, пакуль не дапрацуе». Не. Ніколі не было спрэчак у сям’і. Адна справа нешта вывучаць, калі ў тваёй сям’і ўсё добра, і зусім іншая, калі вы прыходзіце дадому і не хочаце там быць. Мне вельмі пашэнціла.
Бацька Максіма працуе тэрапеўтам у паліклініцы, маці — спецыялістам у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці.
— Менавіта яны прывялі мяне на фехтаванне, яны далі сродкі на экзамены. Наогул, тэсты абышліся ў суму каля 1000 даляраў. Гэта не тыя грошы, якія бацькі могуць проста даць са словамі: «Ідзі паспрабуй, можа, нешта і атрымаецца». Так, я пайшоў на рызыку. Затое цяпер маю поўнае фінансаванне сваёй вучобы і пражывання, а гэта 80 тысяч даляраў на год. Я сам доўга лічыў: паступіць нерэальна. У мяне нават блок быў на гэты конт. Цяпер я хацеў бы сказаць: галоўнае, каб бацькі і вучні, якія разглядаюць гэтую магчымасць, не адкідвалі яе адразу з-за таго, што гэта немагчыма. Магчыма!
27 жніўня ў Максіма пачнецца вучоба ў прэстыжным універсітэце і новае жыццё за акіянам. На працягу будучых чатырох гадоў ён плануе вывучаць нейрабіялогію.
— Раней я не разглядаў карьеру вучонага як магчымую для сябе. У Беларусі навукоўцам быць складана. А зараз усё больш думаю пра гэта. Мае прафесійныя мары хутка змяняюцца. Я ведаю толькі тое, што нічога не ведаю. Але ж мне вельмі хочацца працаваць ў той сферы, якая мне сапраўды цікавая і ў якой я магу прыносіць карысць. Зараз, напрыклад, я гляджу розныя відэа, як ракавыя клеткі перастаюць быць ракавымі. Праз пэўны час, магчыма, цікавасць зменіцца. Галоўнае — я хачу прыносіць карысць гэтаму свету.