Рая Вагнер: “Чаму так мала беларусаў размаўляюць на роднай мове?”
- Час чытання: 5 хвілін
- 09.05.2018
- Блог
- Здымкі з архіву гераіні
Рая Вагнер – 19-гадовая жыхарка нямецкага Гамбурга. З кастрычніка 2017-га года з’яўляецца валанцёркай у ГА “Цэнтр “Трэці сектар” у Гародні. Дзяўчына распавяла пра тое, як адчувае сябе ў нашай краіне і падзялілася думкамі наконт падабенстваў ды адрозненняў беларускага і нямецкага менталітэтаў.
Перад тым, як прыехаць валанцёрыць у Беларусь, ці займалася ты нечым кшталту працы ці вучобы?
Так, на той момант я скончыла старэйшую школу. Паколькі мне хацелася правесці «gap year» ці валанцёрскі год, я пачала шукаць праекты. У Гамбургу ці недзе непадалёку не атрымалася знайсці магчымыя варыянты, якія б мне пасавалі. І раптам я натрапіла на валанцёрскі праект у Беларусі, які выклікаў цікавасць. Падумалася: а чаму б не паспрабаваць?
Ці памятаеш той момант ці перыяд жыцця, калі ты вырашыла падацца менавіта на гэты EVS-праект?
Так, я памятаю, крыху баялася, што не патраплю на гэты праект, бо дагэтуль я ўжо падавалася на некаторыя праграмы ў Гамбургу, а таксама ў Ірландыю. Але атрымала хуткі адказ з Беларусі. І вось я тут.
Шчыра кажучы, я выбірала не столькі краіну, колькі парект. Мноства іншых праграм былі звязаныя з працай з дзецьмі ў садках ці з нечым сумежным. Я зусім не супраць такой дзейнасці, але не ўпэўненая, што мне хацелася б займацца гэтым працяглы час. А тут, у Гародні, я раблю тое, што мне вельмі даспадобы: выкладаю нямецкую і англійскую мовы, ладжу воркшопы.
Не многія заходнія еўрапейцы, на жаль, шмат чаго ведаюць пра нашу краіну, а то і зусім не ўяўляюць сабе, дзе яна знаходзіцца…
Так і ёсць. Некаторыя з маіх сяброў, калі пачулі, што я збіраюся ехаць валанцёрыць у Беларусь, не ведалі пра яе. Памятаю, як з’явілася думка: “Хм, гэта новая для мяне краіна, іншая культура і мова. Трэба паспрабаваць!”.
У Германіі мала хто дагэтуль называе краіну «Belarus», назва «Weißrussland» усё ж больш распаўсюджаная. Мы ўвогуле не так многа чуем пра Беларусь. Ведаем, што некалі краіна была ў складзе Расіі і СССР. Праз тое, што Беларусь у немцаў часцей за ўсё асацыюецца менавіта з Расіяй, ёсць стэрэатып, што тут кожны дзень п’юць водку. Яшчэ ў Германіі дагэтуль існуе думка, што многія беларускія жанчыны, як і рускія, шукаюць магчымасці знайсці багатага мужчыну-замежніка. Мабыць таму яны імкнуцца шыкоўна апранацца і хадзіць на высокіх абцасах і ў тонкіх калготах нават зімой.
Таму ў асноўным мы маем уяўленне пра Беларусь амаль такое ж, як і пра Расію. Нават людзі тут размаўляюць па-руску.
Дарэчы, на тваю думку, што можна зрабіць, каб выправіць такую сітуацыю з двухмоўем у Беларусі?
Ох, гэта складанае пытанне. Я была крыху разгубленая, калі напачатку праекта тут мяне спыталі, якой мовай я б хацела пачаць займацца: рускай ці беларускай. Я ж у Беларусі! Лагічна было б вывучаць менавіта беларускую мову. Але чаму так мала беларусаў размаўляюць на роднай мове? З аднаго боку, у кантэксце глабалізацыі больш практычна карыстацца мовай, на якой гутарыць мноства людзей, у тым ліку з краін-суседак. Але мне здаецца значна больш важным захоўваць сваю ідэнтычнасць і культуру, а не асімілявацца з іншай.
А як ты ацэньваеш узровень валодання англійскай мовай беларусаў?
Я адзначыла, што значная частка беларускай моладзі мае базавыя веды мовы. Многія дэманструюць бегласць пры гутарцы. Але аднойчы ў Мінску на чыгуначным вакзале я звярнулся ў турыстычны офіс, але на маё пытынне “Do you speak English?” я атрымала адмоўны адказ па-руску. Гэта ж турыстычны офіс! Дзіўна. Але трэба сказаць, што на памежным кантролі заўсёды быў нехта, хто размаўляе па-англійску. Таму не было ніякіх праблем.
Раскажы крышку пра свае штодзённыя абавязкі як валанцёркі. Як звычайна праходзіць твой дзень? Як бавіш час вольнымі вечарамі ў Гародні?
Большасць маіх заняткаў прыпадаюць на вечар, таму ў мяне даволі шмат вольнага часу ў першай палове дня. Тройчы на тыдзень у мяне заняткі, на якіх я вывучаю рускую мову. Два разы на тыдзень я арганізоўваю размоўны клуб нямецкай мовы і адзін – клуб англійскай мовы. Таксама я ладжу разнастайняя воркшопы і займаюся невялікімі мерапрыемствамі кшталту «Жывой бібліятэкі».
Што тычыцца адпачынку, праводжу час амаль што так, як і з сябрамі ў Гамбургу. Сустракаюся са знаёмымі, з іншымі валанцёрамі ці людзьмі, якія ў нас навучаюцца. Разам наведваем выставы, імпрэзы, бавім час за гутаркамі ў кафэ ці барах.
Табе даводзіцца праводзіць шмат часу, непасрэдна камунікуючы з беларусамі. Якое ўражанне ў цябе склалася пра іх? Ці значна адрозніваюцца беларусы ад немцаў?
Прыемна бачыць пазітыўную рэакцыю людзей, калі яны чуюць, што я магу крыху падтрымліваць гутарку ці проста кажу “спасибо” па-руску. Людзі заўсёды рады падказаць і нешта параіць.
А наконт адрозненняў… Па-першае, я адзначыла, што беларусы ў пераважнай большасці з’яўляюцца індывідуалістамі. Вельмі часта яны робяць нешта самастойна, не просячы дапамогі. Па-другое, беларусы ў значна большай ступені, чым жыхары Германіі, арыентаваныя на сям’ю. Гэта, наколькі я заўважыла, адзін з вашых галоўных прыярытэтаў. А яшчэ беларусы любяць займацца працай на зямлі, з задавальненнем вырошчваюць сваю садавіну і гародніну. Я лічу, што гэта вельмі класна!
Было нешта такое, што цябе абурыла, калі ты прыехала сюды? Штосьці, што ты не разумееш ці не прымаеш.
Нейкі час я не магла звыкнуцца з сітуацыяй, калі, напрыклад, ты стаіш у супермаркеце ў доўгай чарзе, якая ледзьве рухаецца, а касір раптам устае і ідзе шукаць цэннік тавара ў гандлёвай залі. Такое амаль немагчыма ўявіць у Германіі. Таксама адзначу, што гендэрныя стэрэатыпы тут даволі выразныя. Дагэтуль памятаю выпадак, калі пасля правядзення заняткаў па нямецкай мове я хацела аднесці невялічкі стол назад у памяшканне, дзе ён стаяў. Адна сталая жанчына заўважыла гэта і спыніла мяне фразай: “Не-не-не, пакінь яго, табе нельга такое цягаць, ты ж будучая маці!”. Я была ўшчэнт збянтэжаная, бо я ж маладая дзяўчына, здольная сама аднесці гэты столік.
Мяне здзівіла, што хлопцы тут не вітаюцца з дзяўчынамі за руку. Неяк я апынулася ў кампаніі хлопцаў, якія паціснулі адзін адному рукі, ігнаруючы маю працягнутую далонь. У Германіі, калі ты ўпершыню сустракаеш людзей, ты вітаешся поціскам рукі. А тут я так і не зразумела, што рабіць дзяўчыне: проста кіўнуць?
Не магу абысці пытанне пра тое, якія твае ўражанні ад беларускіх прадуктаў?
Спачатку ў мяне былі некаторыя праблемы з набыццём прадуктаў у магазінах праз маё няведанне кірыліцы. Прыходзілася здагадвацца, што менавіта я купляю, мяркуючы толькі па ўпакоўцы. Аднойчы я набыла малако, але дома, пакаштаваўшы яго, зразумела, што гэта быў кефір. У вас ёсць смачныя рэчы кшталту згушчанага малака, пра якое мая маці ведае яшчэ з савецкіх часоў. Я не трапляла на такое ў Германіі.
Ці спраўдзіліся твае чаканні-спадзяванні наконт твайго знаходжання ў Беларусі?
Насамрэч, усё нават лепей за тое, што я прыблізна чакала ад паездкі сюды. Тут нават не так ужо і халодна! Амаль што як ў Германіі, я б сказала. Гэта, напэўна, яшчэ адзін стэрэатып пра вашу краіну. Бо дома казалі: “Будзь гатовая да -30!”. Але галоўнае, што робіць гэты праект такім класным, – гэта, безумоўна, людзі. Ветлівыя, шчырыя і заўсёды гатовыя дапамагчы. Да каго б ты ні завітаў, усюды гасцінныя беларусы прапануюць кубачак гарбаты.
Што павязеш дадому з Беларусі?
Беларускія цукеркі і зефір. Магчыма, перад ад’ездам прыхаплю з сабой сувеніры з беларускай сімволікай. І яшчэ абавязкова вазьму з сабой у Германію некалькі цікавых рэцэптаў беларускіх страў! Дарэчы, у нас ёсць нешта падобнае да традыцыйных беларускіх дранікаў, толькі мы ядзім іх звычайна з яблычным мусам, часам дадаючы карыцу і цукар.
Тры твае парады тым, хто плануе наведаць Беларусь?
Пакаштаваць лакальную ежу, шмат шпацыраваць, бо гэта найлепшы спосаб пазнаёміцца з новым месцам. А яшчэ – абавязкова праехацца ў іншы горад на начным цягніку. Гэта круты досвед!