Разняволіць мысленне праз творчасць: як працуе праект ARTboat
- 13.12.2016
- Блог
Колькі разоў вам шанцавала ўбачыць таямніцы ўнутранага свету творчых людзей? Такі цуд нядаўна здарыўся са мной: знаёмства з Наталляй Валадзько – стваральніцай праекта ARTboat – вырашыла мой лёс. ARTboat пачынаўся як фінальны праект Наташы ў межах The Benjamin Franklin Transatlantic Fellows Summer Institute for Youth ў Wake Forest University (NC, USA). Зараз ARTboat прадстаўлены камандай з адзінаццаці чалавек, кожны з якіх працуе дзеля ідэі і яе ўвасаблення ў жыццё. Ужо на працягу 3 месяцаў яны дапамагаюць школьнікам з розных гарадоў рэалізоўваць іх смелыя мары ў жыццё.
Што робіць ARTboat?
ARTboat стварае пляцоўку для самавыражэння і плённай дыскусіі, якая закранае актуальныя для сучаснага свету пытанні. Праект сцірае межы паміж жыццём і творчасцю. ARTboat выступае за свабоду выказвання думкі, павагі і талерантнасці. Увесь праект пабудаваны на энтузіязме тых, хто гатовы прысвяціць свой час мастацтву і грамадству. У дыскусіі і мастацтве ARTboat бачыць шлях да ўстойлівага развіцця, пры гэтым факусуючыся на галоўных культурных, сацыяльных, навуковых і экалагічных праблемах.
Чым каманда займаецца на мерапрыемствах?
ARTboat ўключае ў сябе тры напрамкі (Word, Hand і Body), кожны з якіх прадстаўлены энтузіястамі, адказнымі за розныя віды творчасці, у тым ліку аратарскае майстэрства, slam poetry, малыя літаратурныя жанры – напрамак Word; графіку, жывапіс, дызайн, DIY – кірунак Hand; імправізацыю, сцэнічнае майстэрства, stand-up мастацтва, стварэнне замалёвак – кірунак Body. Такім чынам, магчымасць праявіць свой талент ёсць у кожнага!
Чаму ARTboat працуе на школьных пляцоўках?
ARTboat працуе ў сферы нефармальнай адукацыі, якая становіцца больш папулярным сродкам для атрымання новых ведаў і практыкі. Фармат мерапрыемства максімальна адаптуецца пад кожнага ўдзельніка. Падчас праекта вучні атрымліваюць досвед у творчых мерапрыемствах, маюць свабоду для дыскусій, самавыражэння і магчымасці “распавесці сваю гісторыю”. Адначасова кожны развівае крэатыўнасць у розных напрамках.
У якіх месцах праводзіўся ARTboat?
Першым месцам прыбыцця лодкi, поўнай творчасці, стаў горад ліхтароў – Брэст. Мерапрыемства ладзілася 22 кастрычніка на пляцоўцы Гімназіі №5. На працягу 3-х гадзін хлопцы і дзяўчаты актыўна дыскутыравалі, удзельнічалі ў цімбілдзінгу, ажыўлялі гісторыі цэлых серый малюнкаў.
Другі раз сустрэча каманды ARTboat са школьнкіамі адбылася 4 снежня на пляцоўцы Гімназіі №1 у Гродна. Тэма мерапрыемства была прысвечана знакам. Уражанні каманды і ўдзельнікаў праекта пераўзышлі ўсе чаканні…
Лодка імкліва ляціць па хвалях, а мы накіроўваемся далей і будзем распавядаць пра новыя шляхі па акіяне творчасці.