Рэцэпт шчасця па-фінску
- Час чытання: 5 хвілін
“Рэцэпт шчасця па-фінску – жыць у цяперашнім моманце і канкураваць толькі з сабой,”– так характарызуе жыццё ў Фінляндыі Наста Глінская, што вучыцца там зараз па праграме Эразмус.
Навучанне ў Фінляндыі – цудоўны досвед пазнаёміцца з новай культурай, а таксама атрымаць доступ да адной з самых гнуткіх сістэм адукацыі, паспрабаваць курсы, якія цікавяць, і выхаваць у сабе навыкі самастойнай працы, а таксама – атрымаць час для самаразвіцця, бо адной з характэрных рысаў Фінляндыі лічыцца вялікая колькасць гадзін самастойнага навучання. Мы пагутарылі з Настай, якая зараз вучыцца па абмене ва ўніверсітэце Турку ў Фінляндыі.
Як ты апынулася ў Фінляндыі?
На філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта нас заахвочваюць удзельнічаць у розных міжнародных праграмах і часта дапамагаюць разабрацца з інфармацыяй. Я абрала самы лёгкі шлях – проста паглядзела на сайце ўніверсітэта адкрытыя конкурсы і пачала збіраць дакументы на праграму «Erasmus» у Фінляндыю.
Сама магчымасць павучыцца ў краіне з адной з лепшых адукацыйных сістэмаў у свеце натхняе і матывуе. За некалькі дзён я сабрала стандартны пакет дакументаў: выпіска з залікоўкі, план навучання, матывацыйны ліст і пасведчанне аб узроўні валодання англійскай мовай. Часцей за ўсё менавіта беларускі ўніверсітэт вырашае, хто з кандыдатаў паедзе.
За гадзіну да таго, як я даведалася, што абралі мяне, настаўнік па літаратуры расказваў нам пра Турку, горад дзе я вучуся ў гэтым семестры, а тады я ўжо не спадзявалася нават патрапіць на праграму. Пасля трэба збіраць дакументы ва ўніверсітэт за мяжой, але там было тое самае, што і на першым этапе.
Маё падарожжа ў Фінляндыю пачалося з Масквы, атрымання дазвола на пражыванне. Каб вучыцца ў Фінляндыі больш за 3 месяцы, неабходна атрымаць картачку Residence permit, дзеля якой і трэба было ехаць у Маскву (можноа падавацца праз Вільню і Санкт-Пецярбург).
Фінляндыя вядомая сваёй адукацыяй, асабліва школьнай, як адной з самый інавацыйных ў свеце. Ты запытвала фінаў, што яны думаюць пра школу, як узгадваюць свае школьныя гады?
Здаецца, навіна пра эфектыўнасць фінскай адукацыі яшчэ не дайшла да саміх фінаў. Яны не ведаюць, як у іншых краінах, і пытаюцца: “Ці гэта не паўсюль так?” Гэта парадаксальна, але як кажуць “пераможцы ніколі не канкуруюць”.
А як пабудавана сістэма навучання ва ўніверсітэце? Як ты абірала курсы для навучання?
Студэнты самі будуюць сваю праграму навучання. Гэта вучыць даросламу падыходу да вучобы, планаванню свайго часу і забяспечвае зацікаўленасць. Я не здзіўляюся, што фінскія студэнты ўкладваюць усю душу ў сваё навучанне. Акрамя гэтага студэнты заўсёды ведаюць, калі яны больш-менш маюць вольны час (напрыклад, у маей сяброўкі заняткі заканчваюцца ў пачатку мая) і могуць дазволіць сабе вандроўкі ці проста адпачынак.
Сама я абірала курсы, каб яны адпавядалі маёй праграме. Але тут ніхто на замінае ўзяць больш прадметаў, ці запісацца на моўныя класы (гэта бясплатна, каб толькі часу хапала!).
У мяне два курсы па французкай мове: агульны і бізнэс-курс. Агульны – там усе зразумела. Хочацца толькі адзначыць, што дамашняга шмат, але самі заняткі сфармаваны такім чынам, каб мы размаўлялі амаль што ўвесь час. На бізнэс курсе мы будуем свой бізнэс, вучымся рабіць прэзентацыі (выступалі нават перад гасцямі з Парыжа) і адказваць на пытнанні.
Яшчэ я маю курсы “Сучасныя літаратура на англійскай мове”, “Сімуляцыі і гульні ў адукацыі”, “Білінгвізм”, “Англійская мова для працы”.
Цікава, што выкладчыкі нават на лекцыях імкнуцца да дыялога з намі: задаюць пытанні, даюць час для дыскусіі. Мяркую, што для ўсіх студэнтаў сядзець і слухаць 1.5 гадзіны нават самую захапляльную лекцыю- сапраўднае выпрабаванне.
Што датычыцца майго факультэта – то гэта гуманітарны. Але гэта не ўплывае ні на што ў маім жыцці ў Фінляндыі, таму што тут дазваляюць браць курсы ўсіх напрамкаў.
Што ты робіш пасля заняткаў, якія ў цябе хоббі і захапленні? Можа, атрымалася паспрабаваць нешта новае, што ты ніколі раней не рабіла ў жыцці?
Фіны – вельмі спартыўны народ. Куды не паглядзіш, заўважыш бегуноў (нават у мінус 15!). Узімку я не магла стрымацца і таксама пачала гэта рабіць. Потым прачытала, што магу нашкодзіць здароўю, не ведаючы, як правільна, і зараз кожны дзень хажу ў зал: імкнуся не адставаць ад іх.
Відавочна, самае любімае месца для фінаў – гэта саўна. Нечым новым для мяне гэта не з’яўляецца, але купанне ў ледзяным возеры я паспрабавала толькі тут. Прычым, калі я толькі прыехала, дрыжыкі бралі ад гэтай думкі: думала, что ніколі гэтага не зраблю. Акультурызацыя!
Як ты наогул адчуваеш сябе ў Фінляндыі, што цябе больш за ўсё ўразіла?
Уразіла, што тут не надта холадна. А калі сур’езна, вельмі ўражвае узровень валодання англійскай мовай. Я яшчэ не зусім разабралася, што з імі робяць у школах, але гэта цуд. Калі я прыехала, я не ведала нават, як даехаць да кватэры. Таму як турыст, я адчуваю сябе вельмі камфортна.
На бытавым узроўні ніколі ў жыцці не забуду, як трэба разбіраць смецце. Тут проста не знойдзеш агульных сметніц, толькі для паперы, метала, кампосту, пластыку. Яны вельмі клапоцяцца пра прыроду, я імкнуся рабіць тое самае.
Пра ціхмянасць і сціпласць саміх фінаў існуе шмат жартаў. Гэта сапраўды так. Напрыклад, у фінскім аўтобусе можна пачуць усе мовы свету, акрамя фінскай. Бо людзі не спяшаюцца дзяліцца думкамі ў таким людным месцы. Але калі табе патрэбна дапамога, яны самі працягваюць руку. У адну суботу мы вярталіся дахаты з саўны, калі ўжо было цёмна, дзякуй Богу, нас падвезлі фіны.
Якая была твая асноўная мэта навучання за мяжой?
Планую звязаць сваё жыцце з адукацыяй, таму асноўнай мэтай было, вядома, адчуць атмасферу ведаў у лепшай краіне для аматараў адукацыі.
А ўвогуле навучанне за мяжой – той досвед, які змяняе светапогляд. Усе проста: новае месца і новыя людзі з розным бэкграўндам.
Фінская мова – яна якая? Ты спрабавала яе вучыць?
Так, спробы былі. Мяне ўразіла адсутнасць дыхатаміі пола – няма мужчынскага і жаночага ў мове. Калі правесці паралель з грамадствам, то адразу ўспамінаецца то, што 14 лютага – Дзень улюбеных – тут Дзень сяброў. Фіны не любяць дэманстрацыі пачуццяў у публічных месцах. Жанчыны не носяць высокіх абцасаў ці яркага макіяжу.
Як выглядае твой “звычайны” дзень у Фінляндыі? Ці ёсць нешта “незвычайнае” ў ім, асабліва, калі параўноўваць твой расклад дня ў Беларусі?
У Беларусі студэнты кожны дзень маюць мінімум 3 пары, наведваюць альма-матэр у вызначаны час і потым уначы паміраюць, працуючы над гарой дамашняга задання.
Самае незвычайнае тое, што тут не трэба кожны дзень сядзець ва ўніверсітэце з раніцы і да ночы. Я максімум маю 1-2 пары на дзень. Канешне, тут ніхто не можа сабе ўявіць вучобу ў суботу. Самыя вялікія дамашнія заданні – гэта праекты. Яны часта даюцца на групу і гэта робіць іх самымі прыемнымі. Мы сустракаемся ў бібліятэцы, п’ем каву і гутарым. Яшчэ калі-нікалі патрабуюць чытаць артыкулы і літаратуру, але яны ўсе свежанькія, так што ты нібы чытаеш навіны навуковага свету.
Нядаўна выйшла публікацыя, што фіны – самыя шчаслівыя людзі на Зямлі. Што ты думаеш на гэты конт? Ці адчываеш сябе шчаслівай ты сама?
О! Кожны дзень! Насамрэч кола маіх зносін складаюць у большасці міжнародныя студэнты, аднак я не пабачыла асаблівай розніцы ва ўзроўні шчасця паміж сабой і фінскімі аднагодкамі. Аднак магу адзначыць, што людзі больш сталыя адчуваюць сябе сапраўды больш шчаслівымі. Бо яны маюць самае лепшае – магчымасці вучыцца і займацца спортам, большыя заробкі і час з сям’ей. А калі людзям добра, твае сэрца падладжваецца пад гэты рытм шчасця.
Які “рэцэпт” шчасця па-фінску?
Па-першае, гэта адсутнасць стрэса. Як гэтага дасягнуць? Пазбягаць злосці і іншых негатыўных эмоцый. Ніхто тут не робіць вымоў, ніхто не лаецца, калі ты зробіш нешта не тое. Мы жывем сярод людзей, а яны робяць памылкі.
Па-другое, адмовіцца ад празмернасці і імкнуцца да балансу. Фіны не купляюць шмат непататрэбнасцяў, не спрабуюць зарабіць мільёны, не канкуруюць (толькі самі з сабой). Жыць камфортна ў моманце “зараз” – галоўнае правіла шчасця фінаў.