Румына-гісторыі


Добрага дня ці ночы (Buna)! Мяне завуць Даша, і я дасылаю румынскія вітанні (salutare) з Бухарэста.

2

Мая румынская гісторыя пачалася многа раней, калі ў 2012-м я 4 месяцы валанцёрыла па праграме ЕВС у адукацыйным летніку для дзяцей. Ці румынскае горнае паветра, ці пейзажы з авечкамі, ці ўсмешкавае трансільванскае жыццё ды маё насамрэч румынскае прозвішча так паўплывалі на мяне, што праз год, ужо скончыўшы ўніверсітэт у Мінску, я паехала ў Румынію яшчэ раз, каб зноў жа валанцёрыць з дзеткамі. Пасля тысяч гульняў і майстар-класаў з маленькімі румынчыкамі высокія пачуцці да авечак і краіны ўвогуле не толькі не прайшлі, а яшчэ больш умацаваліся. Думкі пра магістратуру ў замежным ўніверсітэце былі ў мяне даўно, а пад уплывам закаханасці ў Румынію, матэрыялізаваліся ў паўднёвым ад Мінску напрамку.

Куды

Пасля хуткіх збораў дакументаў (пра стыпендыю я выпадкова даведалася за тыдзень да дэдлайну) і доўгага чакання вынікаў, у верасні я апынулася ў Бухарэсце. У адрозненні ад Беларусі, дзе, у большасці, студэнты едуць у Мінск, у Румыніі ўніверсітэцкіх сталіц некалькі: Клуж-Напока (Cluj-Napoca), Яссы (Iasi), Цімішоара (Timisoara) і Бухарэст. У кожнай з іх знаходзіцца па некалькі вялікіх універсітэтаў (памерамі з БДУ) з мноствам розных факультэтаў, і выбар студэнтаў заўжды залежыць ад спецыяльнасці, па якой яны жадаюць навучацца. У мяне ж пасля двух гадоў валанцёрства з’явілася шмат сяброў, якія ў большасці жылі ў Клужы і Бухарэсце. Пасля доўгіх роздумаў, перамог апошні.

3

Мова

Нягледзячы на тое, што пасля двух летнікаў і тысячы дзетак з гульнямі, румынскую мову я дастаткова добра разумела і магла ўжываць у штодзённым жыцці, узровень быў усё ж такі недастатковы, каб вывучаць на ёй вытворчасць відэа і журналістыку. Праграма прапануе год падрыхтоўкі па вывучэнні мовы ў адным з універсітэтаў. Гэтай магчымасцю я і скарысталася. Румынскую я вывучаю у Бухарэсцкім палітэхнічным, дзе праходзіць адзін з курсаў мовы для замежнікаў. У маёй групе размаўляюць на грэцкай, украінскай, арабскай, фарсі, армянскай, туркменскай, гішпанскай; расказваюць пра тое, як у Эфіопіі робяць кафейныя цырымоніі, што ў Паўднёвай Амерыцы ніколі не бачылі сапраўднай навагодняй ёлкі і што інданэзійская – адна з самых простых моў свету. Румынская – з раманскай моўнай групы, так што калі вы ўжо ведаеце італьянскую, гішпанскую, партугальскую ці французскую, вывучаць яе будзе трошкі прасцей. Калі не, то пасля курсу па румынскай атрымаеце бонус у выглядзе разумення вышэйпералічаных.

Абяцаць, што вывучаць мову тут проста, не буду: у румынскай даволі складаная граматыка. Але пры дастатковым жаданні і намаганнях, свабодна размаўляць і разумець праз год яе можна. Каб палепшыць наш настрой пасля незразумелых правілаў, выкладчыкі расказваюць гісторыі пра студэнтаў, якія спачатку змагаліся з алфавітам, а пасля курсу паспяхова вывучаюць медыцыну і практыкуюцца ў шпіталях. Немагчымае магчыма.

Але каб не згубіцца ў новым горадзе на самым пачатку, вось вам беларуска-румынскі размоўнік Ганкі Барадзіной.

Студэнцкае жыццё

Апынуцца студэнткай года падрыхтоўкі па мове значыла для мяне вельмі змяніць стыль жыцця. Не таму, што ў іншай краіне, да гэтага я якраз была падрыхтавана. Самым цяжкім апынулася трансфармаваць звычайны расклад у беларускім універсітэце з 4-5 парамі на дзень, курсавымі і рэфератамі ды працамі пасля ў некалькі гадзін заняткаў на дзень і вольны час пасля. Менавіта наяўнасць апошняга, першы раз за шмат гадоў, і стала адным з самых цікавых маіх чэленджаў (я наўмысна ўжываю гэта слова з ангельскай. Значыць яно тое, што цяжка, але цікава. Як тая задачка ў школе, якую хочацца хутчэй вырашыць).

Планаваць свой вольны час – навык вельмі карысны ў жыцці. У выпадку замежнага студэнта, варыянтаў можа быць столькі, колькі працуе ваша фантазія. Каб вольны час апынуўся ў добрае веданне мовы пасля, можна засесці за кніжкамі. Іншы варыянт – вывучаць румынскую ад тых, хто размаўляе на ёй з дзяцінства. Вельмі карысным у маім выпадку стала валанцёрства у розных няўрадавых арганізацыях. Акрамя мовы (а працаўнікі і астатнія валанцёры ў большасці румыны, і ім заўсёды вельмі прыемна дапамагчы са складанымі правіламі і незразумелымі выразамі) і цудоўных людзей, якія потым сталі маімі добрымі сябрамі, прыемна кожны дзень увечары, перад тым як класціся спаць, ведаць, што акрамя пабачаных кніжак і падручнікаў, сёння ты зрабіла нешта вельмі карыснае і важнае. У маім выпадку арганізацыі, з якімі я працую, займаюцца нефармальнай адукацыяй з дзецьмі і моладдзю, а таксама дапамагаюць хворым дзеткам у адным з бухарэсцкіх шпіталяў. Але ўвогуле ў Румыніі вельмі многа няўрадавых арганізацый, і, калі вы вырашыце супрацоўнічаць з адной з іх, абавязкова знойдзеце тое, што будзе цікава менавіта вам: ад экалогіі да адукацыі, ад дзетак да дарослых.

Румынскае жыццё

Гэты параграф я б наўмысна заставіла зусім пустым. Дазнавацца пра іншую культуру праз чужыя вочы, напэўна, ці не самае нецікавае і кепскае, што можна зрабіць у новай краіне. Але магу даць некалькі парад: калі апыняцеся ў Румыніі, забудзьце ўсе тыя стэрэатыпы пра цыган і сабак, якія вы чулі раней. Расплюшчыце вочы і пабачце, што гэта вельмі прыгожая краіна, у якой можна з’ездзіць пагрэцца на сонцы на Чорнае мора, а на наступны дзень таптаць снег дзесьці ў Карпатах (менавіта такі летня-зімовы тур мы і зрабілі з маімі сябрамі перад Калядамі). Аматары архітэктуры знойдуць тут усё, пачынаючы ад старажытных замкаў (і не толькі Дракулы, але гэта іншая гісторыя) да будынкаў перыяду Чаўшэску (Парламенцкі палац, які з’яўляецца другім па памеры у свеце пасля Пентагону) і сучасных хмарачосаў. Пабачце і адчуйце, што румыны, па сутнасці, людзі, якія вельмі любяць жыццё, ведаюць, як насалоджвацца яго смакам і не клапаціцца пра дробязі. Што гэта вельмі шматнацыянальная краіна, з вялікімі этнічнымі супольнасцямі. І што дакладна: румыны вельмі любяць замежнікаў, асабліва калі тыя прыязджаюць з расплюшчанымі вачыма і ўсмешкамі на тварах.