Рызыкнуць і апынуцца ў Лодзенскім універсітэце: гісторыя Кацярыны


Шлях да вышыняў адукацыі ў Кацярыны Цыркінай пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. Тады яна паступіла ў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, праз пяць гадоў стаўшы адмыслоўцам у сферы прадпрымальніцтва і кіравання. Пасля з ёй здарыліся размеркаванне, аспірантура, праца ва ўніверсітэце — і падавалася, што ўсё працягне быць такім жа роўным і прадказальным, пакуль Кацярына (ці невыпадковая выпадковасць) вырашыла кардынальна змяніць сваё жыццё.

Сёння дзяўчына вучыцца ў Лодзенскім універсітэце па спецыяльнасці «Лагістыка», атрымоўвае стыпендыю рэктара за выдатныя вынікі ў вучобе і жыве з прыемным прадчуваннем, што з ёй здарыцца заўтра, калі яна зноў прачнецца і сустрэне новы дзень. Пра тое, як вырашыцца на адважны крок у невядомы свет і не апусціць рукі, нават калі паўсюль сыплюцца суцэльныя «не», у гэтым інтэрв’ю.

Кацярына Цыркіна

Ты мела цікавую працу, вучылася ў аспірантуры і выкладала ва ўніверсітэтах. Здаецца, усё як трэба. Якія абставіны ці людзі вырвалі цябе са звыклага кола і сказалі: «Трэба нешта мяняць»?

Невядомае заўсёды вабіць чалавека і заахвочвае на новыя подзвігі – думаю, менавіта таму я вырашыла змяніць вектар свайго жыцця. А яшчэ я ніколі не магла сядзець на месцы і заўсёды імкнулася ісці наперад. Люблю развівацца, ставіць перад сабой новыя мэты, набываць досвед і правяраць саму сябе ў дзеянні.

Валанцёрства (удзел у акцыі)

Валанцёрства і Каця

Як ты знайшла сваю першую праграму, стыпендыяткай якой ты, на жаль (ці ўжо на шчасце), не стала? Гэта была выпадковасць альбо мэтанакіраваны пошук?

Пра першую праграму я даведалася ад свайго сябра, які ў ёй удзельнічаў. Яна вельмі мяне зацікавіла. На падрыхтоўку да яе рыхтавалася паўгады. Ужо пазней, калі не стала стыпендыяткай, я мэтанакіравана пачала шукаць iншыя “шляхi”. Зусім выпадкова мне на вочы трапілася яшчэ адна стыпендыяльная праграма. Для ўдзелу ў ей трэба было за самыя кароткія тэрміны (каля двух тыдняў) перавесці дакументы на польскую мову, выбраць для сябе ўніверсітэт і падаць туды дакументы на паступленне. Апошняе выклікала ў мяне мноства праблем, таму што ні я, ні мае знаёмыя не ведалі працэдуры паступлення ў польскія ВНУ. Але выйсце ёсць заўсёды, як той казаў, гугл у дапамогу! У дадзены момант – дакладна не ведаю, на жаль, цi ўжо на шчасце, што я не стала стыпендыяткай гэтай праграммы, – з упэўненасцю магу сказаць, што менавiта пасля гэтага мае жыцце пачало змяняцца.

Можаш узгадаць, што перажывае чалавека, які не вытрымлівае конкурсу і атрымоўвае адмову?

Мяркую, што кожны перажывае гэта па-свойму… Хтосьці больш расстройваецца, хтосьці менш, хтосьці наогул не звяртае на адмовы нiякай увагi. На маю думку, гэта можна параўнаць, напрыклад, з тым пачуццём расчаравання, якое адчуваў кожны з нас у дзяцінстве, калi ты чагосьцi з захапленнем чакаеш, але ў выніку нiчога не атрымліваеш…

На Калядах ва Ўроцлаве

На Калядах ва Ўроцлаве

Як думаеш, чаму ты не прайшла сумоўе? Што на ім пытаюць і да чаго трэба сябе рыхтаваць?

З-за таго, што ты ніколі дакладна не ведаеш, чаго варта чакаць на падобных сумоўях, неабходна, у першую чаргу, вельмі добра валодаць тэмай, па якой будуць задаваць пытанні. Або калі вы ведаеце, што трэба будзе прывесці нейкія прыклады, то прыдумайце некалькі варыянтаў адказаў. У маім выпадку, галоўнай памылкай было тое, што я так доўга рыхтавалася да гэтага сумоўя, столькі ўсяго зрабіла… але ў самым канцы расслабілася і згубіла з-пад увагі некалькi важных рэчаў, на якіх трэба было абавязковазасяродзіцца. Ды яшчэ польскую мову я ведала не выключна. Згадзіцеся, што не кожны за паўгады будзе ў дасканаласці валодаць усімі прафесійнымі тэрмінамі.

Як не застацца на станцыі расчаравання і працягнуць абраны шлях?

Я прытрымліваюся такога правіла: нават калі ў вас нічога не атрымоўваецца, працягвайце працаваць над сабой. Гэты шлях абавязкова скончыцца тым фінальным прыпынкам, пра які вы марыце.

на самай вяршыні скалы атрымліваю асалоду ад сонейка

вандроўка ў Закапанэ

Зусім нечакана ты атрымала вестку аб залічэнні ў польскі ўніверсітэт. На роздумы і пераезды быў усяго тыдзень. Чаму ты вырашыла ўсё ж ехаць?

Напэўна, самым цяжкiм было прыняць рашэнне, таму што сумненнi ўсё-такі былі. Дзякуй бацькам і сябрам, якiя мяне падтрымалi. І я заўжды была ўпэўнена, што адукацыя за мяжой здольная пашырыць уласныя асобасныя гарызонты, падштурхнуць тваё развіццё. Здаецца, не памылілася ў сваім пераканані.

Дзе ты знайшла фінансавую падтрымку сваёй вучобы?

Фінансавы бок – гэта, напэўна, была асноўная прычына, чаму я сумнявалася, ці згаджацца на вучобу за мяжой. На той момант ніякіх стыпендый у мяне не было, а адно толькі месца ў інтэрнаце каштуе каля ста еўра. У такіх выпадках, ні для каго не сакрэт, дапамагаюць бацькі. Але я была прынята на навучанне на бюджэтнай аснове і ўжо праз два месяцы атрымала сваю першую стыпендыю. Пасля першага года навучання за добрыя поспехі ў вучобе мне далі яшчэ стыпендыю рэктара. Акрамя таго фінансавую падтрымку атрымоўваю па праграме імя Станіслава Грабскага (для студэнтаў з Усходу).

захапляюся Ягелонскім універсітэтам

За што ты любіш сваю вучобу ў Лодзенскім універсітэце? (а падаецца, што ты яе любіш)

Усё ж такі розніца паміж нашай сістэмай вышэйшай адукацыі і польскай даволі вялікая. Першае, што мяне здзівіла, дык гэта тое, што замест 10-12 дысцыплін за еместр, што натуральна для Беларусі, студэнты павінны вывучыць толькі 5-6. Сістэма адукацыі, перш за ўсё, накіравана на матывацыю студэнтаў, на тое, каб яны ўсё рабілі самастойна. Дарэчы, студэнт можа сам выбіраць частку дысцыплін, якія жадае вывучаць. Індывідуальны план наведвання заняткаў – таксама распаўсюджаная з’ява. Гэта стымулюе і выкладчыкаў лепш працаваць, бо ў наступным годзе яго дысцыпліну могуць і не выбраць. Таксама можна вучыцца на двух альбо нават трох спецыяльнасцях адначасова. Шмат прадметаў залiчваецца праз праекты, якія студэнты робяць па 2-4 чалавекі. Польскія студэнты амаль не адрозніваюцца ад беларускіх, дый наогул тут шмат беларусаў вучыцца.  Ёсць заданні, якія студэнты павінны здаць анлайн, без ніякіх спазненняў, бо сістэма закрываецца ў вызначаны час. Дарэчы, залікоўка “на цябе не працуе”, бо яе тут папросту няма. Існуе вэб-платформа, на якой у кожнага студэнта ёсць свая старонка. На ёй можна зверыць расклад заняткаў, адзнакі па заліках і экзаменах і інш, што вельмі зручна для студэнтаў. Такога правіла як “тры дні на падрыхтоўку да экзаменаў” таксама няма: у адзін дзень можна здаваць адразу два. Яшчэ моцна была здзіўлена, калі ў першы раз пачула фразу, што студэнт сёння дрэнна падрыхтаваўся і пойдзе на экзамен у які-небудзь іншы дзень. Вы калі-небудзь чулі такое ў Беларусі?

Адзін з факультэтаў універсітэта

Адзін з факультэтаў універсітэта

Падчас выступу на 70-годдзі ўніверсітэта

Падчас выступу на 70-годдзі ўніверсітэта

Ты не шкадуеш, што ў свае 27 (прабач, што раблю акцэнт на ўзросце) ты яшчэ вучышся?

Калі б некалькі гадоў таму мне сказалі, што ў свае 27 гадоў я буду вучыцца, ды яшчэ і на вочнай форме… Шчыра кажучы, самае меншае, што я зрабіла б, – не паверыла! Бо дакладна памятаю, як на першым курсе ва ўніверсітэце (тады мне было сямнаццаць гадоў) я дзівілася сваім аднагрупнікам з Нігерыі, якім на той момант было 27. Я не магла зразумець, як у такім узросце можна вучыцца. І вось гэты ўсім вядомы выраз “ніколі не кажы ніколі” пасмяяўся з мяне… Але я ні кропелькі не шкадую. Вучоба за мяжой – гэта вельмі карысны досвед.

Дарэчы, пра гэта мяне вельмі часта пытаюць, але толькі ў Беларусі. У Польшчы са мной вучацца яшчэ і старэйшыя за мяне студэнты. Ды і заўсёды прыемна чуць, што выглядаю малодшай чым ёсць. Можа, усё таму, што “адукацыя – гэта стыль жыцця”.

Якія перспектывы і новыя «станцыі» ў жыцці адчыніла для цябе вучоба ў Польшчы?

Мне падабаецца падарожнічаць, адкрываць для сябе цікавыя і ўнікальныя месцы, знаёміцца з новымі людзьмі, змяняць сябе і сваё меркаванне аб навакольным свеце. За два гады навучання наведала 6 краін Еўропы і амаль усю Польшчу, удзельнічала ў розных цікавых мерапрыемствах і праектах, напрыклад, міжнародным кангрэсе ў Парыжы і агульнанацыянальнай польскай алімпіядзе. Нават навучылася танцаваць аргентыйскае танга. Пазнаёмілася з многімі цікавымі людзьмі з розных краін і набыла новых сяброў. Паглядзела на нашу краіну збоку, і цяпер з яшчэ большай упэўненасцю ўсім кажу пра тое, якая прыгожая і чыстая наша Беларусь.

возера Марское вока

знакамітая бронзавая галава ў Кракаве

Кракаў

Патсдам

Патсдам

Берлін

Берлін

Познань

Познань

пасля кангрэса (у самым сэрцы Парыжа)

Ці змяніла б ты штосьці, збочыла з гэтага шляху, калі была б магчымасць абіраць?

Адзінае, што змяніла б у сваім мінулым, дык гэта прысвяціла больш часу на вывучэнне замежных моў.