Што Беларусь атрымае ад Балонскага працэсу?
Каманда Adukacyja.info, якой не дае спакою дарожная карта і рэальнае далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, завітала на дыскусію Ліберальнага клуба “Балонскі працэс: паміж фармальнымі абавязкамі і рэальнымі патрэбамі”.
Прапануем вашай увазе кароткія нататкі выступленняў і трапныя тэзісы экспертаў, якія гучалі ў аўдыторыі.
***
Вадзім Мажэйка, эксперт па культуры і адукацыі ў Ліберальным клубе, пачаў з галоўнага: што Беларусь шукае ў Балонскім працэсе? Даследванне сведчыць: грошы замежных студэнтаў, якія прыедуць у краіну па дыплом адзінай еўрапейскай прасторы. Міжнароднае прызнанне беларускага дыплому падвышае яго вартасць, канкурэнтаздольнасць, прывабнасць для студэнтаў з Азербайджана, Ірана, Туркменіі, Нігерыі, Кітая і іншых, што азначае прыліў цвёрдай валюты. Яшчэ ў 2010 годзе стаяла мэта ўтрая павялічыць колькасць адукацыйных імігрантаў. Планы праваліліся: па факце іх лік узрос толькі на 19 адсоткаў (дадзеныя за 2013 год).
Гэтым разам Міністэрства адукацыі падало больш якасную заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу, чым тры гады таму.
– Можна лічыць, што нас прынялі авансам. Мы ўвогуле першая краіна, якая далучылася да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы з умовамі – дарожнай картай, – адзначыў эксперт. – Ад Беларусі чакаюць рэформаў, але практычных, а не касметычных.
Па словах Вадзіма Мажэйкі, у першую чаргу існуе запыт на сістэмныя рэформы ад рынку працы, бо беларуская вышэйшая школа вельмі адарваная ад рэальных патрэб працадаўцаў. На выкананне ўмоў дарожнай карты ў Беларусі ёсць час да 2018 года.
***
Сяргей Вятохін, прадстаўнік Грамадскага балонскага камітэта, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, глядзіць на Беларусь у Балонскім працэсе даволі скептычна.
Перашкод для ўступлення больш, чым падаецца на першы погляд, а пераваг ад яго ніхто не агучыў. Напрыклад, эксперт мяркуе, што змагацца за студэнтаў-еўрапейцаў няма сэнсу: элементарна не прыедуць. Бо няма ні школы, ні тэхналогій, якія маглі б зацікавіць немцаў-італьянцаў-шведаў і падштурхнуць іх да вучобы ў Беларусі.
– На летняй школе, якую нядаўна ладзіў БДУ, немцы пацікавіліся: “Дзеля чаго мы можам прыехаць да вас вучыцца? Што ўнікальнага мы даведаемся?” Шчыра кажучы, акрамя культуры і прыроды, нічога назваць не змаглі.
Сяргей Вятохін таксама адзначыў, што гэтым разам Міністэрства адукацыі хавала, што ізноў дашле заяўку ў Балонскі камітэт.
Якія зрухі адбудуцца ў сістэме адукацыі пасля далучэння да адзінай адукацыйнай прасторы? На думку эксперта, праграмы абмену дакладна застануцца на ранейшым узроўні. “Мы ж не далучаемся да Еўразвязу. Усё залежыць ад фінансавання, якое “спусцяць” на Беларусь”.
***
Што адчуваецца ўжо зараз ад далучэння да Балонскага працэсу, распавёў дэкан Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Філіпаў.
– Факт уступлення ў Балонскую сістэму падвышае інтарэс да нашых універсітэтаў у студэнтаў з Кітая, Бліжняга Ўсходу. Але гэта не тая аўдыторыя, якую хацелася б бачыць як вынік нашых намаганняў.
Без шкадавання спадар Філіпаў адрэзаў пра фундаментальны дэфект беларускай адукацыі – слабую сувязь ВНУ з падрыхтоўкай кваліфікаваных спецыялістаў.
– Універсітэты ствараюць ілюзію занятасці, атрымоўваюць грошы ад платнікаў, але не рыхтуюць запатрабаваных спецыялістаў.
Па яго словах, беларуская вышэйшая школа не канкурэнтназдольная.
– Людзям, якія могуць заплаціць за атрыманне адукацыі вялікія грошы, нам прапанаваць няма чаго. Разлічваць на прыцягненне замежных выкладчыкаў таксама не даводзіцца. ВНУ элементарна не пацягнуць гэта фінансава.
Эксперт закрануў і пытанне, якое ўжо нацерла мазалі на падкорку мозга, – пра сувязь універсітэтаў з працадаўцамі. Яны пакуль жывуць у паралельных сусветах і не задавальняюць патрэбы апошняга, кажа спадар Філіпаў.
Адразу ж ён звярнуў увагу на праблему, якую звычайна гэтай увагай абмінаюць.
– У нас ёсць спецкурсы, але як яны фармуюцца? Не паводле патрэбаў рынку працы, а пад выкладчыкаў, якім неабходны гадзіны і стаўкі.
***
Дырэктар Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў Зміцер Гамянюк адзначыў, што большасць студэнтаў увогуле не разумее, што такое Балонскі працэс, якія яго механізмы. Блытаніца ўзнікае і сярод кіраўніцтва факультэтаў – дэканаў, загадчыкаў кафедр. Што такое крэдыты, навошта яны патрэбны? Таму навучанне па абмене за мяжой пакуль застаецца на ўзроўні “з’ездзіў для сябе, павучыўся, але сесію здай па нашых правілах”.
Сістэму самакіравання эксперт апісаў наступным чынам: замест рэальнай аховы правоў студэнтаў, удзеле ў прыняцці рашэнняў апагей іх працы – зладзіць канцэрт ці КВЗ. “Калі мы хочам узгадаваць грамадзян, якія нясуць адказнасць за свае словы і дзеянні, мы мусім даваць студэнтам магчымасць кіраваць справамі“.
***
І напрыканцы – лівень пытанняў. Засяродзімся на адным. Як уступленне Беларусі паўплывае на размеркаванне студэнтаў?
Адказ даў прастору для дзеянняў:
– Самі студэнты і іх бацькі якраз зараз могуць паўплываць на размеркаванне. Пункт пра яго ў агульных фармулёўках прапісаны ў дарожнай карце, але не дае канкрэтных вызначэнняў. То бок калі збярэцца ініцыятыва, якая прапануе яго адмяніць, змены могуць наступіць.