Што такое GFPS і як трапіць у яе “абдымкі”?
- 18.10.2016
- Блог
Мая прыгода з GFPS пачалася 2 гады таму, калі я сама ў якасці стыпендыяткі прыехала на семестр у Кракаў. За гэты час, паспеўшы перарасці з удзельніцы ў ментара беларускіх стыпендыятаў, я дапамагла і працягваю дамапагаць беларускім студэнтам атрымаць свой шанец на вучобу ў Польшчы. GFPS зацягвае і, як бачыце, дагэтуль не адпускае.
Калі казаць афіцыйна, GFPS-Польшча – гэта навукова-культурнае аб’яднанне ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, якое дзейнічае як добраахвотніцкая арганізацыя, створаная студэнтамі для студэнтаў.
Галоўнай мэтай мы ставім перад сабой прасоўванне навукі і абменаў, а таксама студэнцкага і навуковага супрацоўніцтва паміж Польшчай, Нямеччынай, Беларуссю і Чэхіяй. Нашы дзеянні накіраваны на ўзаемнае спазнанне людзей, мовы, разбурэнне стэрэатыпаў паміж суседскімі краінамі і культурамі.
Да сваіх мэтаў мы набліжаемся, у прыватнасці, праз стыпендыяльную праграму, арганізацыю міжнародных канферэнцый і семінараў, навуковых летніх абменаў і моўных курсаў, актыўную дзейнасць лакальных груп, а таксама праз падтрымку індывідуальных і калектыўных даследчых праектаў. Гэта значыць, што кожны, хто жадае рэалізаваць сябе, хто мае сваю ідэю мініпраекту, можа з дапамогай ГФПС рэалізаваць яе ў сваім асяроддзі, універсітэце ці нават горадзе.
У межах стыпендыяльнай праграмы мы запрашаем беларускіх стыпендыятаў у Польшчу, дапамагаем падчас запісу ў польскія навучальныя ўстановы і на месцы, там, у Польшчы, працягваем клапаціцца пра іх, дапамагаем вырашаць праблемы, калі яны ўзнікаюць, цалкам суправаджаем іх цэлы семестр. У любы момант стыпендыяты могуць звярнуцца за дапамогай да ментара-апекуна (то бок мяне) або да чальца лакальнай групы ў сваім горадзе.
Якраз цяпер у нас праводзіцца набор на летні семестр 2016-2017 акадэмічнага года (люты – чэрвень 2017). Гэта выдатная магчымасць вырасці над самім сабой, пажыць самастойным жыццём цягам 5 месяцаў у новай краіне, новым горадзе і, канешне ж, знайсці новых сяброў. Кожны, хто пражыў такі семестр у Польшчы, з упэўненасцю падцвердзіць мае словы.
Кажучы пра “плюшкі”, варта адзначыць, што нашым стыпендыятам забяспечваюцца:
- штомесячная стыпендыя ў памеры 1450 злотых, якіх абсалютна хапае на паўнавартаснае жыццё;
- дапамога ў знаходжанні месца ў інтэрнаце ці на прыватнай кватэры;
- удзел у двух чатырохдзённых семінарах (напачатку семестра – інтэграцыйна-вітальны семінар “Дні Гарадоў” у адным з гарадоў Польшчы і напрыканцы – семінар “Форум”, які падагульняе семестр, ён праходзіць у Чэхіі).
Лакальныя Групы, пра якія я ўжо казала, створаны і вядуцца беларускімі студэнтамі, якія ўжо прайшлі нашу стажыроўку ў Польшчы. Актыўнасць у лакальных групах мае розныя формы падчас навучальнага года. Арганізоўваюцца агульныя сустрэчы, паходы ў кіно ці тэатр, а таксама проста агульнае баўленне часу за кавай ці настолкамі.
Таму калі ты жадаеш:
- паправіць свае веды польскай ці нямецкай моў праз кантакт з “нэйціў спікерамі”,
- спазнаць людзей, заангажаваных у студэнцкія абмены паміж Польшчай, Нямеччынай, Беларуссю і Чэхіяй,
- сумесна арганізаваць праекты і ажыццявіць свае задумы,
то мы запрашаем цябе ў лакальную групу ў тваім горадзе – Берасці, Гародні і Мінску! Больш інфармацыі пра GFPS ты можаш знайсці на сайце gfps.pl, а задаць свае пытанні па е-драсе stypendia-by@gfps.pl.
Бо GFPS – гэта найперш сяброўства на ўсё жыццё!