Што такое Honor Code?
- 08.05.2015
- Блог
- Photo courtesy of University of Denver which employs a strict honor code.
Нonor Code (Кодэкс Гонару), паводле Вікіпедыі, – гэта сукупнасць этычных нормаў, якія прызнаюцца ўсімі ўдзельнікамі супольнасці і за парушэнне якіх індывід можа быць выключаны з гэтай супольнасці.
Акадэмічны Кодэкс Гонару – сукупнасць правілаў, якая дзейнічае непасрэдна ў акадэмічнай супольнасці.
Гісторыя Honor Сode
Ва ўсіх этнасах існавалі закрытыя групы, куды было няпроста трапіць – напрыклад, самураі ў Японіі і “Бусіда”, мафія ў Італіі. Усе гэтыя групы маюць уласны кодэкс правілаў. Напрыклад, кодэкс мафіі, “Амэрта”, змяшчае наступныя прадпісанні: “Ёсць толькі адна прычына выхаду з арганізацыі – смерць”, “”Усе бясспрэчна падпарадкоўваюцца кіраўніку арганізацыі”.
Акадэмічны Кодэкс Гонару пачаў сваю гісторыю з Універсітэту Вірджыніі. Нейкі час там складваліся напружаныя адносіны паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Падзеі дасягнулі кульмінацыі 12 лістапада 1840 года, калі Джон Дэвіс, прафесар, быў застрэлены пры спробе спыніць беспарадкі. Яго спадкаемца, Генры Джордж Такер Старэйшы, прапанаваў, каб студэнты пісалі на сваіх працах: “Я, Х. Х., ганарова сцвярджаю, што пры здачы іспыту не карыстаўся дапамогай з другіх крыніцаў”. Яшчэ было прапанавана, каб Кодэкс Гонару уключаў правілы прыстойных паводзінаў – адмову ад табачных вырабаў, падману ў картачных гульнях і забарону абражаць жанчын.
Honor Сode зараз
Сучасны Honor Сode уключае толькі акадэмічны аспект. Менавіта у ім прадугледжана забарона падманваць пры напісанні прац і здачы іспытаў. Наступствы парушэння правілаў даволі сур’ёзныя: за спісванне на іспыце могуць выключыць з універсітэту, да таго ж, гэта чорная пляма на будучай кар’еры. Самі студэнты ставяцца да падобных выпадкаў вельмі негатыўна і могуць нават данесці на свайго сябра, які парушае правілы.
Спробы стварыць падобны Кодэкс у Беларусі былі, але не прыносілі патрэбных вынікаў. Так, існуюць cтатуты Універсітэту, але ў іх прапісваюцца толькі фармальныя дадзеныя, напрыклад, звесткі пра навучальны працэс, пералік спецыяльнасцяў і г.д. Пры напісанні гэтага артыкулу было знойдзена некалькі прыкладаў кодэксаў гонару. І што цікава, яны былі створаныя на юрыдычных факультэтах. Наша ментальнасць замінае нам давесці справу да канца. Спісванне не лічыцца праблемай, а этычныя нормы проста застаюцца на паперцы.
Спадзяемся, што наш акадэмічны асяродак “дарасце” да яе, і з’явіцца новае пакаленне студэнтаў – шчырых і здольных працаваць без падману.