Што такое Sabbatical?
- 22.02.2015
- Цікавосткі
Уявіце сабе, што вы пачынаеце будаваць сваю кар’еру, дасягаючы ўсё большых і большых поспехаў. Але разумееце, што нешта не так, і вырашаеце адпачыць. Творча адпачыць. Такая з’ява называецца Sabbatical, і мы хацелі б распавесці пра яе крыху падрабязней.
Як узнікла з’ява?
Sabbatical паходзіць ад лацінскага “sabbaticus”, што літаральна азначае “спыненне”. Паняцце “Sabbatical” было ўзгадана нават у Бібліі (напрыклад, Лявіт 25, дзе ёсць запаведзь пра ўстрыманне ад працы на полі ў сёмы год). Таксама ў Бібліі ёсць моманты, дзе Бог як бы адпачываў пасля стварэння сусвету. Так званая субота, якая была дадзеная і людзям, і зямлі, і жывёлам.
Апошнім часам “творчы адпачынак” азначае перапынак у кар’еры, каб чагосьці дамагчыся, ці акадэмічны адпачынак, які ладзіцца дзеля напісання кнігі ці падарожжа дзеля даследавання. Некаторыя навуковыя ўстановы нават аплочваюць творчы адпачынак супрацоўнікаў, таму што лічаць, што такая з’ява пазітыўна ўплывае на будучую працу. У іншых прафесіях не ўсё так развіта, але 20% кампаній Вялікабрытаніі прапануюць творчы адпачынак сваім супрацоўнікам, з разлікам на тое, што гэта спрыяе развіццю кар’еры.
Цікава, што ў брытанскіх і ірландскіх універсітэтах у студэнцкіх радах існуе нават пасада адказанага за творчы адпачынак студэнтаў. Чалавек, абраны на гэтую пасаду, вызваляецца ад вучобы на год ці застаецца ва ўніверсітэце пасля свайго навучання, каб працаваць у студэнцкай радзе ўніверсітэта. Звычайна такім студэнтам прапануецца жытло і стыпендыя.
Адпачынак у кар’еры
У вас можа быць цудоўная праца, але ўсё роўна хочацца нейкай разнастайнасці? Для такіх сітуацый існуе нават сэрвіс, які дапаможа збегчы ў іншую прафесію. Для таго, каб пагрузіцца ў нешта новае, вам не трэба пакідаць вашу працу. Дастаткова на выходных, напрыклад, зрабіць сваімі рукамі новы стол ці пашыць сабе новы абутак.
Ідэя такога сэрвіса належыць жыхарцы Берліна Лене Феліксбергер. У свой час жанчына наслухалася шмат размоў ад сяброў і калег пра “засмокваючую з галавой працоўную руціну”, таму і заснавала Descape, каб дапамагчы такім людзям, а таксама знайсці сваё “Я”.
Асноўная задача платформы – арганізацыя экскурсій у іншыя прафесіі з практычнай часткай. Экскурсіі праходзяць з удзелам экспертаў з розных сфер дзейнасці. Descape выступае ў ролі пасродніка, які дае мажлівасць стаць кухарам на адзін дзень, садоўнікам на тыдзень ці дыджэем на ноч. Магчымасці тут проста бязмежныя!
Такім чынам, сэрвіс дапамагае шчаслівым уладальнікам прэстыжнай працы адправіцца ў кароткачасовы творчы адпачынак, фрылансерам – паспрабаваць новую сферу дзейнасці, а выпускнікам навучальных устаноў – прыгледзецца да будучай прафесіі.
Па выніках даследвання, праведзенага міжнароднай кансалтынгавай агенцыяй, дзве траціны апытаных мэнэджэраў мараць аб прафесійным перапынку, хай нават вельмі кароткім. Такія перапынкі карысныя не толькі самім мэнэджэрам, але і іх працадаўцам, сцвярджае бізнэс-трэнер з Берліна Андрэа Одэр, якая спецыялізуецца ў арганізацыі гэтак званага “творчага адпачынку” . Паводле яе слоў, гэтыя перапынкі кіраўнікі часцей за ўсё выкарыстоўваюць для павышэння кваліфікацыі, і прадпрыемствы ад гэтага толькі выйграюць.
Пра тое, што можа даць так званы творчы адпачынак, распавёў дызайнер з Нью-Йорка: ён зачыніў сваю студыю на некаторы час, каб узнавіць і асвяжыць уласную крэатыўнасць. У TED-прамове вы можаце натхніцца яго досведам і паслухаць, што змянілася ў яго творчасці пасля вяртання з творчага адпачынку на Балі.
Хто ведае, магчыма, дзякуючы такой з’яве як Sabbatical у вас атрымаецца ажыццявіць тое, пра што вы марылі ў дзяцінстве: пабыць археолагам і паўдзельнічаць у пошуках старажытнага артэфакта ці павучыцца ў вядомага рэжысёра ў Мюнхене. Арганізатарка Descape прапануе ўзяць на ўзбраенне яе жыццёвае крэда: “Заставайцеся цікаўнымі, ніколі не спыняйцеся на дасягнутым!”
Калі вы заінтрыгаваны ідэяй творчага адпачынку, то ёсць рэсурсы, якія дапамогуць вам яго спланаваць і падрыхтаваць.
Basic Training – анлайнавы курс і супольнасць, якая дапаможа вам спланаваць творчы адпачынкак. Basic Training дапаможа вам пазнаёміцца з аднадумцамі, меркаваннямі экспертаў і карыснымі рэсурсамі. За 30 дзён спланаваць свой sabbatical з гэтым рэсурсам будзе значна прасцей.
Reboot Your Life – электронная кніга, прысвечаная тэматыцы творчага адпачынка.
Negotiating Your Sabbatical ebook – кніга навучыць вас прэзентаваць план свайго адпачынка свайму босу так, што ён не будзе здольны вам адмовіць.
yourSABBATICAL – рэсурс супрацоўнічае з кампаніямі, якія займаюцца арганізацыяй творчых перапынкаў, якія накіраваныя на асабістае і прафесійнае ўзбагачэнне.