Шведская мова ў Беларусі
- 23.07.2015
Den orolige pappan, till sin 12-åriga son:
– Du måste bli bättre på engelska, tänk på att 800 miljoner talar engelska.
– Också menar du att det inte räcker?*
Круты жарт, праўда?
Вось і мне спадабаўся адразу і да тэмы цудоўна пасуе… Не? Чаму? Не зразумелі? А цікава? Калі так, то чытайце далей, бо я збіраюся пазнаёміць вас з цудоўнай, меладычнай і вельмі лёгкай для вывучэння мовай, на якой размаўлялі Альфрэд Нобель, Карл Ліннэй, Астрыд Ліндгрэн, ABBA, Ace of Base, Лукас Мудзіссан і іншыя вядомыя дзеячы, якія не толькі праславілі краіну Свеяў але і, магчыма, падштурхнулі некаторых беларусаў вывучаць шведскую мову.
Нягледзячы на тое, што ў адрозненні ад англійскай ці французскай, носьбітаў якіх не пералічыць дзясяткамі мільёнаў, на шведскай размаўляе толькі крыху больш за дзевяць мільёнаў, але яна з’яўляецца самай распаўсюджанай мовай Скандынавіі і самай вывучаемай з моў гэтай часткі свету.
Акрамя Швецыі, моваю Карлсана размаўляюць у Фінляндыі, на аўтаномных Аландскіх астравах, яе дзякуючы фанетычнаму і гістарычнаму суседству размеюць у Нарвегіі і Даніі, шмат шведскамоўных эмігрантаў знойдзецца ў ЗША і Канадзе, а Украіна можа ганарыцца сваёй маленькай шведскай вёсачкай Старашведскае (Gammalsvenskby) непадалёка ад Крыма.
Мінск і Полацк
Але вернемся ў Беларусь. У Мінску і Полацку шведскую мову можна вывучаць ва ўніверсітэтах БДУ, МДЛУ і ПДУ. Там студэнтам некаторых спецыяльнасцяў даюць магчымасць вывучаць гэтую мову як частку сваёй прафесійнай адукацыі, а Лінгвістычны ўніверсітэт таксама прапануе курсы, адкрытыя для ўсіх, хто хоча вывучаць шведскую.
Акрамя таго курсы па шведскай і іншых скандынаўскіх і паўночных мовах прапануе Цэнтр шведскіх даследаванняў, на базе якога таксама ёсць бібліятэка, працуе інфармацыйны цэнтр Шведскага інстытута і ёсць магчымасць паўдзельнічаць ў мерапрыемствах і культурных праграмах цэнтра.
Акрамя гэтага 10 моўных школ у Мінску прапануюць вывучэнне шведскай мовы на розных умовах.
Дыстанцыйна
Такім чынам, магчымасцяў па вывучэнні мовы, якая, вельмі верагодна, звязвае нас з Рагвалодам і Рагнедай, хапае, але што рабіць, калі гэтыя варыянты па нейкіх прычынах недаступныя? Тады, як заўжды, можна звярнуцца да вялікага і магутнага Інтэрнэту.
Самымі папулярнымі і распрацаванымі сайтамі па вывучэнню шведскай мовы лічацца:
- http://www.svenskaspraket.org/ – сайт аматаркі шведскай мовы Інэсы, якая назбірала даволі цікавую і карысную інфармацыю, сістэматызавала яе і дазваляе карыстацца ёю бескаштоўна.
- http://www.almamater-lang.com/ – сайт прафесійнага выкладчыка шведскай мовы. На сайце інфармацыя пра індфвідуальныя заняткі (можна праз Скайп), але ёсць і секцыя бескаштоўных матэрыялаў.
- http://www.sweden4rus.nu/ – сайт рускамоўных у Швецыі, на форуме якога таксама даволі шмат інфармацыі і для вывучэння мовы, і для агульнага знаёмства са Швецыяй.
Іспыты
Пасля таго, як пройдзены курсы, перапрацаваныя ўсе анлайн-матэрыялы і пройдзеныя ўсе рускамоўныя падручнікі, хочацца даведацца, як жа можна пацвердзіць свае веды шведскай.
Існуе міжнародны экзамен, кшталту DAAD, DELF i TOEFL для тых, хто вучыць нямецкую, французскую ці англійскую. Для шведскамоўных студэнтаў тэст завецца TISUS і ў 2015 годзе ў беларусаў упершыню была магчымасць здаць гэты тэст ў Мінску на базе Цэнтра шведскіх даследаванняў.
*Усхваляваны бацька звяртаецца да свайго 12-гадовага сына:
– Табе трэба сур’езна заняцца сваёй англійскай мовай, ты толькі падумай: 800 мільёнаў чалавек размаўляюць па-англійску.
– І ты хочаш сказаць, што гэтага мала?
Тэкст і здымак: Уладзя Лагун