Скажы «Эразмусу» ТАК!

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Пра навучанне ў Гарвардзе Сярэдняй Азіі, гасцінных туркаў, адукацыйны працэс і студэнцкае жыццё ў Анкары распавядае выпускніца праграмы «Эразмус Мундус» Галіна Мазан.

Калі адчыняюцца брамы ў царства магчымасцяў

Прабягаючы неяк па калідоры свайго факультэта, я спыніла позірк не на звыклым чорна-белым раскладзе заняткаў, а на незацейлівай аб’яве наступнага зместу: хто любіць вандраваць, жадае пазнаёміцца з культурай іншых краінаў, а таксама паспрабаваць свае сілы па-за сценамі роднага універсітэта, заходзьце ў аддзел міжнародных сувязей, не саромцеся, запытвайцеся.

Ёсць такая цудоўная праграма – «Эразмус Мундус» – акно знешняга супрацоўніцтва, якая сапраўды прапаноўвае ўсё вышэй узгаданае. І нягледзячы на тое, што давялося шмат часу прысвяціць афармленню дакументаў, напісаць матывацыйнае эсэ, таксама перажыць адбор, намаганні былі вартым таго – уражанні перавысілі мае чаканні.

Шчыра кажучы, станоўчы вынік адбору я атрымала ўжо тады, калі і думаць забыла, што падавалася на праграму. А бацькі і сваякі запытваліся: чаму, уласна кажучы, Турцыя? Гучыць досыць апетытна для аматараў мора, сонца, пяску, але дастаткова экзатычна для універсітэцкай стажыроўкі. Аднак неспакой быў беспадстаўным, таму што Турцыя сустрэла мяне вельмі гасцінна не толькі сваімі смачнымі кебабамі, але і шыкоўным універсітэтам, які не дарэмна называюць Гарвардам Сярэдняй Азіі.

8

Сустракайце!

Прызямліўшыся на турэцкую зямлю цёмнай ноччу, ужо ў аэрапорце я пераканался, што добразычлівасць і гасціннасць – нацыянальныя турэцкія рысы, а ўсе таму, што нас сустракалі host students, то бок, мясцовыя студэнты, якія былі замацаваныя за кожным з удзельнікаў. Яны дапамагалі нам арыентавацца па тэрыторыі кампуса, і – што ўжо маўчаць – насіліся з намі як курыца з яйкам, дапамагаючы і справай, і парадай.

Кампус апынуўся проста неабсяжным. Па вызначанаму маршруту ездзіў блакітны аўтобус, які дастаўляў студэнтаў да сваіх факультэтаў, у народзе яго звалі Ring, таму што ён раз’язджаў па коле, да таго ж цалкам бясплатна. На тэрыторыі кампуса было ўсё і нават болей: цырульня, майстэрня па рамонце абутку, не кажучы ўжо пра шматлікія кавярні, крамы, банкі. Кампус таксама мог пахваліцца ўласнай паліцыяй, возерам і бясконцым вай-фаем!

3

І панеслася!

Падчас арыентацыйнага тыдня ўсе знаёміліся, засяляліся ў студэнцкія інтэрнаты, вывучалі мясцовасць. Мне пашчасціла жыць ў адным блоку з трыма дзяўчынамі-турчанкамі, якім падабалася беларуская згушчонка, і, канешне, дранікі. З Эміне, Ділек і Джэрэм (так звалі маіх суседак) я пасябравала хутка і надоўга, а ў адной з іх я нават гасціла два тыдні ў Ізміры. Нам было весела разам. Яны ўпадабалі бярозавы сок, а я, у сваю чаргу, даведалася, што калі загарнуць рыс у вінаграднае лісце, атрымаецца смачна.

Адной з самых прыемных рэчаў былі, канечне, падарожжы. Дзякуючы ім мая кніга пад назвай “Я ў Турцыі” апынулася яшчэ больш захапляльнай і каляровай.

Я з задавальненнем вучыла турэцкую мову, якая так і засталася для мяне ўсходняй загадкай. Тым не менш я і дагэтуль памятаю фразы “выжывання” і нават магу складаць сказы, структура якіх нагадвае шашлык: усе неабходныя афіксы нанізваюцца нібы на шпажку.

5

Раз курс, два курс, тры курс…

Для студэнта-эразмусаўца вучоба прыносіць не толькі карысць, але і задавальненне. Справа ў тым, што мы былі вольныя абіраць курсы, якія нам падабаліся, складаць расклад, а калі патрэбна, то без цяжкасцяў мяняць выкладчыка, перайшоўшы ў іншую групу. Аднак, каб узяць той ці іншы курс, трэба кожны раз запытвацца ў выкладчыка. Нам ніхто не адмаўляў, хаця аднойчы цудоўны Хаджам (так у Турцыі звяртаюцца да ўсіх настаўнікаў, што ў перакладзе азначае “мой настаўнік”) перасцерагаў мяне, што не варта сябе перагружаць. Я не магла зразумець, у чым справа. Мне падалося, што ён не хоча бачыць у сваім класе замежнага студэнта, а справа ў наступным: у сярэднім за семестр студэнт праходзіць 5-6 курсаў, і гэта максімум, таму калі гэты самы Хаджам пабачыў у маім спісе, што яго курс ужо шосты і гэта не ўсё, то хацеў мяне перасцерагчы, каб не даць памерці ў бібліятэцы. Але нам, беларускім студэнтам, якія здаюць па пяць іспытаў і па столькі ж, калі не болей, залікаў кожны семестр, ніякія цяжкасці не страшныя. І да таго ж, нельга было ўтрымацца наведаць цікавыя прадметы. Універсітэт прапаноўвае курсы на любы смак і колер, і мне сапраўды пашчасціла паглыбіцца ў свет кагнітыўнай лінгвістыкі і іншых моўных дысцыплінаў.

Пасля сканчэння ўніверсітэта выпускнікі робяць кола гонару па кампусу на аўтамабілях, спыняюцца каля факультэтаў, каб патанчыць

Пасля сканчэння ўніверсітэта выпускнікі робяць кола гонару па кампусу на аўтамабілях, спыняюцца каля факультэтаў, каб патанчыць

Усё гэта і шмат іншае ніколі не прымусіць мяне пашкадаваць аб тым, што я сказала «Эразмусу» “так”, чаго і іншым жадаю.

Я знайшла праграму дзякуючы ўніверсітэту, таму раю ўсім жадаючым часцей зазіраць ў аддзел міжнародных сувязяў у родных універсітэтах. Жыццё студэнта-эразмусаўца падмацоўваецца стыпендыяй у памеры 1000 еўра. Вядома, у кожнага розныя патрэбы, але гэтай сумы на кожны месяц дастаткова і на аплату інтэрната, і на кнігі, і на шматлікія вандроўкі.

Я вучылася ў сталіцы Турэцкай Рэспублікі, горадзе Анкара, і засвойвала English Language Teaching, то бок тое, чым і займаюся зараз у школе – навучаннем ангельскай мове.

І апошняе, усім чытачам: калі вы будзеце нешта абіраць у сваім жыцці, ці то праграму навучання, ці то ўніверсітэт, ці нават проста невялічкі курс, заўжды запытвайцеся ў сябе, кім вы бачыце сябе праз 10-15 гадоў, і выбар адразу стане лягчэйшым!

Пераклад з рускай мовы – Кацярына Шмаціна