Спачатку цябе вучаць на мелкаводдзі, потым усе глыбей і глыбей: нататкі з Познані


Вясна сапраўды ўсё змяняе і прымушае змяняцца. Што я зразумела за гэтыя сем месяцаў – трэба ўмець адаптавацца да новых абставінаў, быць flexible. Трэба ўвесь час шукаць новы досвед і абнаўляць свае веды. Азіраючыся на свой шлях, я разумею, што да маёй скарбонкі дадалося жаданне працаваць напоўніцу, спрабаваць, калі штосьці незразумела. Сапраўды я ўсвядоміла, кім жадаю быць у сваёй працы – прафесіяналам найвышэйшага класу.

IMG_2395

Я зразумела, што нават правалы могуць стаць прыступкай да поспеху. Нават калі падаецца, што жыццё дае толькі лімоны – рабі з іх ліманад (але не прымушай, як Кейв Джонсан, рабіць сваіх супрацоўнікаў гранату-лімон; невялічкае лірычнае адступленне, фанаты Valve зразумеюць).

У гэтым семестры я зрабіла моцны ўхіл на нямецкую. І ўжо зараз бачу вынікі – магу трохі размаўляць і сапраўды пачынаю разумець логіку мовы. О гэта салодкае пачуцце, калі ты разумееш, што ты ужо патрохі робішся сваёй у мове! Польская таксама ідзе няблага, пра ангельскую нават і няма чаго казаць. Дарэчы, мушу падзякаваць сваім выкладчыкам: граматыку ў нас выкладаюць добра, не адчуваю праблем з гэтым. Застаецца падцягнуць частку з маўленнем і разуменнем на слых – і не трэба будзе апраўдавацца, што мы дрэнна размаўляем па-ангельску.

IMG_2369

Колькі раз да мяне прыходзіла думка аб параўнанні вывучэння моў. На прыкладзе плавання – заходняя сістэма мякка падводзіць цябе да складаных аспектаў, (спачатку цябе вучаць на мелкаводдзі, потым усе глыбей і глыбей); падручнікі і практыкаванні зроблены такім чынам, каб вучань усё разумеў і мог кансультавацца, то бок яму даецца большая аўтаномія ў залежнасці ад узроўню. У нашай сістэме (не хачу абагульняць, але часам здараецца так) вучня літаральна адразу закідваюць у глыбокую частку і глядзяць, зможа выплыць ці не. Памятаю, калі мы праходзілі тэму “Здароўе і медыцына”, нам адразу задалі прачытаць тэкст як хатняе заданне. Пры тэксце быў невялічкі слоўнічак. Але той слоўнік быў поўны складаных канструкцый, якіх я не магла ужываць (з-за нізкага ўзроўню мовы, вядома, на тот момант гэта быў самы пачатак, А1). Ты спрабуеш гэта пераадолець, прачытаць, зразумець, але не атрымоўваецца. Часам мы ставім вазок перад канём – патрабуем немагчымага.

IMG_2363

Я зразумела, што ў навучанні няма карысці, калі ты не можаш прымяніць гэта на практыцы. Як часта кажа наша настаўніца польскай мовы, “вы вучыце толькі тое, што вам можа сапраўды спатрэбіцца”.

Дарэчы, пра польскую! Прыкмеціла, што зараз раблю менш памылак пры размове.  І яшчэ – калі твая родная мова блізкая да вывучаемай, то вельмі лёгка быць пад уражаннем “а, там усе проста!” Польская мова прымушае часамі паламаць галаву над граматыкай, над сэнсам некаторых слоў.

Падарожжы

Засталося менш чым тры месяцы да майго вяртання ў Беларусь. Вельмі хочацца вандраваць, адкрываць для сябе Польшчу і Еўропу. Планую паехаць у Торунь і Быдгашч, таксама хачу наведаць Труймяста, Гданьск, Сопат, Гдыню – бо не была там з моманту паступлення ва ўнівер. Яшчэ запланаваныя падарожжы да Вены і Рыму. Рым наогул доўга быў маёй марай, і на яе ў мяне будзе прыкладна дзевяць дзён! У Вену мы едзем з навучальнымі мэтамі – гэта будзе часткай практыкі па дысцыпліне “Ўводзіны ў турысцкую дзейнасць”. Шукаю зараз цікавосткі па Шонбруну:)

Ёсць амбітныя планы – Парыж, Брусэль і Амстэрдам, але ў сувязі з апошнямі падзеямі я яшчэ думаю.

IMG_2375

Хачу  падзякаваць за непаўторны АДУФэст 3.1. камандзе Адукацыя. Інфо і ўсім удзельнікам! Яшчэ ніколі я не сустракала такіх заматываваных, цікаўных і вось проста людзей з агеньчыкам! АДУфэст вельмі натхніў і дадаў сіл рухацца далей! Ты разумееш, што ты не такі адзін, што маеш шмат аднадумцаў і можаш сапраўды штосьці змяніць!

Жыццё-быццё

Зараз мой паверх можна назваць турэцкім. Мая суседка – дзяўчына з Турцыі, адразу склалася паразуменне, бо мы аднаго ўзросту. Жыццё ў  падобным асяроддзі – як жыццё на парку атракцыёнаў. Хвіліну таму ты павольна мыеш посуд, хвіліну пазней цябе зацягвае вадаварот людзей, мяшанка гучнай турэцкай гаворкі, высвятленне адносінаў. Для мяне спачатку ўсё гэта было вельмі нязвыкла. На ўласным досведзе я пераканалася, што сапраўды ёсць паўднёвы тэмперамент.

І кожны раз падцвярджаецца, што лепей жыць у добрых стасунках. Нечакана для сябе пасябравала з суседам-туркам. Высветлілася, што ён жадае паехаць у Мінск на майскія святы. Паабяцала, што дапамагу з квіткамі.

Правіла, якое я зрабіла для сябе – ніколі не асуджаць людзей і ніколі не думаць, што яны жывуць не так. Гэта складана, але я вельмі стараюся перавесці сваё мысленне на другі ўзровень.

IMG_2394

Познаньскі “Бэнксі”

На здымку – пан Перыскоп, істота, падобная да красналюдкаў з Уроцлава. Мастак, які малюе яго, канешне, невядомы: гэта нелегальна. Пана Перыскопа можна знайсці ва ўсіх куточках горада. Падаецца, што ён назірае за намі, праўда?

Да пабачэння ў траўні! Ужо напішу з сонечнага Рыму!

Алена