Стакгольмская школа эканомікі ў Рызе вачыма студэнта
Маё знаёмства з SSE Riga адбылося летам пасля 10 класа, калі я ў натхненні шукала гранты для навучання за мяжой. Прапаноў апынулася не надта шмат, і SSE яскрава выдзяляўся на фоне астатніх універсітэтаў: правілы і ўмовы атрымання стыпендыі былі простымі і зразумелымі, а пры ўзнікненні пытанняў можна было звярнуцца да студэнтаў, якія ахвотна дзяліліся парадамі і ўласным досведам.
Для паступлення не патрэбна было збіраць мноства паперак і сертыфікатаў. Крытэры наступныя: высокія адзнакі па матэматыцы і ангельскай мове, кандыдат мусіць быць выпускніком школы або скончыць любы курс ВНУ. Я адсканавала і пераклала школьны дыплом і транскрыпт, правяла адзін-два вечары за напісаннем матывацыйнага ліста.
Наступным этапам адбору было тэставанне. Іспыты праходзілі ў Менску, па трох прадметах: матэматыка (алгебра, вусны лік), ангельская мова (граматыка, пытанні да тэкстаў, эсэ) і логіка. Заданні былі не на ўзроўні алімпіяды, але неабходна было праявіць вынаходлівасць і хуткасць рэакцыі.
Па выніках тэставання з 90 кандыдатаў было абрана 30, іх запрасілі на сумоўе. У мяне былі змешаныя пачуцці: я разумела, што паспяховы варыянт мог лёгка змяніць маё далейшае жыццё, але адначасова я адмаўлялася ў гэта верыць.
40 хвілін падчас сумоўя праляцелі хутка. Я намагалася не хітраваць, не прыпісваць сабе высокія мэты і завышаныя дасягненні, не пець дыфірамбы SSE. Я і дагэтуль прытрымліваюся меркавання, што шчырасць – і ў матывацыйным лісце, і на сумоўі – дапамаглі мне ў паступленні.
Праз 10 дзён я даведалася, што апынулася сярод 10 беларусаў, якія атрымалі грант. У гэта было складана паверыць, а яшчэ больш складана было ўсвядоміць, што хутка жыццё зменіцца. Але я сумнявалася не надта доўга. Тры месяцы да пачатку вучобы прайшлі як адно імгненне: школьныя іспыты, выпускны, афармленне віда на жыхарства, бюракратычныя дэталі – і вось я ўжо набываю квіток у адзін бок і маю ў пашпарце латышскую візу.
Вучоба
Прыязджаю дадому, і ўсе здзіўляюцца: «Няўжо ўспрымаць матэрыял па-ангельску не так ужо і складана?» І даводзіцца тлумачыць, што калі ніколі раней не сутыкаўся з прадметам, даволі лёгка прызвычаіцца да мовы навучання. Нашмат больш складана было прызвычаіцца да камунікацыі на ангельскай мове. Хаця ў школе мяне няблага рыхтавалі, усё ж атмасфера на занятках значна адрозніваецца ад англамоўнага асяроддзя. Па-шчырасці, цалкам англамоўная атмасфера панавала толькі напачатку. Пасля высветлілася, што многія выдатна размаўляюць па-руску, ды і кола камунікацыі складаюць пераважна тыя, хто размаўляе з табой на адной мове.
Маёй галоўнай праблемай было тое, што ў школе большасць прадметаў давалася лёгка, і я прызвычаілася працаваць не ва ўсю моц. Лёгка быць адной з лепшых, перамагаць на алімпіядах, атрымліваць выдатныя адзнакі. Тут ты не лепшы, паколькі заўжды знаходзяцца людзі, якія ў некалькі разоў больш матываваныя, актыўныя, працавітыя і таленавітыя. І вось ты бачыш, што ў цябе не атрымаецца настолькі ж добра вучыцца і неяк выдзяляцца, калі не будзеш прыкладаць шмат намаганняў. Спачатку гэта засмучае, пасля пачынае матываваць.
Галоўнае адрозненне ад беларускіх універсітэтаў складаецца ў тым, што тут няма прадметаў, якія не адносяцца да тваёй спецыяльнасці. Усе курсы вельмі практычныя, звязаныя адзін з адным і знаходзяць прымяненне ў рэальным жыцці, а не толькі ў лекцыйнай аўдыторыі.
У SSE Riga дзейнічае модульная сістэма навучання: прадметы ідуць не паралельна, а паслядоўна. Яны вывучаюцца ў сціслыя тэрміны, на кожны даецца адзін-два месяцы, пасля здаецца іспыт і распачынаецца новы курс. Часам адбываюцца так званыя overlaps, калі адзін курс накладаецца на іншы. Першыя некалькі заняткаў было па два-тры курсы адначасова, лекцыі займалі ажно па 8-9 гадзін у дзень. Потым стала лягчэй. Сесій у нас няма, усе іспыты здаюцца на працягу года, і вучыцца трэба рэгулярна і роўна.
Акрамя асноўных курсаў можна браць дадатковыя – elective courses, курсы па выбары. Выбар даволі разнастайны: гэта і замежныя мовы, і агульнаадукацыйныя курсы, і спецыялізаваныя курсы па эканоміцы.
Пражыванне і фінансавае пытанне
Грант цалкам пакрывае выдаткі на навучанне, пражыванне ў інтэрнаце, а таксама выплочваецца стыпендыя ў памеры 200 еўра штомесяц. Жыццё ў Рызе больш дарагое ў параўнанні з Беларуссю, аднак неістотна. Стыпендыі цалкам дастаткова на харчаванне, у тым ліку ва ўніверсітэцкім кафетэрыі, на праязны і паездкі дадому. Дарэчы, пры жаданні ў Беларусь можна даехаць за 20 еўра ў абодва бакі: буйныя аўтобусныя кампаніі часта даюць зніжкі на рэйс Менск-Рыга.
Студэнты, якія атрымалі грант, жывуць у інтэрнаце. Будынак звонку выглядае непрывабна, але ўнутры ўсё па-іншаму. У блоку 2 пакоі, адзін на 2, другі на 3 чалавекі, прыбіральня і ванная. Ёсць чатыры цалкам абсталяваныя кухні, кожная на 15 чалавек, wi-fi, пральныя машыны. Прыемным бонусам з’яўляецца адсутнасць каменданта і каменданцкай гадзіны.
Вольны час
Нядаўна ад аднаго студэнта па абмену я пачула: «Як вы тут вучыцеся? У вас зусім няма часу, каб спыніцца, падумаць, адпачыць, у рэшце рэшт!»
Пагадзіцца з гэтым складана, паколькі, нягледзячы на штодзённую нагрузку, вольны час застаецца. Студэнты вельмі любяць забавы, і неафіцыйны дэвіз студэнцкай асацыяцыі – «Study hard, party harder!» – толькі пацвярджае гэта. Вечарыны, адзначэнне здачы іспытаў, спартовыя мерапрыемствы, паездкі ў Стакгольм на пароме – усё гэта звычайная справа.
Ва ўніверсітэце дзейнічаюць спартовыя секцыі. Большасць студэнтаў задзейнічана ў разнастайных моладзевых арганізацыях, якія ладзяць міжнародныя бізнэс-спаборніцтвы, кірмашы кар’ер, займаюцца дабрачыннасцю, працуюць у кансалтынгавай сферы. Я, напрыклад, працую ў рэдакцыі ўніверсітэцкага журнала. Некаторыя сумяшчаюць вучобу і працу.
І напрыканцы…
Калі адразу пасля паступлення ў мяне запытваліся – а ці ты шчасліва? – я паціскала плячыма. Калі гэтым цікавіліся ў першыя дні жыцця ў Рызе, я праяўляла стрыманую радасць. Праз месяц пасля пераезду ў Рыгу, у перыяд унутранага разладу, я адказвала адмоўна…
Зараз ніхто ў мяне пра гэта не пытаецца. Зараз я проста сяджу ў сваім утульным куточку інтэрната, пішу гэты артыкул, і адначасова ўзгадваю пра ўсё тое, што адбылося за гэтыя месяцы. Тры начы без сна запар – вечарына, паездка з сябрамі ў Эстонію, напісанне рэпорта па мікраэканоміцы. Першы валанцёрскі досвед, калі я 4 дні працавала ў чатырохзоркавым гатэлі ў Юрмале. Пачатак вывучэння гішпанскай мовы. Нечакана добрыя адзнакі. Нечакана кепскія адзнакі. Праца ва ўніверсітэцкім журнале. Першы досвед удзелу ў бізнэс-спаборніцтве, які, дарэчы, быў сёння. Першыя поспехі, першыя паразы. Усе эканамічныя дысцыпліны, якія могуць мне давацца або не давацца з першай спробы, але з-за гэтага яны мне не будуць падабацца меней.
… Зараз пра тое, ці я шчаслівая, у мяне ніхто не запытваецца. А шкада, паколькі зараз я дакладна ведаю адказ.