“Стань той зменай, якую ты хочаш бачыць у свеце!”

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Пра тое, як змяняецца жыцце на “Майстэрні грамадзянскай актыўнасці”, нам распавядае Віка Валабуева – выпускніца праграмы 2014 году. 

Праграма Майстэрня Грамадзянскай Актыўнасці існуе ўжо 8 год. Усё пачалося з дзяўчыны, якая паехала на семінар па праектным мэнэджмэнце ў Нямеччыну. Пасля гэтага яна ўладкавала адукацыйную праграму па праектным мэнэджмэнце для моладзі ў сваім невялікім горадзе ва Украіне. З кожным годам усё пашыралася, і праз некаторы час да праекту далучылася Польшча, а крыху пазней і Беларусь. Цяпер Майстэрня – гэта буйная праграма для актыўнай моладзі, якая жадае нешта змяняць у свеце.

Майстэрня грамадзянскай актыўнасці: што гэта такое і з чым яго ядуць

Сама я даведалася пра Майстэрню ад сяброўкі. Мы падалі заяўкі разам, але, як гэта звычайна бывае, на праграму трапіла толькі я. Да пачатку праграмы я нават добра не уяўляла сабе ідэю ўсяго таго, што будзе адбывацца, і думак наконт уласнага праекта таксама не было. Я нават крыху хвалявалася, што будуць цяжкасці камунікацыяй: з-за таго, што удзельнікі і трэнеры з Украіны, Беларусі і Польшчы, праект, па сутнасці, трохмоўны. Але моўныя анімацыі і шчырыя зносіны зрабілі сваю справу.

Праграма вельмі насычаная і ўключае тры ступені. На “Майстэрні ідэй” фарміруецца разуменне, што такое Майстэрня, удзельнікі знаёмяцца з праектамі мінулых гадоў. Не заўсёды людзі прыязджаюць з гатовымі ідэямі, і падчас гэтай ступені удзельнікам дапамагаюць вызначыцца са сваімі праектамі і знайсці аднадумцаў. На “Майстэрні дзеянняў” удзельнікі паглыбляюцца ў праектны менеджмнент: як напісаць справаздачу, прэс-рэліз, знайсці партнёраў і сродкі і г.д. На Майстэрні ўсе вельмі па-сяброўску, у трэнераў няма стаўлення вучань-настаўнік і заўсёды можна звярнуцца за парадай. “Майстэрня вопыту” праходзіць пасля рэалізацыі праектаў, удзельнікі дзеляцца паміж сабой вопытам, абмяркоўваюць, што было зроблена добра, а што не.

Праект можа быць як маленькі, так і дастаткова буйны. Няма ніякіх абмежаванняў па тэмах формах: ладзяць канцэрты, фальклорныя экспедыцыі, выставы са смецця, семінары. Мой праект быў на тэму арт-рэсайклінга і устойлівага спажывання. Пасля невялікай лекцыі пра 4R (reduce, reuse, recycle, rethink) быў майстар-клас па аздабленню старых рэчаў у тэхніцы дэкупаж. Так цікава атрымалася, што адна частка людзей, якія прыйшлі на майстар-клас, была зацікаўленая экалогіяй, а іншая – дэкупажам. Я вельмі задаволеная, што ў мяне атрымалася натхніць гэтых людзей і ў іх атрымаўся абмен ведамі і ідэямі.

А што пасля?

Пасля выпуску ёсць некалькі магчымасцяў, каб далей кантактаваць з Майстэрняй. Можна ладзіць праекты для выпускнікоў і атрымліваць ад партнёраў праграмы фінансавую і кардынацыйную дапамогу. Я так і зрабіла: у студзені мы паехалі ў невялічкую вёсачку ў Карпатах, каб крыху дапамагчы з рамонтам хаты, якая належыць Майстэрні, пагутарыць і паўдзельнічаць у традыцыйным святкаванні маланкі (стары новы год). Было неверагодна весела!

Можна працягваць працаваць як ментар, і я таксама скарысталася гэтай магчымасцю. Выпускнікі Майстэрні могуць падтрымліваць аднаго з удзельнікаў новага набору, яны аказваюць матывацыйную і кардынацыйную дапамогу. Для ментараў ладзяцца тры навучальныя семінары і яны таксама запрашаюцца на “Майстэрню вопыту”.

Для тых выпускнікоў, якія адчуваюць у сабе моц не толькі падтрымліваць, але і навучаць новых удзельнікаў, ёсць магчымасць стаць трэнерам праекта. Гэта ўжо больш сур’ёзная пасада, якая патрабуе пэўных ведаў і вопыту. Але галоўнае, вядома, жаданне: для трэнераў таксама прадугледжваюцц навучальныя сустрэчы.

Натхняльна-матывацыйны абзац

Спачатку я не думала, што Майстэрня так на мяне паўплывае, я не думала нават, што дайду да фінальнага этапу. Але па ходу я так зацікавілася, што не змагла пакінуць гэтую ініцыятыву! Я знайшла на майстэрні новых сяброў, натхненне і курс на будучыню. Я зразумела, чым мне сапраўды цікава займацца і дзе я б хацела рэалізаваць сябе. Таму я раю вам не баяцца удзельнічаць. Майстэрня Грамадзянскай актыўнасці для тых людзей, у якіх няма вопыту, сродкаў і аднадумцаў, але яны хочуць нешта рабіць і змяняць ў сваім жыцці і свеце.

…На нашых саколках быў цудоўны выраз М. Гандзі: “Стань той зменай, якую ты хочаш бачыць у свеце!”