Стажыроўка ў Сінгапуры: праца над праектам будучыні і мясцовы інгліш
- Час чытання: 5 хвілін
Сённяшні герой нашага інтэрв’ю – Максім Грыцэня, паспяховы студэнт-пяцікурснік БДУІРа, які летась з’ездзіў на стажыроўку ў адзін з лепшых ўніверсітэтаў свету – сінгапурскі Nanyang Technological University.
Атрыманы досвед так прыйшоўся даспадобы, што зараз Максім зноў стажыруецца. Зноў у Сінгапуры.
Пра свае ўражанні і рэкамендыцыі ён расказаў Аdukacyja.info.
Перш-наперш раскажы, калі ласка, пра свой беларускі бэкраўнд.
Я скончыў са срэбным медалём Брэсцкі абласны ліцэй па фізіка-матэматычным профілі. Тады хацеў паступаць на спецыяльнасць, звязаную з праграмаванне, і першапачаткова маім выбарам было “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” БДУІРа. Пасля ЦТ зразумеў, што набраў значна больш балаў і магу прэтэндаваць на паступленне на спецыяльнасць “Інфарматыка” (зараз мае назву “Інфарматыка і тэхналогія праграмавання”), куды ўдала паступіў у 2012 годзе.
Як ты трапіў на стажыроўку Summer Research Internship?
Зараз яна называецца Global Research Internship, і ва ўмовах змяніліся некаторыя пункты. Я буду расказваць пра свой досвед, а новыя ўмовы можна паглядзець тут.
БДУІР актыўна прапаноўвае сваім студэнтам стажыроўкі ў іншыя краіны. Я быў вельмі рады, калі на трэцім курсе з’явілася магчымасць пастажыравацца ў Харватыі па праграме IAESTE. Даслаў заяўку, прайшоў адбор і правёў цудоўныя два з паловай месяцы. Пасля вяртання мне так спадабаўся гэты досвед, што вырашыў яго паўтарыць. На Аdukacyja.info я знайшоў абвестку пра Summer Research Internship.
Шмат дакументаў не спатрэбілася. Анлайн-заяўка, транскрыпт, падцверджанне на ангельскай таго, што я навучаюся на сваёй спецыяльнасці, копія пашпарта.
Па тэрмінах было так: даведаўся пра мажлівасць у верасні 2015 года, дэдлайн падачы быў – кастрычнік таго ж года. Вынікі адбору абвясцілі ў красавіку 2016 года. Стажыроўка пачалася 1 чэрвеня і цягнулася 2 месяцы.
Што цябе ўразіла, калі трапіў непасрэдна ў Сінгапур і ва ўніверсітэт?
Здзівіла дасканалая сістэма транспарту. Камфортныя вагоны метро, адсутнасць даўкі… У Сінгапуры шмат нацыянальнасцей. І кожная са сваім тэмпам і звычкамі. Стажыроўка была на ангельскай, але тут існуе свая разнавіднасць – сінгліш. І калі ты зусім не разумееш, што яны табе кажуць, яны пераходзяць на традыцыйны ангельскі. Яшчэ тут шмат беларусаў: нехта вучыцца, нехта працуе.
Кампус – гэта сапраўдны горад ў горадзе. Вучэбны корпус, інтэрнат, кафэ і рэстарацыі, магазіны, музеі, спортзалы – і ўсё на даволі кампактнай тэрыторыі. Ты можаш патрапіць усюды, не выязджаючы за межы гэтага кампуса.
Ва ўніверсітэце хутка адказваюць на любыя ініцыятывы, прапановы ці просьбы. Мяне гэта ўразіла. Калі ў цябе ёсць прапанова ці заўвага, рашаюць яе хутка. Тое ж самае я магу сказаць і пра працу міграцыйнай службы. Нам трэба было атрымаць свой аналаг унутранага дакумента. Яго аформілі за гадзіну. Праз 60 хвілін на руках была ID-картка.
Выдатная тэхніка ў самой лабараторыі. Калі нам трэба быў моцны камп’ютар, то яго дастаўлялі ў лічаныя гадзіны. Заўсёды быў адкрыты доступ у бібліятэку.
Як праходзіла сама стажыроўка?
Стажыроўка была пры Nanyang Technological University, адным з лепшых універаў у свеце. Зараз ён займае 13 месца ў сусветным рэйтынгу.
На трэці дзень па прыбыцці я прыйшоў у лабараторыю і атрымаў свой праект, над якім мусіў працаваць. Праект быў звязаны з аналізам сігналаў мозга, якія можна збіраць з дапамогай спецыяльнай прылады.
Вельмі папулярны накірунак у навуцы. Адно з прымяненняў – віртуальная рэальнасць.
Тэма праекта была вядома на момант падачы, але першапачаткова была складанай. Я сумленна сказаў, што за месяц не паспею гэта зрабіць, і заданне адкарэктавалі.
У маёй камандзе было 5 чалавек, але кожны з нас працаваў над сваёй часткай. Яшчэ два чалавекі было з Індыі, адзін постдоктар (PhD) і непасрэдна сінгапурскі прафесар. Мой звычайны працоўны дзень складаўся так: я прыходзіў у лабараторыю прыблізна а дзявятай. Там працаваў да гадзін шасці вечара.
Па вынікам працы я павінен быў прадставіць свайго рода постэр фармата А3, на якім было прадстаўлены ўсе вынікі працы, дасягненні, ідэі і г.д..
Якія ёсць нюансы пры падачы дакументаў?
На стажыроўцы было некалькі школ, заяўка падавалася на канкрэтную школу, канкрэтнаму прафесару. Гэта вельмі важна: у іх ёсць падзел на школы. Ты шукаеш школу, якая цябе цікавіць. Мяне цікавіла School of Computer Science and Engineering. Там трэба абраць тэму, якая цябе цікавіць, і пазначыць яе ў сваёй заяўцы. Мая парада: пішыце канкрэтнаму прафесару, ці цікавіць яго гэтая тэма і ці возьме ён цябе, бо не ўсё, што там напісана – актуальна. У нашым выпадку можна было пазначыць сваю тэму, сваю спецыяльнасць.
І напрыканцы – пажаданне тым, хто толькі плануе падавацца на стажыроўку.
Не трэба баяцца нізкіх шанцаў, бо ўсё залежыць ад вашай смеласці. І ў любы момант могуць адчыніцца дзверы.
***
Даведацца больш пра Welcome to Global Research Internship (GRI) Programme можна па спасылцы.