Стажыроўка ў Еўракамісіі: Кожны дзень быў розным
- Час чытання: 4 хвілін
Кожны год Еўрапейская камісія набірае больш за тысячу стажораў з усяго свету. Гэта завецца Blue Book Traineeship. Івэт Дрысэн з Нідэрландаў прайшла такую стажыроўку і дзеліцца сваім досведам з чытачамі Adukacyja.info.
Івэт Дрысэн. Фота з асабістага архіву гераіні.
Раскажы пра сябе: адкуль ты, колькі табе год і што ты рабіла перад тым, як трапіць на стажыроўку ў Еўрапейскую камісію?
Мяне клічуць Івэт, я з Нідэрландаў, мне 23 гады (у верасні будзе 24). У мяне ёсць ступень бакалаўра ў сферы сацыяльнай працы ды ступень магістра ў філасофіі. Пакуль вучылася на бакалаўра, у мяне была пяцімесяцовая full-time стажыроўка з уцекачамі, і таксама 5 месяцаў працавала з моладдзю ў Кейптауне, што ў Паўднёвай Афрыцы. Пасля магістратуры паехала на 10 месяцаў валанцёркай у Сарагосу (Іспанія), там працавала з людзьмі з інваліднасцю. Гэта валанцёрская праца была часткай праграмы Еўрапейскага саюза, якая цяпер завецца European Solidarity Corps.
У якім падраздзяленні ў цябе была стажыроўка? І ўвогуле, чым ты займалася і як звычайна праходзіў твой працоўны дзень?
Я праходзіла стажыроўку у Генеральным дырэктараце па адукацыі, спорту ды культуры. Кожны дзень быў розным! У мяне было шмат пісьмовай працы, напрыклад складанне пратаколаў, справаздач, артыкулаў і г.д. Таксама я наведвала шмат сустрэч, напрыклад у Савеце Еўрапейскага Саюза, калі там абмяркоўваліся тэмы, што тычыліся моладзі. Акрамя таго, я ўдзельнічала ў экспертнай групе і дапамагала складаць рэкамендацыі, датычныя палітыкі ў ролі працы з моладдзю пры працы з маладымі мігрантамі ды ўцекачамі. Яшчэ дапамагала ладзіць візіты ды мерапрыемствы для іншых стажораў. Напрыклад, мы ладзілі развітальную канферэнцыю. Безумоўна, яшчэ дапамагала сваім калегам са штодзённымі задачамі ды арганізацыйнымі, лагістычнымі і адміністрацыйнымі пытаннямі.
Ці памятаеш ты першы дзень сваёй стажыроўкі? Што было, якія ўражанні?
Гэта добрае пытанне! Памятаю, што гэта быў захапляльны дзень, але адначасова нервовы. Ты сустракаеш шмат новых людзей, калег ды такіх жа стажораў, як ты. Яны расказваюць табе пра ўсе практычныя моманты, што трэба мець на ўвазе – страхоўку, праграмнае забеспячэнне і г.д. У пачатку табе трэба зразумець, якія ў цябе канкрэтныя задачы ды якая будзе твая роля ў камандзе. Таксама падчас першых дзён ты пазнаёмішся з актыўным сацыяльным жыццём, якое можа прапанаваць Брусель. У горадзе адбываецца шмат мерапрыемстваў, якія можна наведваць пасля працы разам з новымі калегамі ды сябрамі.
Колькі доўжылася твая стажыроўка ды што ты збіраешся рабіць пасля?
Агулам стажыроўка цягнецца 5 месяцаў. Ёсць дзве сесіі: адна пачынаецца ў кастрычніку і іншая – у сакавіку. Я ўдзельнічала ў сакавіцкай сесіі. Пасля стажыроўкі збіраюся вучыцца, каб атрымаць ступень доктара філасофіі ў этыцы або практычнай філасофіі ў Нідэрландах.
А што кандыдат або кандыдатка мусіць зрабіць, каб трапіць на стажыроўку ў Еўрапейскую камісію?
Спачатку ўсе, хто зацікаўлены ў стажыроўцы ў Еўрапейскай камісіі, мусяць наведаць адмысловы сайт: https://ec.europa.eu/stages/
Там распісаны ўмовы ды працэс падачы. Конкурс неверагодна вялікі. Вядома, у вас будзе больш шанцаў, калі вы адпавядаеце больш, чым проста мінімальным патрабаванням. У прыватнасці, калі вы валодаеце некалькімі мовамі, удзельнічаеце ў грамадскім жыцці, маеце досвед жыцця за мяжой або як мінімум ступень бакалаўра (ступень магістра нават будзе лепш)

BRUSSELS, BELGIUM – OCTOBER 21: The Berlaymont building, the headquarters for the European Commission, is unveiled October 21, 2004 in Brussels, Belgium. Berlaymont, originally built in 1967 but abandoned in 1991 after asbestos was discovered throughout the structure, was finally unveiled after a long delayed 13 year redevelopment. The building is expected to re-welcome the EU commission on November 1. (Photo by Mark Renders/Getty Images)
Ці зрабіла ты для сябе якія-небудзь высновы пасля стажыроўкі? Калі так, то можаш падзяліцца з чытачамі?
Тое, чаму можна навучыцца ў Еўрапейскіх інстытутах, неверагодна як у прафесійным плане, так і ў асабістым. Гэта ўнікальная магчымасць паглядзець бліжэй, як працуе Еўрапейская палітыка. Таксама гэта карысна і для асабістага развіцця, таму што ты працуеш і жывеш разам з людзьмі з розных культур і з розным досведам. Ты можаш шмат чаму навучыцца ад усіх гэтых розных людзей, і гэта цябе ўзбагачае.
Набор на стажыроўкі ў Еўрапейскую камісію зараз адкрыты. Што ты можаш параіць тым, хто збіраецца падавацца?
Вось мае парады:
Старайцеся быць арыгінальнымі ў заяўках. Нават спасылка на адпаведны праект, які вы рабілі, або пытанне, якім займаліся, будуць мець значэнне. Напрыклад, шмат людзей вывучалі права або эканоміку. Тыя, хто будуць чытаць вашу заяўку, хочуць ведаць, чаму яны павінны абраць менавіта вас у параўнанні з іншымі.
Калі вас абралі на стажыроўку, то вы можаце дасылаць свае CV ды матывацыйны ліст у розныя дырэктараты Еўрапейскай камісіі. Заўсёды карыстайцеся CV у фармаце Europass. І памятайце, што якасць лепей за колькасць. Я напісала ўсяго тры матывацыйныя лісты і даслала ў тыя дырэктараты, куды хацела трапіць. Я адаптавала лісты пад дзейнасць кожнага. Лепей даслаць некалькі якасных лістоў, чым шмат агульных.
Зараз адчынены набор на стажыроўкі, што распачнуцца ў сакавіку 2019. Дэдлайн хутчэй, чым падаецца – 31 жніўня. Чытайце падрабязней пра стажыроўкі ў Еўрапейскай камісіі тут, і хто ведае, магчыма ты будзеш наступным героем або наступнай гераіняй інтэрв’ю на Адукацыі!
Гутарыла Дзіяна Ляшкевіч
Чытай ангельскую версію інтэрв’ю тут.