Stockholm School of Economics in Riga: пра эканоміку з захапленнем
- Час чытання: 5 хвілін
Стакгольмская школа эканомікі ў Рызе (Stockholm School of Economics in Riga – SSE Riga) займае 26 месца сярод бізнэс-школаў Еўропы паводле рэйтынгу Financial Times за 2015 год.
Штогод Школа прапануе гранты на навучанне. Трое беларускіх студэнтаў распавядаюць пра свой досвед навучання ў SSE.
Юля Кургановіч
Пра паступленне
Падчас паступлення ў SSE я вучылася ў БДУ на факультэце ІБМТ. У 2014 годзе атрымала грант і паступіла ў Рыгу пасля 3 курсу. Праз гэта перавялася ў БДУ на завочнае і скончыла яго ў 2016 годзе. Вучоба ў SSE сканчаецца ў гэтым годзе.
Адна з умоў атрымання гранта – сумоўе і пісьмовы тэст. Сумоўе звычайна праходзіць у гатэлі, дзе спыняюцца прадстаўнікі адміністрацыі, што для мяне было дзіўна. Яго праводзілі два чалавекі: адзін задаваў пытанні, другі – усё запісваў. Размова на ангельскай мове. Па часе – каля 30 хвілін. Пытанні досыць тыповыя. Атмасфера была прыязная, нават занадта. Пасля мне падалося, што я расказала шмат пра сябе і асабліва пра свае недахопы. Таму пасля інтэрв’ю была ўпэўненая, што не прайду.
Пытаюць пра досвед працы ў камандзе, лідпрскія якасці, плюсы і мінусы, хто натхняе, што буду рабіць, калі не паступлю… Падчас паступлення я вельмі актыўна ўдзельнічала ў розных арганізацыях: працавала ў AIESEC, удзельнічала ў сесіях Еўрапейскага моладзевага парламента. І на інтэрв’ю мяне спыталі: “Чаму ты ўсё гэта робіш? Навошта?” Пытанне мяне канкрэтна збіла, бо я не задумвалася пра гэта і відавочна не чакала, што прыйдзецца на яго адказваць. Яшчэ было пытанне пра куміра.
Акрамя сумоўя, быў яшчэ пісьмовы тэст (ангельская мова, матэматыка, логіка). Сутнасць тэстаў – досыць простыя заданні, нашмат прасцей, чым наша ЦТ. Трэба рашыць як мага болей за вельмі за кароткі час. Напрыклад, па матэматыцы – 60 прыкладаў за 60 хвілін. Матэматыка была першая, частку я не паспела, таму ўсе астатнія тэсты я спрабавала зрабіць як мага хутчэй. У мяне была добрая ангельская, таму я планавала, што эсэ выцягне ўсе астатнія тэсты. Калі пастаянна трэніравацца і рашаць на хуткасць, а таксама разабраць і практыкаваць механізм рашэння лагічных задач, то тэсты прайсці будзе не складана.
Пра дыпломную працу
У канцы вучобы мы пішам дыпломную працу. Тэмы выбіраем яшчэ ў траўні 2 курсу, можна пісаць у пары і на абсалютна любую тэму.
Я пішу пра сітуацыю бежанцаў у Латвіі. А менавіта, што думаюць дзяржаўныя і карпаратыўныя дзеячы аб магчымым унёску бежанцаў у эканоміку Латвіі. Праводзіла інтэрв’ю з членамі Парламента, Міністэрства Дабрабыту, прадстаўнікамі кампаній. Не ведаю пакуль, што з гэтага атрымаецца, але размаўляць з людзьмі было вельмі цікава 🙂 Яшчэ мяне здзівіла адкрытасць і даступнасць Членаў Парламента. Я баялася, што мне ніхто не адкажа (сіндром беларуса), а атрымалася, што адказала больш, чым мне трэба было.
Дарэчы, у першым семестры 3 курсу можна паехаць вучыцца па абмене ў краіны Еўропы, у Амерыку альбо Азію. Я ў мінулым семестры ездзіла ў Ганконг у City University of Hong Kong.
Арцём Семянчук
Пра першы год вучобы
Зараз я студэнт 1 курсу, ужо другі раз у сваім жыцці (першы раз быў у БДУ на факультэце ІБМТ).
Паступленне ў SSE было сапраўднай марай.
Асноўны ўхіл тут зроблены на першыя 2 гады навучання. За першы год мы вывучаем асноўныя эканамічныя і мэнэджарскія дысцыпліны: мікра-, макраэканоміка, бухгалтарскі ўлік, арганізацыя і кіраванне, кіраўнічая эканоміка і інш. Гэта дазваляе ўжо пасля першага года сфармаваць карціну таго, як працуюць прадпрыемствы і эканоміка. На другім годзе большы фокус на працу з людзьмі і фінансы.
У SSE ты 24 гадзіны ў суткі знаходзішся ў атмасферы, дзе ў кожнага ёсць матывацыя вучыцца і паказваць выдатныя вынікі. Гэта падштурхоўвае цябе самога развівацца яшчэ больш.
У SSE створаны ўсе ўмовы для таго, каб працэс навучання быў максімальна камфортным: лобі зроблена такім чынам, каб зручна было працаваць самому і групе; бібліятэка арганізавана так, каб магчыма было ў цішыні папрацаваць аднаму; у любы момант можна ўзяць любы пакой і працаваць там.
Пра вучобу 24/7
З першага дня вучобы пачаўся SSE workload: сітуацыя, калі цябе загружаюць працай настолькі, што слаба ўяўляеш, ці магчыма справіцца. Нармальнае відовішча – бачыць студэнтаў, якія сыходзяць з універсітэта а 2-й ночы і вяртаюцца а 7-й раніцы. Заданні самі па сабе вельмі цікавыя і досыць challenging, таму што даводзіцца працаваць у складаных камандах і выходзіць з зоны камфорту.
Адно з першых заданняў было ў кааперацыі з найбуйнейшай латвійскай рытэйл сеткай Rimi. Прадстаўнікі кампаніі далі бізнэс-кейс, які мы павінны былі вырашыць, яны яго ж і ацэньвалі. 24 гадзіны на тое, каб правесці аналіз інфармацыі і даць правільнае рашэнне. Гэта быў другі дзень у школе. У хуткім часе мы атрымалі заданне на напісанне навуковага артыкула.
Самы нестандартны курс для звычайнага ўспрымання, напэўна, быў “Прадпрымальніцтва”. 72 гадзіны, каб кожная каманда стварыла кампанію фактычна з нуля, якая вырашыла б адну з глабальных праблем. Гучыць па-вар’яцку, але так яно і было! Праблемы тыпу food shortage, limited access to finance, global warming. Мэта – стварыць свайго роду сацыяльны бізнэс, які дапамагае вырашыць праблему плюс генеруе profit.
Мая каманда працавала рады рашэннем праблемы access to finance. Мы стваралі кампанію па прынцыпе uber для грошай. Ідэя, на самой справе, peer to peer landing, існуе ўжо некалькі гадоў. Аднак мы спрабавалі забяспечыць большы ўзровень даверу праз стварэнне дадатковых сэрвісаў. Праца над праектам не была ізаляванай. Мы выходзілі на вуліцы, праводзілі апытанні, даследаванні, каб ацаніць попыт на прадукт. Аналіз інфармацыі, супастаўленне нашых інтарэсаў і інтарэсаў патэнцыйных кліентаў дазволіла прапрацаваць дастаткова якасны прадукт. Дарэчы, 3 лепшыя праекты былі запрошаныя на сустрэчу з патэнцыяльнымі інвестарамі ў межах стартап-канферэнцыі ў Рызе.
Такія курсы дапамагаюць зразумець, што твае магчымасці амаль бязмежныя і пры правільным мэнэджменце чалавек можа быць вельмі эфектыўным.
Прадпрымальніцтва быў як раз той курс, калі я прыходзіў у школу а 6 раніцы і сыходзіў а 2 ночы.
Увогуле, працэс навучання вельмі практычны. Заўсёды выкарыстоўваюцца рэальныя прыклады і спасылкі на сённяшнія навіны. Напрыклад, на лекцыі па мікраэканоміцы прафесар ўсё тлумачыць на памідорах, солі або туфлях.
І так, нас ёсць social life таксама. Мы не толькі вучымся, але і нядрэнна адпачываем. Бо другі дэвіз SSE: study hard, party harder.
Алеся Фядулава
Пра экзамены
У SSE няма ні сесій, ні гадавых экзаменаў. Спачатку ідуць прадметы даўжынёй ад 3 тыдняў да 2 месяцаў. Як толькі прадмет заканчваецца – адразу іспыт. Гэта значыць, экзамены ў нас літаральна кожны месяц. Як правіла, паралельна ідуць 2-3 прадметы.
Звычайна гэта пісьмовы іспыт, дзе трэба самому рашыць заданні па ўсіх тэмах. Але, напрыклад, на 2 курсе быў прадмет Human Resources Management (HRM), па якім экзамен быў вусны. Мы павінны былі падрыхтаваць план развіцця кампаніі, зыходзячы з вывучанага матэрыялу, і потым прэзентаваць яго перад экзаменатарамі.
Ёсць яшчэ адзін від здачы, але ён таксама бывае рэдка. На кампутарах ёсць спецыяльная праграма, куды закладваюць экзамен, і мы ў кампутарах кожны пішам іспыт. Але гэта толькі на гуманітарных прадметах, дзе трэба апісваць тэорыю і асабліва няма матэматыкі. Напрыклад, такія прадметы як Business Law ці Market Research.
Пра адпачынак
Канікулы – гэта толькі тыдзень на Новы год і ўсё 🙂 Ёсць яшчэ ў сярэдзіне красавіка тыдзень пераздачаў і час для напісанне рэпорта (кшталту нашай курсавой працы). Лекцый у гэты час няма.
Вольны час, калі шчыра, у кожнага розны. Ёсць людзі, якія адпачываюць пастаянна, ёсць тыя, хто вечна вучыцца ва ўніверы.
У SSE ёсць шмат арганізацый, якія займаюцца падрыхтоўкай сур’ёзных івэнтаў. Напрыклад,Open door day ці сустрэчы з цікавымі бізнэсмэнамі. Вельмі часта гэтыя госці – выпускнікі SSE, якія распавядаюць пра сваю вучобу і бізнэс.
Калі гаварыць проста пра тусоўкі, то іх ў SSE таксама ладзяць даволі часта. Іх арганізоўвае студэнцкая асацыяцыя, якая ў нас вельмі развіта. Самыя глабальныя вечары – гэта некалькі штук на 1 курсе (нешта накшталт прысвячэння) і ў сакавіку для аднакурснікаў (калі сканчаецца самы складаны курс за ўсё SSE).
Шмат спартыўных мерапрыемстваў. Ёсць Summer & winter symposium (нешта накшталт алімпійскіх гульняў на велізарным полі, дзе ёсць домікі для пражывання). Туды прыязджаюць студэнты і выпускнікі, загадзя складаюцца каманды і ўсё між сабой спаборнічаюць.