Студэнт каледжа UWC: “Мала вольнага часу: ты ці вучышся, ці спіш, ці сацыялізуешся”

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 12.02.2018
  • Блог
  • Здымкі: асабісты архіў Арцёма

З першага разу Арцём Каранкевіч не паступіў у каледж UWC, пра які марыў. Але не здаўся – і здзейсніў сваю мару на другі год. Пра асаблівасці паступлення, працэс навучання і шмат іншага Арцём падзяліўя з Adukacyja.info.

Пра праграму UWC я даведаўся ў 10 класе, калі ў Ліцэй БДУ, дзе я вучыўся, прыехала яго выпускніца і распавяла пра рух UWC і каледж, у якім яна навучалася (у Маастрыхце). У той час у мяне быў пераломны момант, калі я зразумеў, што не хачу быць праграмістам (на каго я і навучаўся ў ліцэі на фізмаце). Паспрабаваў паступіць ў каледж UWC у 10 класе, але мяне не ўзялі. Потым у 11-ым, і мяне адабралі ў Дзіліжан, Арменію.

Чаканняў ад UWC было вельмі шмат, я ставіў усю сваю будучыню на гэта. Калі прыехаў на месца, быў вельмі здзіўлены ўсім: умовамі жыцця ў каледжы, студэнтамі, настаўнікамі, новай сістэмай адукацыі. Зусім не расчараваўся. Канешне, праграма Міжнароднага Бакалаўрыята з’яўляецца адной з самых складаных праграм сярэдняй школы ў свеце, таму вучыцца вельмі цяжка. Але мадэль адукацыі там пабудавана не на простым запамінанні тэорыі і здачы іспытаў, а вывучэнні прадметаў праз практыку.

Як ты рыхтаваўся да паступлення?

Да паступлення рыхтавацца цяжка, таму што ты не ведаеш, што спытаюць на сумоўі. Калі ты едзеш вучыцца за мяжу, ты становішся нефармальным амбасадарам сваёй краіны. Каб добра прадстаўляць краіну, трэба ведаць яе мову, культуру і гісторыю. Адбор быў у сакавіку, і я ведаў, што калі б не прайшоў ў UWC, то паспрабаваў бы паступіць у Стакгольмскую школу эканомікі ў Рызе, адбор туды ў траўні. ВНУ ў Мінску былі апошнім варыянтам, які я вельмі не хацеў разглядаць, бо разумею, што для шырокага разумення гэтага света мне патрэбна нешта большае: вопыт жыцця з замежнікамі з розных краін. Я не магу сказаць дакладна, чаму абралі мяне, а не кагосьці іншага: гэта вельмі суб’ектыўна. Да адбору я два гады вёў актыўнае сацыяльнае жыццё: удзельнічаў у розных канферэнцыях, супрацоўнічаў з беларускімі НДА, валанцёрыў. Паспяховасць, канешне, таксама ўплывае, але ў Ліцэі БДУ складана не вучыцца.

Якім быў твой узровень валодання ангельскай мовай на момант паступлення?

Веданне мовы само па сабе адносна, таму я магу сказаць, што вельмі дрэнна валодаў ангельскай мовай падчас падачы заяўкі. Але калі прыехаў у каледж, зразумеў, што ёсць куды развівацца. А для тых, хто горш ведае ангельскую мову, ёсць english support classes.

Якія прадметы ты вывучаеш? 

Напрыклад, вывучэнне канцэптаў на уроках паліталогіі ў нас праходзіць праз сімуляцыі і палітычныя гульні. Я лічу, што такая сістэма значна эфектыўней, таму што ты вучышся аналізаваць веды, а не проста «зубрыць» . Прадметаў 6, ты выбіраеш іх сам. Гэта першая мова (ангельская мова і літаратура ці выбіраеш сваю родную і вучыш яе сам без настаўніка, а потым пішаш іспыты), другая мова (якую вучыш з нуля, у нас у каледжы магчыма выбраць паміж гішпанскай, рускай, нямецкай і французскай), матэматыка (выбіраеш узровень складанасці), гуманітарная навука (у нас у каледжы ёсць паліталогія, эканоміка, геаграфія, гісторыя і філасофія), эксперыментальная навука (біялогія, хімія, фізіка і экалогія), мастацтва (тэатр, музыка і выяўленчае мастацтва). Я вывучаю нямецкую мову, ангельскую мову і літаратуру, матэматыку на павышаным узроўні, біялогію, паліталогію і выяўленчае мастацтва.

Чым займаешся ў вольны час?

Мастацтвам ці раблю ўсё тое, што і іншыя. Але вельмі мала вольнага часу ў каледжы, збольшага ты ці вучышся, ці спіш, ці сацыялізуешся.

Як праходзіла адаптацыя ў новай краіне?

Канешне, было цяжка адаптавацца да новай сістэмы адукацыі, да новых культур, да ангельскай мовы, але гэты хутка праходзіць.

Якімі былі твае першыя эмоцыі, калі ты даведаўся, што паступіў?

Я быў самым шчаслівым чалавекам у той момант. Па-першае, з плеч упаў вялікі цяжар, які называецца ЦТ. Па-другое, UWC было маёй марай два гады, і яна здзейснілася.

Існуюць якія-небудзь заахвочвання за добрую вучобу?

Усё проста: лепш вучышся – у лепшы вну паступаеш.

Што плануеш рабіць далей?

Зараз я у працэсе падачы дакументаў у вну ў Амерыку. Паступаю на графічны дызайн. Для выпускікоў UWC ёсць фонд у Амерыцы, які дае 20 тысяч даляраў у год на адукацыю ў адін з 90 вельмі добрых універсітэтаў ЗША. А наконт вяртання ў Беларусь – то гэта як карта ляжа. У гэтым жыцці трэба быць адкрытым да ўсяго.