Стыпендыя Chevening: тваё лепшае заўтра

  • 09.09.2015
  • Блог
  • Здымкі: Юлія Барыла

Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і стыпендыятка 2015 года Наталля Нямкова

Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і стыпендыятка 2015 года Наталля Нямкова

2 верасня ў Амбасадзе Вялікабрытаніі ў Менску адбылася штогадовая сустрэча выпускнікоў – стыпендыятаў Chevening, адной з самых прэстыжных і вядомых стыпендый свету.

Adukacyja.info не так даўно ўжо абвясціла аб адкрыцці заявак на стыпендыю. Калі ў вас усё ж такі засталіся пытанні, то спадзяемся, што пасля гэтага артыкула ўсе сумнёвы адпадуць самі па сабе і вы рашуча пойдзеце запаўняць анлайн-анкету.

Стыпендыя Chevening – адукацыйная праграма брытанскага ўрада, якая фінансуецца міністэрствам замежных спраў Брытаніі і партнерскімі арганізацыямі. Стыпендыя прадугледжвае поўную фінансавую падтрымку па навучанні ў магістратуры любога ўніверсітэта Вялікабрытаніі.

Праграма, заснаваная ў 1983 годзе, налічвае сёння каля 44 000 выпускнікоў. Суполка аб’ядноўвае рэальных лідараў, амбіцыёзных і таленавітых прафесіяналаў самых розных накірункаў дзейнасці.

На навучальны 2016/17 год стыпендыя прадугледжана для 1800 кандыдатаў са 160 краін свету. Запоўніць анкету можна на афіцыйным сайце стыпендыі.

Бадай, самая добрая навіна для беларускіх студэнтаў – тое, што ў гэтым годзе замест традыцыйных дзвюх месцаў адкрыта ажно шэсць, – расказвае Джослін Сміт, супрацоўніца сакратарыята стыпендыі па міжнародных сувязях.

Джослін Сміт

Джослін Сміт

– Таксама павялічылася агульная колькасць месцаў (1800 супраць 600 у мінулым годзе). Мы свядома пайшлі на гэта, бо ўбачылі, якую карысць пачалі прыносіць нашыя выпускнікі. А ўсе стыпендыяты Chevening – гэта людзі з выдатна развітымі лідарскімі здольнасцямі. Таму брытанскі ўрад вырашыў у гэтым годзе яшчэ больш падтрымаць праграму.

У 2016/17 годзе прыярытэтнымі навуковымі напракамі для даследчыкаў з Беларусі з’яўляюцца:

  • эканоміка, фінансы, бізнэс;

  • журналістыка і медыя-менеджмэнт;

  • палітычныя, сацыяльныя даследванні і права;

  • дзяржаўнае і рэгіянальнае кіраванне;

  • кіраванне ў галіне адукацыі.

Аднак пералічаныя сферы не катэгарычныя, падкрэслівае Джослін. То бок, калі ў вас ёсць матывацыя і значныя дасягненні, напрыклад, у вывучэнні экалогіі і энэргетычнай бяспекі, то сакратарыят з задавальненнем разгледзіць вашую анкету. І яшчэ раз нагадвае: прэтэндэнтамі на атрыманне Chevening могуць стаць маладыя спецыялісты, якія маюць выразныя лідарскія здольнасці і добрую акадэмічную падрыхтоўку.

Акрамя гэтага, існуюць яшчэ некаторыя ўмовы:

  • грамадзянства адной з краін-удзельніц (Беларусь уключана ў праграму);
  • абавязковае вяртанне пасля навучання на радзіму як мінімум на два гады, каб прымяніць свае на веды на практыцы;
  • дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта з адносна высокім балам (прыблізна не ніжэй за 7,5);
  • двухгадовы стаж працы (сюды можна ўлічыць валанцёрскую дзейнасць і стажыроўкі);
  • пацверджанне добрага валодання ангельскай мовай (да 14 ліпеня 2016 года);
  • заяўка на 3 магістарскія праграмы розных ўніверсітэтаў Брытаніі (і да 14 ліпеня 2016 года атрымаць пацверджанне аб залічэнні ад хаця б аднаго з іх).

Джослін вельмі раіць падавацца на тую спецыяльнасць, па якой вы маеце дыплом. Гэта адзін з самых важных момантаў паспяховага залічэння. Яшчэ адна парада: не рызыкаваць і не пакідаць усё на апошні месяц. Так, сдаць тэст на веданне мовы можна ўжо зараз.

Супрацоўнікі сакратарыята актыўна падтрымліваюць стыпендыятаў і на стартавым этапе, калі тыя толькі збіраюць дакументы, і па прыбыцці ў Вялікабрытанію. Таксама за кожным стыпендыятам замацоўваецца куратар, да якога можна звярнуцца абсалютна па любым пытанні. Дарэчы, падчас вучобы для магістрантаў арганізоўваюць разнастайныя сустрэчы і дыскусія, каб у фармаце нэтворкінгу моладзь пашырыла сваю сетку кантактаў.

Я хачу падкрэсліць, што Chevening разлічана на моладзь з пэўнымі лідарскімі здольнасцямі. Мы робім усё магчымае, каб пасля вучобы і вяртання на радзіму ў выпускніка былі шматлікія знаёмствы па ўсім свеце, – адзначае Джослін.

Стыпендыяты 2015 года

Стыпендыяты 2015 года

Ураджаннямі ад вучобы дзеліцца стыпендыят Chevening, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Дар’я Гіргель:

– Я вучылася ў магістратуры University of Kent. Мая праца гучала як «Феномен акцёрскай гульні ў фільме “Хросны бацька” (1972)”.

Гэта быў сапраўдны life changing experience.

Цікавы досвед быў па напісанню эсэ. Калі трэба здаць яго ў пэўны тэрмін, то менавіта ў гэты час і ні хвілінай пазней. Першы раз, калі я прыйшла здаваць эсэ, то мяне папрасілі запоўніць спецыяльны бланк (колькасць слоў, назву, курс, імя выкладчыка), а таксама распісацца, што ў рабоце няма плагіяту. На дакуменце паставілі пячатку, а мне далі ліст з указаннем дакладнага часу, калі было прынесена эсэ. Памятаю, я спытала англічанку Фрэнсіс, што будзе, калі прынесці працу на дзень пазней. Яна нават не зразумела майго пытання!

Акрамя гэтага, кожнаму магістранту давалі памятку “A Handbook for Students in Film Studies”.

Уразіла бібліятэка! Залы з камп’ютарамі, паўсюль інтэрнэт; ёсць асобныя памяшканні для заняткаў у групах, а ёсць такія, дзе размаўляць увогуле забараняецца. Падчас сесій бібліятэка працуе амаль да 12 гадзіны ўночы.

Калі прызначана кансультацыя з выкладчыкам і стаіць час, напрыклад, з 11.00 да 11.45, то ён скончыць з вамі размаўляць менавіта ў 11.45. І студэнт павінен разумець, што гэта менавіта яго адказнасць – не спазніцца.

У першую нядзелю праходзіў кірмаш розных гурткоў па інтарэсах. Любы студэнт можа прапанаваць свой: каму што цікава. Альпінізм, велашпацыр, кіно, фатаграфія, філасофія, рэлігія… Былі нават гурткі, прысвечаныя піратам і магіі! Самае важнае: ініцыятыва сыходзіць ад саміх студэнтаў, а ўніверсітэт толькі прапаноўвае памяшканне пад заняткі. Яшчэ раз падкрэслю: гэта выключны досвед. І я ўсім раю яго атрымаць.

Больш падрабязнаю інфармацыю па атрыманні стыпендыі Chevening вы можаце знайці на сайце і афіцыйнай Facebookcтаронцы праграмы.