Стыпендыя Chevening
- 14.09.2015
- Вялікабрытанія
Стыпендыя Chevening – адукацыйная праграма брытанскага ўрада, якая фінансуецца міністэрствам замежных спраў Брытаніі і партнерскімі арганізацыямі. Стыпендыя прадугледжвае поўную фінансавую падтрымку па навучанні ў магістратуры любога ўніверсітэта Вялікабрытаніі.
Праграма, заснаваная ў 1983 годзе, налічвае сёння каля 44 000 выпускнікоў. Суполка аб’ядноўвае рэальных лідараў, амбіцыёзных і таленавітых прафесіяналаў самых розных накірункаў дзейнасці.
На навучальны 2016/17 год стыпендыя прадугледжана для 1800 кандыдатаў са 160 краін свету. Запоўніць анкету можна на афіцыйным сайце стыпендыі.
У 2016/17 годзе прыярытэтнымі навуковымі напракамі для даследчыкаў з Беларусі з’яўляюцца:
-
эканоміка, фінансы, бізнэс;
-
журналістыка і медыя-менеджмэнт;
-
палітычныя, сацыяльныя даследванні і права;
-
дзяржаўнае і рэгіянальнае кіраванне;
-
кіраванне ў галіне адукацыі.
Аднак пералічаныя сферы не катэгарычныя. То бок, калі ў вас ёсць матывацыя і значныя дасягненні, напрыклад, у вывучэнні экалогіі і энэргетычнай бяспекі, то сакратарыят з задавальненнем разгледзіць вашую анкету. Прэтэндэнтамі на атрыманне Chevening могуць стаць маладыя спецыялісты, якія маюць выразныя лідарскія здольнасці і добрую акадэмічную падрыхтоўку.
Акрамя гэтага, існуюць яшчэ некаторыя ўмовы:
- грамадзянства адной з краін-удзельніц (Беларусь уключана ў праграму);
- абавязковае вяртанне пасля навучання на радзіму як мінімум на два гады, каб прымяніць свае на веды на практыцы;
- дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта з адносна высокім балам (прыблізна не ніжэй за 7,5);
- двухгадовы стаж працы (сюды можна ўлічыць валанцёрскую дзейнасць і стажыроўкі);
- пацверджанне добрага валодання ангельскай мовай (да 14 ліпеня 2016 года);
- заяўка на 3 магістарскія праграмы розных ўніверсітэтаў Брытаніі (і да 14 ліпеня 2016 года атрымаць пацверджанне аб залічэнні ад хаця б аднаго з іх).
Эксперты вельмі раяць падавацца на тую спецыяльнасць, па якой вы маеце дыплом. Гэта адзін з самых важных момантаў паспяховага залічэння. Яшчэ адна парада: не рызыкаваць і не пакідаць усё на апошні месяц.
Супрацоўнікі сакратарыята актыўна падтрымліваюць стыпендыятаў і на стартавым этапе, калі тыя толькі збіраюць дакументы, і па прыбыцці ў Вялікабрытанію. Таксама за кожным стыпендыятам замацоўваецца куратар, да якога можна звярнуцца абсалютна па любым пытанні. Дарэчы, падчас вучобы для магістрантаў арганізоўваюць разнастайныя сустрэчы і дыскусіі, каб у фармаце нэтворкінгу моладзь пашырыла сваю сетку кантактаў.