Стыпендыяльная праграма імя Стэфана Банаха


Стыпендыяльная праграма імя Стэфана Банаха штогод запрашае на вучобу ў Польшчы студэнтаў з Беларусі.

Навучанне па праграме дазволіць атрымаць ступень магістра альбо доктара навук у польскіх вышэйшых навучальных установах, падначаленых Міністэрству навукі і вышэйшай адукацыі.

Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне краін Усходняга партнёрства (Беларусі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджану, Грузіі).

Набор кандыдатаў на навучанне другой ступені ажыццяўляецца праз пасярэдніцтва польскіх дыпламатычных і консульскіх установаў.

Набор кандыдатаў на трэцюю ступень навучання адбываецца праз пасярэдніцтва польскіх ВНУ.

Важная ўмова – скончыць першую ступень навучання трэба не больш як тры гады таму да пачатку атрымання стыпендыі.

Спецыяльнасці

Стыпендыя разлічана на навучанне ў вобласці дакладных, прыродазнаўчых, тэхнічных навук ці па накірунку еўрапеістыка/еўрапейскае права. Пасля сканчэння першага курсу стыпендыяты атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у праграме абмену студэнтаў Erasmus. Таксама студэнты змогуць прайсці кароткатэрміновую стажыроўку на тэрыторыі Польшчы, а перад пачаткам вучобы – летні курс польскай мовы.

Працэс падачы дакументаў:

  • дакументы неабходна падаваць у консульства па месцы жыхарства;
  • адбор кандыдатаў складаецца з 2 этапаў. На першым этапе ажыццяўляецца праверка дакументаў. На другім – сумоўе ў прысутнасці прыёмнай камісіі;
  • сумоўі адбудуцца ў Мінску;
  • у складзе камісіі будуць супрацоўнікі польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, BUWiWM і дзяржаўных ВНУ РП;
  • тэматыка сумоўя – профільныя дысцыпліны.

Фінансавыя ўмовы

Памер стыпендыі складае 1350 злотых штомесяц. Арганізатары аплоцяць выдаткі, звязаныя з удзелам у падрыхтоўчым курсе, а тасама ў мерапрыемствах для ўдзельнікаў праграмы.

Падрабязна пазнаёміцца з умовамі падачы заяўкі можна па спасылцы (на польскай мове) ці тут.