Стыпендыяльная праграма ўраду Рэспублікі Польшча для маладых навукоўцаў


Гэтая праграмы прызначана для тых, хто хоць нейкім чынам звязаны з навукай. Гэта могуць быць асобы, якія толькі што скончылі ВНУ (але з пацверджанымі навуковымі зацікаўленасцямі ў выглядзе, напрыклад, артыкулаў альбо ўдзелу ў канферэнцыях), аспіранты, навуковыя супрацоўнікі.

IMG_1695

Замкавая плошча ў Варшаве

Для паступлення найперш трэба сабраць камплект неабходных папераў (інфармацыя тут i тут). Іх можна як выслаць поштай, так і проста пакінуць у польскай амбасадзе ў Мінску. Калі па выніках сабраных дакументаў кандыдат праходзіць адбор, то ён будзе запрошаны на сумоў’е, якое адбываецца ў амбасадзе Польшчы ў Мінску. Сумоў’е праводзяць выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэту, і адбываецца яно па-польску. Веданне польскай мовы прынамсі на базавым узроўні для беларусаў абавязковае. Плюсам для кандыдата будзе і веданне ангельскай, але яно не абавязковае. На сумоўі пытаюцца пра сферу навуковых інтарэсаў, якія польскія навуковыя асяродкі цікавяць і чаму, з кім з польскіх навукоўцаў хацелася б супрацоўнічаць. Усё гэта пасля будзе ўлічана пры размеркаванні па польскіх ВНУ.

Стажыроўка складаецца з двух частак: месяца вывучэння (альбо паляпшэння ведаў) польскай мовы і 9 месяцаў непасрэдна стажыроўкі ў канкрэтнай ВНУ. Пры ўмове выканання ўсіх патрабаванняў праграмы можна атрымаць стыпендыю яшчэ на 1 месяц – ліпень, і правесці яго як заўгодна.

Першы месяц маладыя навукоўцы праводзяць у Варшаве, навучаючыся польскай мове і знаёмячыся з польскай культурай у цэнтры “Палонікум” Варшаўскага ўніверсітэта. Адразу ж пасля ўрачыстага распачацця стыпендыяльнай праграмы праводзіцца пісьмовы тэст на веданне польскай. Па яго выніках дзеляць на групы. І вось, месяц часу вы вучыце польскую штодня з раніцы да палудня, а пасля вас знаёмяць з Варшавай (наведванне музеяў, кінатэатраў і тэатраў) і Польшчай (паездкі ў іншыя гарады). Дзесьці за тыдзень-паўтарa да заканчэння месяца становіцца вядома, у які ўніверсітэт вас накіруюць і хто будзе вашым навуковым кіраўніком на бліжэйшы год.

Па завяршэнні месяца вывучэння польскай мовы ўдзельнікі праграмы здаюць тэст, па выніках якога кожны атрымлівае сертыфікат Варшаўскага ўніверсітэта з пазначаным узроўнем валодання польскай мовай.

Паводле сферы навуковых зацікаўленасцяў, стыпендыятаў накіроўваюць у розныя польскія гарады: Познань, Вроцлаў, Кракаў, Гданьск, Торунь, Варшаву.

Абавязкам удзельнікаў падчас стажыроўкі з’яўляецца наведванне вызначанага мінімуму заняткаў і напісанне дзвюх прац: семестральнай і выніковай (дыпломнай). Тэма апошняй абмяркоўваецца і абіраецца разам з навуковым кіраўніком. Курсы заняткаў, якія можна наведваць, навукоўцы абіраюць самі. Акрамя спецыяльных прадметаў, можна вывучаць мовы, працягваць вывучэнне польскай. Напрыканцы семестру ўсе мусяць атрымаць залікі па тых прадметах, якія наведвалі. Штотыдзень адбываюцца таксама сустрэчы з навуковым кіраўніком для кансультацый.

Кансультацыі праводзіць таксама кожны выкладчык ва ўніверсітэце. Выкладчыкі маюць вызначаныя дні і гадзіны на тыдні, у якія да іх можна прыйсці і атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па канкрэтных пытаннях. Існуе магчымасць удзелу ў навуковых канферэнцыях, семінарах, а таксама працы ў архівах і бібліятэках Польшчы. Праграма прадугледжвае аднаразовае выдзяленне сродкаў на набыццё неабходнай літаратуры.

Студэнтам прадстаўляецца штомесячная стыпендыя (1350 злотых), месца ў інтэрнаце (за якое трэба з той самай стыпендыі заплаціць. Кошты адрозніваюцца – ад 260 да 500 зл. Апошні кошт – гэта асобны пакой ў Варшаве). Ва ўніверсітэтах выдаецца студэнцкі альбо аспіранцкі білет, які дасць права на ільготны праезд у транспарце. Па прыездзе ў Польшчу ўдзельнікам праграмы неабходна будзе зрабіць г.зв. карту побыту (від на жыхарства), а таксама адкрыць банкаўскі рахунак, на які будзе пералічвацца стыпендыя.

Стыпендыяльная праграма ураду Рэспублікі Польшча для маладых навукоўцаў – гэта цудоўная магчымасць паглыбіць веды ў той галіне навукі, якой вы займаецеся, а таксама пашырыць кола навуковых кантактаў.