Семінар для журналістаў у Берліне


Мне пашанцавала наведаць семінар для маладых журналістаў у Берліне, які быў арганізаваны дзякуючы фонду газеты TAZ (taz Panter Stiftung) і грамадскай культурніцкай арганізацыі MitOst.

Семінар быў прысвечаны тэме меншасцяў у Нямеччыне – нацыянальных, сэксуальных, а таксама інвалідаў. Праграма разлічана для маладых журналістаў з Малдовы, Украіны, Расіі, Беларусі. Кандыдатам не абавязкова быць журналістамі з істотным стажам працы ў СМІ: тэрмін «журналіст» інтэрпрэтуецца шырока, гэта можа быць блогер ці пазаштатны карэспандэнт.

Семінар доўжыўся сем дзён, працоўная мова – руская, што здымае камунікацыйныя перашкоды. Арганізатары пакрываюць усе выдаткі. Прыемным бонусам з’яўляецца і тое, што амаль ва ўсе музеі замежных журналістаў прапускаюць бясплатна, па прэс-карце.

SONY DSC

Пяціпавярховы палавы орган

Будынак рэдакцыі газеты ўразіў: на ім намаляваны палавы орган, на ўсе пяць паверхаў. Справа ў тым, што насупраць рэдакцыі TAZ змяшчаецца рэдакцыя нямецкамоўнай жоўтай прэсы Bild, і аднойчы ў «TAZ» выйшаў сатырычны фельетон, быццам бы галоўны рэдактар «Bild» Kai Diekmann адправіўся на аперацыю па павелічэнні таго самага, што зараз на пяць паверхаў. Артыкул надрукавалі на 20-ай старонцы газеты, якая славіцца выдуманымі жартаўлівымі гісторыямі. Kai Diekmann вырашыў падаць у суд. Грошы ён не атрымаў, але электроннае выданне прыбрала гэты артыкул.

Скульптар Пітэр Ленк папрасіў рэдактара «TAZ» аб дазволе ўсталяваць выпуклы малюнак на сцяне будынка, які і ўсталявалі ноччу. Такім чынам, з’явіўся гэты твор мастацтваў, на якім намаляваныя яшчэ і некаторыя пацярпелыя ад артыкулаў рэдактара «Bild». Тагачаснага галоўнага рэдактара «TAZ» змяніў яго пераемнік, і шматлікім супрацоўнікам штата не па душы гэты малюнак, але па законах Нямеччыны гэта ўжо абароненае мастацтва. Дарэчы, мур з выявай глядзіць якраз на вокны «Bild»…

Падчас праграмы мы слухалі лекцыі ад журналістаў TAZ. На іх можна было даведацца аб працы рэдакцыі, аб гісторыі газеты, што існуе з 1978 г.

Галоўны рэдактар «TAZ» — лесбіянка, а ў нас людзі нетрадыцыйнай арыентацыі быццам і не існуюць. Ці гэта толькі мне не пашанцавала пачуць гучнае, сур’ёзнае, ня шэптам і не перад двума, трыма людзьмі «Я – гей»?

Дарэчы, каардынатары семінара, праводзячы экскурсію па рэдакцыі, сарамліва прыгаворвалі: «Рэдакцыя ў нас невялікая – працуе прыблізна 150 чалавек, і гэта з фрылансерамі. Пяць паверхаў і ўнізе сваё кафэ». Гэта штодзённая газета, наклад якой складае каля 60. 000 асобнікаў.

Газета «TAZ» здзіўляе малой колькасцю рэкламных блокаў і пры азнаямленні з ёй паўстае лагічные пытанне – на якія сродкі існуе выданне? Аказалася, што газета існуе за кошт фонда Pantera, у які любы ахвотны можа зрабіць унёсак, каб такая выдатная газета працягвала сваё існаванне. Уявіць тое самае ў сучаснай Беларусі, на жаль, не прадстаўляецца магчымым.

Свет, дзе жыве чалавек

Падчас аднаго з ланчаў мы наведалі Mauer Café, дзе працуюць таксама і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Уразіла тое, як малады 23-цігадовы хлопец Табіяс Шмідт з сіндромам Даўна спакойна, з усмешкай, разносіць напоі наведвальнікам кафэ. Ён падрабязна распавёў, як працуе, што ўваходзіць у яго абавязкі, і з задавальненнем пазаваў перад фотакамерай. Перад гэтым усмешлівым, добразычлівым, задаволеным жыццём чалавекам адчуваеш сябе крыху няўтульна, паколькі цяжка ўявіць падобную сітуацыю ў маёй краіне.

У Нямеччыне для такіх людзей з асаблівасцямі існуе шмат інтэграцыйных праграм: вучыцца з усімі, працаваць з усімі, быць усюды, дзе пажадае душа. Інваліды нічым не абмежаваныя – у любой установе ёсць і пандусы, і ліфты; цяжка ўявіць сабе месца ў Берліне, куды інвалід не змог бы патрапіць.

Мне давялося пабываць таксама ў дзіцячым інтэграваным садку. Сярод абсалютна здаровых хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць і дзеткі з захворваннямі – напрыклад, аўтызму. Выхавальнікі вучаць дзяцей, што гэта не праблема, проста ўсе мы розныя. Дзяцей выхоўваюць так, што ніхто не пакрыўдзіць і ня пасмяецца над сваім аднакашнікам з асаблівасцямі, наадварот, яго падтрымаюць і дапамогуць.

Дарэчы, у садку тры выхавальніцы на групу. Сістэма заняткаў пабудавана такім чынам, што дзіця само вырашае, чым хоча займацца. Малым ніколі не скажуць: «Цяпер будзем маляваць». Не, у дзіцяці пытаюцца: “Чым ты хочаш займацца сёння?». Хтосьці сядзе маляваць, а нехта — гуляць. На цалкам разумнае пытанне ўдзельнікаў семінара: «А калі нічога рабіць не хоча?», выхавальнікі шчыра здзіўляюцца: «Як нічога? У нас такога не бывае».

Бацькі дзяцей, што наведваюць гэты садок, заўважаюць: дзеці не стамляюцца ў садку, іх ні да чаго не прымушаюць, таму і дома яны сябе паводзяць спакойна і ўраўнаважана.

Падчас праграмы атрымалася наведаць і шэраг дзяржаўных установаў – Міністэрства замежных справаў, Федэральную канцылярыю, Рэйхстаг. Цікава, што ў калідорах на сценах Рэйхстагу можна пабачыць арыгінальныя надпісы савецкіх салдат, што тыя пакінулі ў маі 1945-га. Усё гэта гісторыя, якая, як лічаць немцы, павінна быць захаваная.

Што рабіць з натхненнем?

Вынікам нашага семінара сталі матэрыялы, напісаныя для «TAZ». Удзельнікі таксама атрымалі сертыфікаты аб удзеле ў праграме, што можна будзе пазначыць у сваім рэзюмэ.

Уразiцца, захапіцца, натхніцца і наведаць семінары газеты «TAZ» раю ўсім маладым журналістам. Дарэчы, семінары не рэдкія – у мінулым годзе іх адбылося пяць, кожны прысвечаны новай тэме.

Семінар «TAZ» — аб праблемах, пра якія ў Беларусі не прынята казаць гучна, а можа нават і ўслых. Пра людзей, якіх няма ў грамадстве, дакладней, пра тых, якіх грамадства пастаралася адсунуць на ўскраіну сваёй свядомасці. Як журналіст я атрымала досвед, а галоўнае – інфармацыю і веды, якія дапамогуць мне ў працы яшчэ не над адным матэрыялам.