Семестр па абмене ў Венгрыі: татальная адказнасць, сальса і пералёт праз акіян


З Дар’яй Кракавяк мне пашчасціла пазнаёміцца падчас падрыхтоўкі майго выступу на TEDx у Гародні. Прычым гутарылі мы з ёй па скайпе, таму што, хоць сама яна з Гародні, а вучыцца ў Мінску ў БДЭУ, на той момант знаходзілася ў Будапешце як студэнт па абмене. Во як!

Працягваючы нашы стасункі, я ўсё больш захаплялася Дашай і яе дасягненнямі, таму жадаю і вас пазнаёміць з ёй. Наша размова зноў адбылася анлайн, і Даша шчыра адказала на мае пытанні ды падзялілася досведам студэнцкага жыцця ў Венгрыі. Там яна навучалася адзін семестр па абмене ў будапешцкім Універсітэце Корвіна.

6EUmf8hM8ow

Ці былі ў цябе сумненні, хваляванні перад ад’ездам?

Я даўно шчыра марыла павучыцца па абмене! Яшчэ паступаючы ва ўніверсітэт, абірала яго ў тым ліку па магчымасці студэнцкай мабільнасці. І калі нарэшце атрымала запаветную стыпендыю і, прайшоўшы ўсе кругі папярова-бюракратычнага пекла, пераступіла парог універсітэта ў Будапешце, зразумела, што я на месцы, усё так, як трэба, і мне тут дакладна спадабаецца!

Ці лёгка ты адаптавалася да вучобы ў іншай краіне?

З адаптацыяй праблем не памятаю наогул. Шмат у чым зыграла ролю тое, што яшчэ ў школьны час я не раз ездзіла на міжнародныя дэбатныя турніры. Цягам іх, як правіла, арганізоўваліся трэнінгі і семінары. Тады была магчымасць пажыць і павучыцца разам – няхай і зусім кароткі перыяд – з людзьмі з усяго света. Таму тое, “як гэта будзе ў Будапешце”, я выразна сабе ўяўляла і была гатовая да гэтага.

У дадатак сталася так, што стыпендыю ў гэты ж самы ўніверсітэт атрымаў мой стрыечны брат. Таму, вядома, напачатку вывучаць усё было нашмат лягчэй і прыемней разам.

-Eq1c-WOrCc

Да чаго ты не была гатовая, з’ехаўшы вучыцца?

Было вельмі нязвыкла атрымаць столькі вольнага часу. Я дагэтуль вельмі сумую па тым, як быў арганізаваны мой навучальны расклад у Будапешце. Там выдатна атрымоўвалася схадзіць у першай палове дня на пары, паабедаць, зрабіць заданні ў бібліятэцы і пасля мець цалкам вольны вечар. Гэты час можна было прысвяціць проста ўсяму, чаму было душы заўгодна!

А як ты знаходзіла сабе занятак у вольны час і кампанію для яго?

Балазе, што ёсць фэйсбук, ды і ў самім Будапешце арганізавана вялікая колькасць актыўнасцей для ангельскамоўных жыхароў горада. Таму пра ўсё дазнавалася ў асноўным адтуль або ад мясцовых студэнтаў, з якімі былі разам на парах. Пасля проста запрашала далучыцца некалькіх людзей, і мы ўжо разам збіраліся ў кампанію.

Ці лёгка было знайсці сяброў і сваё месца ў новым атачэнні?

У цэлым, так. Я жыла ў інтэрнаце, плюс на парах амаль на кожных занятках была ў асяроддзі новых людзей. Заставалася толькі з імі загаварыць, а далей ужо зносіны неяк самі пачыналі развівацца. Студэнты, якія з’ехалі вучыцца за мяжу, адкрытыя і прыязныя.  Такіх большасць.Таму трэба абавязкова памятаць, што ўсё гатовыя ісці на кантакт і таксама шукаюць кампанію, з кім можна лішні раз схадзіць у кіно і г.д.

r8grw2-Hf0Y

Але дакладна будуць дні, калі сумна, або пайсці куды-небудзь няма з кім. Да гэтага трэба быць гатовым і вучыцца таму, каб табе было цікава і камфортна сам-насам з сабой.

Вядома, гэта радасная падзея – ад’езд ў іншую краіну на вучобу, асабіста, калі гэтага жадаў і чакаў. А ці бываў у цябе кепскі настрой альбо незадаволенасць? Можаш распавесці, чаму, і як ты з гэтым спраўлялася?

Так. Па натуры я сангвінік-меланхолік, таму перыядычна мяне накрывае хандра. А ў той час яшчэ і восень была…

Асабліва сумным перыядам было тое, калі я захварэла. Зусім нечакана і дастаткова сур’ёзна. Доўгі час трымалася высокая тэмпература, прыйшлося піць антыбіётыкі, ездзіць рабіць здымкі і г.д. Цяпер, калі ўспамінаю, разумею, што атрымала цікавы вопыт, бо ніколі раней я не хварэла ў чужой краіне. Калі трэба найперш знайсці англамоўнага лекара, потым на замежнай мове растлумачыць у дэталях, што цябе турбуе, разабрацца, як карыстацца страхоўкай… Тады быў час не з самых прыемных. Хлопцы побач дапамагалі і лішні раз прыносілі мёд, імбір і лімон, але ў цэлым, калі ўсё, што ты можаш рабіць – гэта ляжаць пад коўдрай і глядзець кіно – такое мала каму цікава. І ўсё працягваюць паралельна весяліцца і тусавацца, а ты толькі і марыш, каб хутчэй стаць на ногі і далучыцца да агульнага весялосці.

67NokgI7CXM

Ты з’ехала амаль на паўгады. Ці адольваў часам сум па доме?

Я досыць хутка адаптуюся, таму па доме як па краіне, горадзе, вучобе – амаль што не, па родных і сябрах – вядома, так. Але, напэўна, ад усведамлення, што я з’ехала толькі на пэўны прамежак часу, ніколі моцна не сумавала. Ведала, што хутка зноў усіх ўбачу.

А як табе сам навучальны працэс? Складаныя моманты былі?

Я абрала для сябе толькі тыя прадметы, якія сапраўды мяне цікавяць. А яшчэ я не адчувала праблем з мовай навучання – ангельскай, таму не. Вучоба там была сапраўдным задавальненнем!

RO5baHngy48

Мінуў пэўны час пасля твайго навучання ў Будапешце, і ты ўжо можаш больш разважліва паставіцца да свайго досведу. Да чаго, на твой погляд, трэба быць падрыхтаваным?

Перш за ўсё, да таго, што ты сам па сабе. І ўсе самі па сабе. Але не так, што “ўсе індывідуалісты, за мяжой ты нікому не патрэбен, усё кепска”. Не. А так, што ніхто не будзе пра цябе лішні раз турбавацца, перапытваць пра што-небудзь ці арганізоўваць табе весялосць. Людзі ведаюць цябе не так даўно, і напачатку для іх ты проста “тая самая прыемная, гаваркая дзяўчынка з Беларусі, якая прыехала на семестр павучыцца, і якая хутка з’едзе, як і ўсе астатнія да яе”. І гэта нармальна, лагічна.

SnmPauvx364

Напачатку перыядычна давалі падставы для суму толькі павярхоўныя размовы з людзьмі навокал. І адчуваўся недахоп тых самых надзейных, правераных людзей, якім можаш даверыць самае патаемнае. Мяне заўсёды ратавала выразнае ўсведамленне таго, навошта я тут. Перыядычна адназначна будуць накатваць думкі ў стылі “а навошта я тут?”, “можа, лепш было застацца дома? ” і г.д. Адзіны спосаб іх адганяць – гэта, па-першае, нагадваць сабе, навошта за пару дзён да дэдлайну ты сутаргава лётаў па ўсім Мінску, збіраючы дакументы, і, па-другое, самастойна арганізоўваць сваё жыццё такім чынам, каб не было і секунды пасумаваць.

Справа ў тым, калі ты ў чужой краіне, інстынкт самавыжывання абвастраецца, а некаторыя пачуцці, напрыклад, залішнія рэфлексіі – прытупляюцца. Бо першы час ты непазбежна часта апынаешся сам-насам з сабой, у нейкі момант разумееш, што трэба скідаць лішні эмацыйны груз і адмаўляцца ад цяжкай, зусім няплённай разумовай дзейнасці. Ты проста становішся паступова гатовы да таго, што здарыцца можа што заўгодна, і табе ў кожным разе давядзецца самастойна з гэтым неяк разбірацца.

Адбываецца сапраўды шмат усяго самага рознага, бо жыццё становіцца асабліва насычаным. Але цяпер ты пазбягаеш лішніх чаканняў з нагоды чаго б там ні было, імкнешся не спадзявацца лішні раз, прадстаўляючы толькі добрыя зыходы. Пачынаеш проста жыць тут і цяпер, а там ужо “будзе бачна”.

Апынуўшыся у новых абставінах, людзі раскрываюцца з іншых бакоў, штосьці змяняецца. Што змянілася ў табе?

У мяне адназначна павысілася ўсведамленне поўнай адказнасці за дзеянні і ўчынкі. З’явілася ўсведамленне, што ўсё, што адбываецца, цяпер будзе глабальна – “усё жыццё” у маіх руках. Ад гэтага спачатку страшна і жудасна, але з цягам часу ты разумееш, як гэта крута. Бо будучы здольным цалкам за сябе адказваць, страхі перад многімі рэчамі знікаюць, і ты адчуваеш, што здольны цяпер на большае! Гэта, напэўна, самае важнае, што я вынесла з гэтага вопыту.

5_jzOUdQuzw

Даша, што ты параіш іншым студэнтам? Што абавязкова варта зрабіць, пакуль ты на вучобе ў іншай краіне?

Проста браць і знаёміцца, заводзіць з людзьмі дыялог. Як я ўжо казала раней, ніхто не будзе прыдумваць штосьці замест цябе і клапаціцца аб тым, каб твой абмен прайшоў весела і насычана. Усё ў тваіх руках.

І якім бы самадастатковым чалавекам ты ні быў, шчасце адчуваецца толькі тады, калі ты яго з кімсьці падзяліў. Вам патрэбны людзі побач. А каб яны з’явіліся, перш неабходна загаварыць з імі.

Навучыцца чамусьці новаму. У маім асяроддзі было шмат лацінаамерыканскіх людзей, таму для мяне гэтым новым сталі заняткі сальсай.

Рабіць шмат здымкаў і неяк фіксаваць свае думкі. Так як ніякія ўспаміны не вечныя, для мяне было важна захаваць і не страціць усе выдатныя моманты, якія адбыліся там са мной у выглядзе фота. Таксама, з прычыны стасункаў з самымі рознымі цікавымі людзьмі, у мяне штодзень з’яўлялася глеба для “філасофскіх разважанняў”, высновы з якіх, ды і проста ўспаміны пра моманты, я таксама фіксавала ў электронным асабістым дзённіку.

Новы сябар не варты старых двух. Якіх бы класных людзей ты ні сустрэў на абмене, не варта грэбаваць скайп-тэлефанаваннямі або перыядычнай перапіскай са старымі сябрамі. Бо яны – тыя, хто падтрымліваў цябе перад тваім важным рашэннем у жыцці – з’ехаць у іншую краіну. І яны – тыя, хто цябе чакае назад і хто будзе ратаваць цёмнымі вечарамі падчас прыступаў настальгіі, якая калі-небудзь нахлыне.

***

У час, калі інтэрв’ю апрацоўвалася, Дар’я ўжо пераляцела праз акіян. Зараз яна знаходзіцца ў ЗША, у Паўднёвай Караліне, вось па гэтай праграме для беларусаў. Я рада свайму і вашаму знаёмству з гэтай актыўнай, мэтанакіраванай і такой цудоўнай дзяўчынай! Жадаем поспехаў і чакаем наступнай шчырай размовы з ёй!

***

Карысная інфармацыя

Стыпендыя, якую атрымала Дар’я для вучобы па абмене ў Венгрыі, называецца Stipendium Hungaricum. Гэта адмысловая праграма супрацоўніцтва паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Венгрыі. Яе стыпендыятам можа стаць любы студэнт ці аспірант беларускай ВНУ, які адпавядае пералічаным патрабаванням і збярэ неабходны пакет дакументаў. Заяўкі прымаюцца анлайн. Усе падрабязнасці можна знайсці на сайце www.tka.hu.