Таямнічы Mr Bologna паказаў сваё аблічча
- Час чытання: 5 хвілін
- 24.06.2016
- Блог
- Здымкі аўтара
18 чэрвеня ў лофт праекце “Балкі” сабраліся маладыя людзі, неабыякавыя да будучыні беларускай вышэйшай адукацыі. Галоўнай тэмай вечара стаў Балонскі працэс, але не ў яго сумным і звыклым разуменні – ініцыятарам сустрэчы выступіў таямнічы Містэр Балон.
З’явіўся гэты мультгерой нядаўна і нечакана: 10 чэрвеня ў інтэрнэт выклалі серыю ролікаў, дзе даступна тлумачыцца, што такое Балонскі працэс. Выдуманы персанаж Містэр Балон нагадвае, што ў 1999 годзе 29 краін “выказалі сваю гатоўнасць узяць на сябе абавязак павысіць канкурэнтаздольнасць еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі”, а 14 траўня 2015 года да іх далучылася і Беларусь.
І вось зацікаўленая моладзь падтрымала ідэю сустрэцца і абмеркаваць пытанні, датычныя Балонскага працэсу ў нашай краіне і самога праекту “Містэр Балон”, бо відэа атрымалі ў інтэрнэт-прасторы сапраўды вялікі рэзананс.
– Містэр Балон дадаў мяне да сяброў у сацыяльных сетках, тады і даведалася пра праект. А прыйшла я сюды, таму што даўно цікавіць гэтая тэма, а тут яшчэ і круты спосаб падачы матэрыялу. Ну і вельмі хочацца даведацца, хто ж такі Балон у рэальным жыцці, – падзялілася з намі Даша, студэнтка 4 курсу МДЛУ.

Апроч сюрпрызаў і адкрыцця таямніц, былі прыгожыя дзяўчаты, адна з якіх апранулася ў любімы колер Адукацыі 🙂
Арганізатары сустрэчы паспрабавалі зрабіць усё, каб стварыць прыемную сяброўскую атмасферу. І калі спачатку ўсе прысутныя на просьбу выказаць свае думкі адказвалі маўчаннем, то ўжо праз колькі хвілін пачаліся жарты, ўсмешкі і ніхто не саромеўся выказвацца. Меркаванні падзяліліся: хтосьці казаў, што ў беларускіх ВНУ не выконваецца ні адзін аспект дарожнай карты, а хтосьці, наадварот, распавядаў пра такія станоўчыя бакі Балонскага працэсу, як наладжванне адносін з замежнымі навучальнымі ўстановамі і магчымасць атрымліваць двайныя дыпломы.
– Калі мы жадаем палепшыць якасць беларускай адукацыі, без Балонскага працэсу не абысціся. Хтосьці можа ставіцца да гэтага скептычна, бо часта адміністрацыя ВНУ не вельмі добра пра яго адгукаецца. Гэта ж радыкальныя змены ў даўно ўладкаванай сістэме. І той факт, што вялікая колькасць краін аб’ядналіся ў саюз з мэтай паўплываць на якасць адукацыі, і тое, што гэты саюз паспяхова існуе ўжо шмат гадоў, можа казаць пра значнасць Балонскага працэсу, – кажуць арганізатары.
Таксама ўсе прысутныя змаглі першымі пабачыць чатыры відэа ад Містэра Балона, які на гэты раз распавядаў пра акадэмічную мабільнасць – “галоўны інструмент Балонскага працэсу ў эпоху без межаў”.
Хто ж стаіць за стварэннем гэтых ролікаў, заставалася маямніцай да самага канца. З моманту з’яўлення праекту ніхто не мог даведацца, хто ён, гэты загадкавы Містэр Балон. “Можа, гэта проста студэнт-добраахвотнік, гэтакі супермэн беларускай адукацыі, ці праект Міністэрства, ці ўвогуле прафесары беларускіх ВНУ, якія вырашылі аб’яднацца, каб нешта змяніць?”
Напрыканцы вечара галоўная інтрыга ўсё ж такі была раскрыта. “Містэр Балон” быў створаны ў межах Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання (БАСС) – асацыяцыі, створанай студэнтамі для студэнтаў, якая займаецца развіццём вышэйшай адукацыі Беларусі. Зрабіць якасныя ролікі атрымалася дзякуючы кінашколе-студыі Андрэя Палупанава, а голасам Містэра Балона стаў акцёр Ігар Сідорчык, які агучваў і відэа “Беларусь – страна для жизни”.
– Сэнс быў у тым, што насамрэч Містэра Балона няма, што ім можа стаць кожны з нас. Мы часта думаем, што нехта прыйдзе і адразу ўсё зменіць, і толькі адзінкі гатовыя ўзяць гэтую адказнасць на сябе, – распавёў адзін са стваральнікаў праекту, заснавальнік і былы старшыня БАСС Аляксандр Луцэвіч. – Мы хацелі зразумела расказаць пра Балонскі працэс, паспрабаваць дагрукацца да студэнтаў, гаварыць пра важныя рэчы на іх мове – нефармальна, зразумела і модна. Такая ідэя ўзнікла ў нас год таму. А ўжо праз паўгады сабралася вялікая каманда, якая і ўвасобіла гэтую ідэю. За Містэрам Балонам стаіць шмат людзей. І мы сапраўды здзіўлены, што гэта заставалася інтрыгай.
Дзякуючы калектыўнай працы валанцёраў арганізацыі БАСС і проста неабыякавых студэнтаў атрымалася рэалізаваць усе задумкі і прыцягнуць увагу да праблемы павольнай мадэрнізацыі вышэйшай школы ў Беларусі. А фокус з арганізацыі прыбралі спецыяльна, каб сканцэнтраваць увагу менавіта на закладзеных у відэа і графіку ідэях.
У будучыні плануецца зрабіць ролікі і на беларускай мове. Таксама на сайце БАСС нядаўна з’явілася старонка праекту, аформленая ў стылі Містэра Балона, дзе можна знайсці ўсю патрэбную інфармацыю, цікавую графіку і ролікі.
– Мы не можам проста прыйсці ва ўніверсітэты і ўвесці там студэнцкае самакіраванне. Але мы можам натхніць студэнтаў і падказаць, ў якім напрамку рухацца, – кажа Аляксандр. – Кожны можа нешта змяніць. Трэба толькі зразумець, што гэта магчыма. Я думаю, што мы дасягнем сваёй мэты і вельмі хутка. Галоўнае – памятаць, што Містэр Балон жыве ў кожным з нас.
***
Паглядзець ролікі можна па спасылцы, а далучыцца да праекту – у сацыяльных сетках ВК і ФБ.