TEDxMahilyow: АдуWeekend з карысцю
- 21.09.2016
- Блог
- Здымкі: Алена Васількова, TEDxMahilyow
Дзе была каманда Адукацыі на выходных? Вядома, на TEDx Магілеў, бо такую падзею нельга было прапусціць! Рукамі валанцёраў была створана адукацыйная казка, у якую трапілі трошкі больш за 100 магілёўцаў і мы.
Дык што такое TED? Калі хто яшчэ не ведае, ТED — гэта некамерцыйная арганізацыя, прысвечаная распаўсюджванню ідэй, часцей за ўсё ў форме кароткіх натхняючых прамоваў, не даўжэйшых за 18 хвiлін. ТED пачаў свае існаванне ў 1984-ым годзе і сёння ахоплівае амаль што ўсе тэмы – ад навукі і бізнэса да глабальных праблем. Тым часам праводзяцца незалежна арганізаваныя TEDx падзеі, якія дапамагаюць распаўсюджваць ідэі ў супольнасцях па ўсім свеце.
8 рэчаў, якім нас навучылі спікеры TEDxMahilyow:
- Талент не мае прапіскі. Наталля Халанская з Бабруйска гэта ведае дакладна. У Бабруйску, на яе погляд, усё,як у Нью-Ёрку: шмат таленавітых і цікавых людзей, шмат патэнцыялу. Дзяўчына шмат вандравала, шукала сябе і таксама пакутавала ад таго, што ў маленькім горадзе наўпрост нечым сябе заняць. Але адначасова з гэтым яна не хацела перабірацца ў сталіцу, дзе сканцэнтраваліся ўсе цікавыя магчымасці. Тады Наталля вырашыла дзейнічаць і адкрыла сваё тайм-кафэ ў родным Бабруйску, дзе зараз збіраюцца людзі з усяго горада, каб паглядзець фільмы, падзяліцца ідэямі і абмяняцца досведам, бо зусім не важна, у якім горадзе вы збіраецеся, важна, хто побач і што вы хочаце рабіць разам.
- Гульні – добры спосаб спазнання свету і сябе. Сцэнарыстка ларп-гульняў (Live Action Role Play) Лена Рабкіна ўпэўнена, што дарослым можна і нават трэба працягваць гуляць у гульні, праз якія можна не толькі выразіць сябе, але атрымаць новыя веды і шанец вырашыць свае жыццёвыя праблемы. Таму вельмі раім усім не выкрэсліваць гульні са свайго жыцця і працягваць гуляць з вялікай карысцю для сябе.
- Думай правілы. Бізнэсоўца Максім Карсакоў адразу спусціў нас з нябёсаў на зямлю, распавёўшы пра тое, што ні адно правіла паспяховага чалавека не дапаможа нам быць паспяховымі (нават калі мы будзем рана прачынацца і прынасіць ахвяру богу Гермесу), калі мы не ведаем чаму ў самым вядомым правіле ЖИ і ШИ пішацца літара “и”. Бо правілы ствараюцца для таго, каб пазбавіць нас думаць аналітычна і прымаць новыя рашэнні ў падобных сітуацыях, дзе кожная маленькая непадобнасць можа змяніць вынік кардынальна. Праз правілы не навучышся! Трэба ствараць свае, усвядомленыя правілы. А вы ведаеце, чаму “и”?
- Стань лепшай версіяй сябе. Як? Пэўна, кожны з нас мае любімага супергероя, лічыць Яўген Геншафт і праводзіць канкрэтныя паралелі паміж нашым жыццём і шляхам супергероя, якому мы аддаем перавагу перад усімі астатнімі – і гэта не проста так. Паглядзіце яшчэ раз на свайго супергероя і на сябе. На супергероя і на сябе. Так вы знойдзеце шмат агульных рысаў і атрымаеце магчымасць лепш зразумець сябе і працягнуць свой шлях маленькіх, і не толькі, перамог.
- Зазірнуць у будучыню можна ўжо сёння. Дырэктар студыі дызайну інтэр’ераў Зміцер Ваюнкоў прадэманстраваў гэта на сцэне! І мы ўпэўнены, калі ты можаш убачыць свою кватэру знутры ўжо сення, то якую карысць змогуць прынесці новыя тэхналогіі праз некалькі год? Неверагодную!
- Супраціўляйся стэрэатыпам. Хто сказаў, што ўзрост у пашпарце і гендар – гэта прычына не займацца справай, якая падабаецца? Вікторыя Баірава сцвярджае, што гэта ўсё глупствы і выдумкі, якія толькі перашкаджаюць вучыцца новаму. Таму самы правільны крок – пазбаўленне ад межаў у сваёй галаве, лічбаў і сацыяльнага ціску. Слухай сваё сэрца і будзь самым шчаслівым.
- Не заводзьце дзяцей, станавіцеся бацькамі. Ганна Цітовіч заклікала асэнсавана рабіць выбар быць бацькамі і не ператварацца ў тых, для каго дзіця – гэта чарговы хэштэг для збору лайкаў ці галачка паспяховага чалавека. Мець адказ на пытанне “Чаму я хачу быць маці/бацькам?” – вельмі важна і істотна.
- Зрабі паўзу. Аўраам-Даніэль распавеў пра традыцыю шабата і пра тое, што ўжо цягам 3 тысяч год яна кажа аб тым, што сучасныя псіхолагі выдаюць за адкрыццё. Чавек, як зніч, дзе воск – духоўны складнік, а фіціль – матэрыяльны. Таму часам вельмі важна спыняцца, глядзець вакол сябе і адчуваць удзячнасць.
TEDxMahilyow стаў для нас сапраўднай паўзай у жыцці, дзе мы ўсе на адзін вечар сталі вялікай сям’ёй, задумаліся пра важныя рэчы і натхніліся на бліжэйшы час. Шчыры дзякуй усім арганізатарам і валанцёрам, якія паклалі шмат часу і сілаў на гэтае свята, а таксама выступоўцам, што з вялікім запалам падзяліліся сваімі думкамі і неверагоднай энергіяй. Да новых сустрэч, сябры! І спадзяемся, наступны TEDx мы будзем святкаваць у вашым горадзе!