Трэба ствараць станоўчы імідж краіны!
Пра кітайскую мову, кітайцаў, свае прыгоды і вучобу ў Шанхаі распавядае Ганна Гурына.
Калі я планавала паступаць ў Лінгвістычны Універсітэт у Менску, то нават не ведала пра набор на кітайскую мову: тады ўсё толькі пачыналася. Гэта зараз, вунь, ужо вучні малодшых класаў вучаць іерогліфы. Пабачыла, што па балах я праходжу, ну, і неяк атрымалася, што падала дакументы менавіта туды, але без вялікага энтузіязму, трэба прызнацца. Кітай мяне зусім не цікавіў. Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Японія, Еўропа…, але не Кітай. Не вабіла мяне ні доўгая кітайская гісторыя, ні самабытная культура. Пра мову няма чаго і казаць было. Таму пачала вучыць кітайскую, зыхозячы толькі з меркантыльных інтарэсаў.
Кітай мяне зусім не цікавіў…
Неяк мы адразу не пасябравалі з кітайскай мовай. Мой мозг не хацеў успрымаць яе ў якасці мовы: мовы як кода, мовы як сродку камунікацыі; мой мозг яе блакаваў і заносіў у “спам”. Мне яна не падабалася – гэта раз, па-другое, мне бракавала настойлівасці і працавітасці, па-трэцяе, у мяне былі вялікія праблемы з вымаўленнем гукаў. Спачатку я вельмі пакутавала з гэтае нагоды…а потым плюнула. Ведаеце, гэта як быццам вы набываеце нейкую прыгожую і дарагую вопратку, ну, напрыклад, новую сукенку, прыносіце яе дадому, прымяраеце… і разумееце, што яна малая памерам. Ну, зусім у ёй некамфортна. Вы плачаце, злуяцеся на сябе, на ўвесь навакольны свет, потым супакойваецеся, разумееце, што нічога ўжо не зробіш, вешаеце сукенку ў шафу да тае пары, пакуль не схуднееце. Так было і з кітайскай. Я закінула яе ў шафу і зачыніла на ключ.
А сталічнае жыццё, яно, ведаеце, захапляе. Таму грамадская дзейнасць, вандроўкі і ўсялякія шуры-муры паставілі маю вучобу на задні план. Я спісвала на кантрольных і іспытах, часам нешта вучыла, а праз дзень забывала, карацей, плёну было мала. У гэтым была не толькі мая віна: перш чым адкрываць спецыяльнасць, трэба скласці вучэбны план, запасціся падручнікамі і самае галоўнае – настаўнікамі. У нас не было ні першага, ні другога, ні трэцяга. У параўнанні з усімі астатнімі факультэтамі і спецыяльнасцямі, мы былі нейкімі небаракамі. А трэба ўлічваць, што сярод маіх аднагрупнікаў былі лепшыя вучні сваіх мястэчак, выпускнікі ліцэяў і пераможцы алімпіядаў. Тыя, хто ўсё ж-такі хацеў вывучыць мову, забралі дакументы і паехалі ў Кітай.
Матывацыя, зацікаўленасць і ўпартасць!
Трэба аддаць «ін’язу» належнае: на стажыроўкі ў Кітай універсітэт перыядычна адпраўляў. Часам лепшых студэнтаў, часам невядома паводле якіх крытэрыяў. Я была сярод горшых студэнтаў групы, у мяне не было належнага нахабства і сувязяў, таму на стажыроўку я так і не патрапіла. Але на нейкім этапе майго навучання, я зразумела, што хутка скончу універсітэт, а акрамя “прывітанне і “ як справы?” з кітайскай мовы нічога не засвоіла. Я, вядома, перабольшваю, мае лінгвістычныя здольнасці мяне неяк ратавалі. Але што галоўнае у працэсе навучання? Матывацыя, зацікаўленасць і ўпартасць! Да нас прыехала маладая настаўніца з Кітая, з якой мы пасябравалі. Яна ў мяне паверыла, прымусіла зразумець, што не ўсё яшчэ згублена, што на гэтай мове сапраўды можна размаўляць і нейкім чынам фармуляваць свае думкі і ўкладаць іх у іерагліфічную сістэму, якая дагэтуль была для мяне проста шэрагам дзіўнаватых малюнкаў.
Але размаўляць на кітайскай я пачала пасля працы ў кітайскай карпарацыі на ТЭЦ-5, што пад Мінскам. Было гэта ўжо на 5 курсе. І вось яно! Мова як сродак камунікацыі! У нашай карпарацыі было каля 600 чалавек, сярод якіх толькі 2 беларуса: я і яшчэ адзін перакладчык. Спярша ў мяне язык не паварочваўся назваць сябе перакладчыкам. Што я магла перакласці? Паперкі з аднаго стала на другі. Але паступова ўсё неяк стала на свае месцы, я пачала разумець і пачала размаўляць.
Адзін амерыканец, які доўга змагаўся з кітайскай, напісаў, што за той час, пакуль вы авалодаеце кітайскай на сярэднім узроўні, вы б змаглі дасканала авалодаць двума “нармальнымі” мовамі, напрыклад, гішпанскай і італьянскай, альбо французскай і нямецкай. Я цалкам з ім згодная. Але не шкадую. Не шкадую 5 “згубленых” гадоў, бо яны былі найцікавейшымі! Ды й ўнівер я вельмі любіла. Любіла сваю групу, любіла ангельскую мову, любіла іншыя заняткі (напрыклад, педагогіку і фізкультуру).
Паступленне
Чаму вырашыла паехаць у Кітай? Прычын некалькі: па-першае, размеркаванне, па-другое, трэба пабываць у краіне, мову якой ты вывучаў 5 год, па-трэцяе, цяжкае палітычнае і эканамічнае становішча у краіне, па-чацвёртае, хацелася нейкіх прыгодаў. Адразу адзначу, што мая магістратура ніякім чынам не звязана з „ін’язам“. У сэнсе, мы з сяброўкай асобна ад МДЛУ туды паступілі, што не вельмі кіраўніцтву спадабалася. Менш шчаслівыя аднагрупнікі зараз адбываюць сваё размеркаванне ў беларускіх школах. Не хачу сказаць, што праца ў школе мне не падабалася. Я была там на практыцы, выкладала кітайскую ў 4-ага класа, працэс выкладання мне вельмі падабаўся, хоць і хацелася прыдушыць асабістымі рукамі складальніка падручніка. Адміністрацыя школы хацела, каб я ў іх засталася па размеркаванню, але складанасці з рэгістрацыяй, жыллём, заробкам вымусілі мяне размеркавацца ў сваю карпарацыю на ТЭЦ-5. У той жа час я падала дакументы ў магістратуру ў Кітай.
Для гэтага патрэбны быў стандартны набор дакументаў: медычная даведка, рэкамендацыйныя лісты, адзнакі, матывацыйны ліст, CV, нешта яшчэ, і галоўнае – вынік экзамену ведання кітайскай. Гэта як TOEFL па ангельскай. Я яго здала, на 5 узровень з 6. Гэта дае права навучацца ў кітайскай магістратуры. Я атрымала дзяржаўную стыпендыю Кітая. Адна з прычын – добрыя стасункі Кітая і Беларусі. Калі размяркоўваюцца гэтыя гранты, глядзяць спярша на “каіны-партнёры”, скажам, улічваючы стратэгічныя накірункі палітыкі Кітая. У заяўцы трэба было пазначыць 3 універсітэта. Шанхайскі быў для мяне на першым месцы, і мне пашчасціла патрапіць у Шанхай!.. Калі ва ўніверсітэце даведаліся, што я паступіла ў кітайскую магістратуру, то не асабліва ўсцешыліся гэтай навіне. Спачатку сказалі, што я павінна паступіць яшчэ і ў магістратуру МДЛУ, потым – што павінна выплаціць грошы за навучанне ці прыехаць і адпрацаваць. Дурылі галаву, карацей. Таму калі я прыехала ў Шанхай, то ўздыхнула з палёгкай: маўляў, хоць на 3 гады «ін’яз» ад мяне адчэпіцца. Але родны ўнівер не прымусіў доўга чакаць і пачаў церабіць маіх бацькоў. Хацелі падаць на нас у суд і г.д. Мы размаўлялі з юрыстамі, я пісала ліст на імя рэктара… карацей, не ўсё так проста.
«Бескультурны шок»
Першым горадам, куды я прыехала, быў Пекін. Тады я падумала, што праз месяц дакладна вярнуся дахаты. Так, я была ў шоку. Не ведаю, ці то культурным, ці то бескультурным… Уражанне нейкага хаоса. Быццам бы ты трапіў у вялікую камунальную кватэру і хочаш хутчэй адсюль выбрацца. Шум-гам. Людзі крычаць, на дарозе незразумела што адбываецца. Мы ехалі на гарадскім аўтобусе праз увесь горад на вакзал, я ледзь не плакала і мне было шчыра страшна, што мы не даедзем. Дзякуй таму кіроўцу, што давёз нас-такі на вакзал! І вось я задумалася, калі Пекін – гэта сталіца, то што ж адбываецца ў іншых гарадах?! Потым быў хуткасны цягнік да Шанхая. Адлегласць складае 1 265,6 км, ехалі мы ўсяго 4,5 гадзіны. Столькі ж я езджу з Мінска да Берасця (357,4 км). У цягніку за намі сядзелі пару кітайцаў і размаўлялі вельмі гучна (зараз я разумею, што ад гэтага нідзе не пазбавішся), мы прыслухоўваліся, але зразумець нічога не змаглі. Потым высветлілася, што гэта быў шанхайскі дыялект, які так жа моцна адрозніваецца ад Мандарына, як эстонская мова ад расейскай.
Большасць шанхайцаў ведаюць Мандарын, маленькія шанхайцы вывучаюць Мандарын у школе, але з бацькамі размаўляюць на сваім дыялекце. Некаторыя шанхайцы, праўда, не авалодалі нарматыўнай кітайскай мовай. Вось, напрыклад, у друкарні, куды я часценька хажжу, я ўсё тлумачу на пальцах (нягледзячы на тое, што зараз мая гутарковая мова досыць добрая), а калі вы ад’едзеце пару сотняў кіламетраў ад Шанхая, там будзе зусім іншы дыялект, які шанхайцам не зразумець. Так, большасць кітайцаў ведаюць Мандарын, але ён для іх такі ж чужы, як для мяне, напрыклад, польская мова. Вось і атрымалася, што вучыла 5 год мову тэлебачання і газет, мову Пекіна і гэтага рэгіёна. Шанхай ужо лічыцца поўднем (часам узімку я слаба ў гэта веру). Рака Янцзы падзяляе Кітай на поўнач і поўдзень. Якраз на ёй і месціцца Шанхай, які яшчэ зусім нядаўна быў маленькім рыбацкім гарадком, а зараз уяўляе з сабе буйны мегаполіс.
Некітайскі Шанхай
Якім я ўяўляла сабе Шанхай? Людзі-людзі-людзі….паўсюль…плюс выхлапныя газы, заводы, казіно і прастытуткі. Шанхай ўяўляўся мне менавіта такім, якім яго паказвалі ў фільмах з Джэкі Чанам. Так жа сама я магу сказаць пра Нью-Йорк, у які я закахалася пасля “Сэксу ў вялікім горадзе”, а потым пабачыла метро, пацукоў, прастытутак, і мая любоў кудысьці знікла. Шанхай таксама аказаўся абсалютна іншым. Шанхайцы адрозніваюцца ад астатніх кітайцаў: шанхайцаў лічаць сквапнымі , фанабэрыстымі, ганарлівымі. Іх не любяць у іншых частках Кітая; большасць кітайцаў ім проста зайздросціць. Зайздросцяць іх заробкам і “прыгожаму” жыццю. Але якая цана ў гэтага “прыгожага” жыцця? Праца, праца, праца. Кітайцаў, напэўна, ніводная нацыя не пераплюне ў працавітасці. Не вытрымліваеш шанхайскага тэмпу – вяртайся ў сваю вёску.
Набыць кватэру і машыну ў Шанхаі амаль нерэальна. Але замежнікам тут вельмі ўтульна. Часцяком фірма здымае ім камфортнае жыллё ў цэнтры горада. А ўявіце сабе амерыканскія ці нямецкія заробкі з кітайскімі коштамі!!! Не жыццё, а казка! Хіба што, мне адной кошты не падаюцца таннымі. Першы месяц я хадзіла па крамах, прыглядалася… разварочвалася і сыходзіла. Вось, вам, і Кітай, блін! На жыццё ў мяне выходзіць 100 юаняў за дзень у сярэднім, а гэта 130 тыс.бел.руб., улічваючы, што за інтэрнат, Інтэрнэт, вучобу я не плачу. Стыпендыя складае амаль 300 даляраў. Гэтыя грошы я лічу зваліўшыміся з неба, таму і трачу ўшчэнт за 2 дні, бывае, за дзень. Паверце, у Шанхаі ёсць на што траціць грошы))). Што датычыцца працы, то сярод замежнікаў тут таксама вялізная канкурэнцыя. Асабліва апошнія гады, калі сюды з усяго свету ракой сцякаюцца эмігранты. Дзякуючы перасяленцам з былых СНДшных краінаў, якія гатовыя працаваць за “ежу”, заробкі сярод замежнікаў паступова зніжаюцца.
Трэба ствараць станоўчы імідж краіны!
Якое стаўленне да замежнікаў у саміх кітайцаў? Хтосьці імі захапляецца, напрыклад, нашай жыццярадаснасцю і адкрытасцю. Хоць беларусам гэтыя рысы не вельмі ўласцівыя, але я тут ствараю іншы вобраз беларускай дзяўчыны. Хтосьці з кітайцаў нам зайздросціць, хтосьці не любіць. Маўляў, панаехалі! Маюць рацыю. За некаторых іншаземцаў мне проста сорамна. Паводзяць сабе вельмі нахабна. Складваецца адчуванне, што наяўнасць амерыканскага пашпарту дае табе права паводзіць як заўгодна і зусім не паважаць людзей той краіны, у якую ты прыехаў. Калі хтосьці мне скардзіцца на нешта кітайскае, адразу хочацца сказаць: едзь дахаты, чувак. Але я маўчу. Маўчу і усміхаюся. Я кітайцаў люблю і паважаю, яны гэта адчуваюць і таксама мяне любяць. Па-першае, з-за таго, што я вельмі адкрытая, усмешлівая, дасканала авалодала іх роднай мовай, да таго ж, мяне яны лічаць вельмі прыгожай. Светлыя валасы, блакітныя вочы. Кажуць, што нашыя дзяўчыны ўсе вельмі прыгожыя. Я згаджаюся. Трэба ствараць станоўчы імідж краіны!
Да беларусаў, на маю думку, ва ўсім свеце адносяцца з сімпатыяй. Галоўнае – размяжоўваць Беларусь і Расію. А то імідж рускіх “дзевушак” можа дрэнна паўплываць на рэпутацыю. Беларусь многія кітайцы ведаюць. Часам нехта называе мне сталіцу Мінск. Ці то ў іх была лядоўня “Мінск”, ці то матацыкл. Я прыемна здзіўляюся:).
Кітай парадаксальны. Шанхай тым больш. Гэта як дзяржава ў дзяржаве і адначасова горад у горадзе. Такі вось кітайскі Ватыкан. Жыве сваім некітайскім жыццём. Таму на пытанне, як там у Кітаі, я часцей за ўсё адказваю: “А я не ў Кітаі, я ў Шанхаі:)“. Тыя, хто не быў у іншых месцах, не могуць меркаваць пра жыццё ў Кітаі. Як быццам вы прыехалі ў Парыж і прасядзелі ўвесь час ў Луўры ці на Эльфеевай вежы. Ну, што вы зможаце сказаць пра жыццё горада?
Але мне ўдалося наведаць вялікія і маленькія гарады. Я завяла кітайскіх сяброў, якія дзеляцца са мной сваімі таямніцамі. Я нават пажыла колькі дзён у кітайскай сям’і. Але да канца замежніку ніколі не ўдасца акунуцца ў кітайскую культуру. Быццам бы нешта важнае схавана за пяццю дзвярыма, ты крок за крокам набліжаешся, мяняеш ключы, але апошні кодавы замок цябе ніколі не адчыніць.
У Шанхаі можна пазбягаць усяго кітайскага. Напрыклад, цэнтр горада – зусім некітайскі: спалучэнне розных архітэктурных стыляў, прыгожыя кавярні і крамы. Калі палічыць колькасць „Старбаксаў“ на метр квадратны, то акажацца болей, чым у Нью-Йорку. Прычым, кошты, хіба што не даражэйшыя, а жадаючых пакаштаваць каву – мора. Думаеце, сучасныя кітайцы любяць гарбату? Не. Гэтая добрая традыцыя згублена. Раней у Кітаі паўсюль былі гарбатні, зараз іх зусім мала, а сядзяць там у асноўным госці з замежжа. Самы папулярны напой у Шанхаі – малочная гарбата, якую можна набыць на кожным рагу. Уяўляе з сабе парашок, размешаны з вадой. У складзе не заўважана ні малака, ні гарбатных лістоў. Кошт шклянкі складае каля 10тыс.бел.руб. Дарагавата. Але, мяркую, што туды падсыпаюць наркотык, бо ўвесь Шанхай “падсеў”. Я таксама была “падсела”, а потым перайшла проста на ваду. Добрая кітайская звычка. Пейце кіпячоную ваду – будзеце здаровы! Прыйдзеш да доктара ці то з ангінай, ці то з гепатытам, а ён табе кожны раз у рэцэпце: адпачывайце і пейце ваду. А што? Арганізм сам справіцца.
Начное жыццё тут пачынаецца на пенсіі
Машынаў хуткай дапамогі тут амаль няма. Чаму?. Таму што, калі сам не зможаш дапаўзці да шпіталю, цябе прывязуць родныя. Гледзячы на кітайскіх старых, я цалкам веру, што яны самі “дапаўзуць”. Яны здаравейшыя за нашых маладых! У іх няма праблемаў з лішняй вагой, яны рухаюцца, рухаюцца, рухаюцца… Займаюцца спортам, танчаць вечарамі у парках. Начное жыццё тут пачынаецца на пенсіі. У той час, як змораныя школьнікі, студэнты, інтэлігенты і рабочыя кладуцца спаць, іх бабулі і дзядулі выходзяць “тусавацца”. Вось гэтым я захапляюся! І праблема не ў пенсіях, не, праблема ў тым, што нашыя бабулі і дзядулі пасля 60 год губляюць нешта важнае. Веру ў жыццё, надзею, аптымізм. А з гэтым губляецца і апошняе здароўе. Калі мы на парах абмяркоўвалі “хобі” нашых старых, я сказала, што адно з хобі беларускіх пенсіянераў – схадзіць да доктара і ў чарзе абмеркаваць усе свае балячкі ды балячкі сваіх суседзяў. Ну, яшчэ схадзіць у царкву памаліцца за сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх. Кітайцы замест гэтага ходзяць на стадыён, і вынік, хачу сказаць, больш заўважны.
Адукацыя: „школа ды інстытут“
Яшчэ трэба дадаць, што даючы ацэнку Кітаю, варта глядзець з двух пазіцый: Кітай для кітайцаў і Кітай для замежнікаў. Гэта дзве абсалютна розныя краіны. Кітайцы працуюць па 10 гадзін у дзень, часам без выходных. За апошнія гады з’явіліся заможныя кітайцы, якія робяць усё, каб адправіць сваіх дзяцей на вучобу за мяжу, якія наймаюць сваім дзецям па 10 рэпетытараў, загружаюць іх танцамі, спортам, маляваннем і г.д. Дзеці з маленства прывыкаюць працаваць, адчуваюць на ўласнай скуры шалёную канкурэнцыю. У добрую школу конкурс 100 чалавек на месца. І па апошніх дадзеным шанхайскія школьнікі – самыя разумныя ў свеце. Многія крытыкуюць такі “імпэт” бацькоў, але я са свайго досведу магу маленькім шанхайцам толькі пазайздросціць.
Наконт працэса навучання магу адзначыць, што ва ўніверсітэтах тут “ расслабуха” ў параўнанні са школай. Навучанне платнае, на прэстыжныя спецыяльнасці конкурс каля 300 чалавек на месца.Часам універсітэт можа аплочваць навучанне, калі студэнт будзе працаваць на карысць Alma mater. У бібліятэцы, напрыклад, ці ў лабараторыі.
Кітайскія студэнты выглядаюць зусім яшчэ падлеткамі. Я ўзгадваю нашых дзяўчын з МДЛУ. Ім ужо можна было дзяцей радзіць і выходзіць замуж))). А тут… Кураняты. Дзяўчынкам па выглядзе гадоў 13. У іхняй галаве такіх жа 13 год. У гэтым розніца паміж нашай моладдзю. Кітайскія студэнты з большага – бедныя. Не тое, каб зусім бедныя, але небагатыя. Дрэнна апранаюцца, дрэнна харчуюцца. Калі ў каго і ёсць грошы, ён лепш набудзе сабе апошнюю мадэль айфона. Манія на брэнды і ўсё “заходняе”. Ну, раскруціце вы свае айчынныя брэнды, зрабіце што-небудзь сваё, унікальнае, кітайскае! Часам ажно злосць бярэ. Глядзіш на рэкламныя білборды – грудастыя бландынкі. Ну, і стандарты прыгажосці ў Кітаі адпаведна такія ж. Ну, скажыце, калі ласка, якім чынам кітаянкам стаць грудастымі бландынкамі з блакітнымі вачыма??? Чаму нельга выпрацаваць свае “кітайскія” стандарты прыгажосці?
У Беларусі бракуе добрых спецыялістаў
Пра стасункі паміж Беларуссю і Кітаем можна сказаць, што яны ўсё ж-такі слаба развітыя. Пакуль я бачу 3 асноўных накірункі: гэта фінансаванне розных праектаў і крэдытаванне Беларусі Кітаем, збыт кітайскіх тавараў на тэрыторыі РБ і навучанне кітайскіх студэнтаў у нашых ВНУ. Ёсць нейкія спробы рухацца далей, але плёну ад іх не шмат. Напрыклад, вывучэнне кітайскай мовы ў школах, адкрыццё ажно двух(!) інстытутаў Канфуцыя, адкрыццё цэнтру вывучэння Беларусі ў Шанхаі… Усё выглядае добра толькі на паперы. Як толькі даходзіць да справы, аказваецца, не ўсё так проста. Няма патрэбнай базы, зацікаўленых у справе людзей, бракуе добрых спецыялістаў. Тыя, хто змог-такі авалодаць кітайскай, не будуць працаваць за капейкі ў сферы адукацыі або культуры, яны ўладкуюцца перакладчыкамі на фірму і будуць зарабляць прыстойныя грошы. Гэтую праблему трэба неяк вырашаць.
Я ведаю, што вярнуся на Радзіму з каласальным досведам, ведаю, што буду добрым спецыялістам, але пакуль для сябе не вырашыла, ці хачу звязаць сваё жыццё з Кітаем. Можа, стану трэнерам ёгі ці плавання.