Трэнды сучаснай адукацыі: прыклад Фінляндыі


18 студзеня 2018 года самы вядомы фінскі выкладчык, “амбасадар” фінскай адукацыйнай сістэмы сабраў каля 2000 слухачоў у канцэртнай залі “Мінск” і падзяліўся сваім шматгадовым досведам працы ў школе. Што такое сучасная адукацыя? Навошта доўгія вакацыі ў школе? Як пражыць без дамашніх заданняў? На гэтыя і іншыя пытанні спадар Кары Лоўхівуоры адказваў падчас сваёй публічнай лекцыі ў Мінску.

Крыница: naviny.by

Кары больш за 30 гадоў быў дырэктарам школы Кірккайарві ў горадзе Эспа, што знаходзіцца паблізу Хельсінкі. Гэтая школа стала сапраўдным сімвалам фінскай адукацыі, бо тут няма школьнай формы, вучні маюць свабоду займацца на занятках тым, што падабаецца. Напрыклад, браць з паліцы і чытаць кніжкі, калі абавязковыя заданні выкананыя, вучыцца граць на гітары і ствараць свае музычныя гурты і так далей.

Асабліваць фінскай адукацыйнай сістэмы – гэта роўнасць школаў, бясплатнае навучанне і бясплатныя гарачыя абеды для кожнага вучня. Безумоўна, бясплатнае для школьнікаў – азначае за кошт дзяржавы, за кошт высокіх падаткаў у Фінляндыі.

Такі камфорт вучням ствараецца, каб школьнікі маглі засярэдзіцца на самым галоўным – адкрыццях, захапленні ад навучання, навучыцца супрацоўнічаць адзін з адным і паспяхова развівацца далей, пасля заканчэння школы.

Адметнай рысай адукацыі можна назваць адсутнасць інспекцый і праверак у школах. Давер – гэта тое, на чым грунтуецца фінская адукацыя, гэта тое, што стварае атмасферу росту і тое, чаго часам бракуе ў беларускіх школах.

Трэнд у адукацыі – гэта пашырэнне ўжывання інфармацыйных тэхналогій. Сучасныя тэхналогіі становяцца падмуркам, асноўнай базай, абапіраючыся на якую выбудоўваецца навучанне. Напрыклад, вучні маюць свае файлы ў воблачных сістэмах, могуць у любы час напісаць настаўніку паведамленне, могуць паказаць бацькам свае дасягненні і вынікі працы.

Моцны штуршок для развіцця вучні атрымліваюць ад выкладчыка кожны раз, калі выкладчык вучыць параўноўваць свае вынікі не з кімсьці, а з самім сабой, адзначаць свае поспехі – што вывучылі за год, як змаглі развіць свой праект, прасунуцца ў прадмеце ў параўнанні з тым, якія веды былі напачатку. Пастаяннае імкненне да росту, да самаразвіцця і пошукаў сябе – гэта галоўны трэнд адукацыі.

Не запамінанне і паўтарэнне таго, што настаўнік распавядаў на занятку, а пошук сваіх ідэй і развіццё навыкаў крытычнага мыслення.

Як распавядае Кары Лоўхівуоры, роля настаўніка і вучня змяняецца пастаянна, зараз выкладчыкі фінскіх школ не маюць часу кантраляваць кожнага. Галоўнае – дапамагаць вучням атрымоўваць веды, растлумачыць невядомае, аператыўна заўважыць і прысвяціць перапынак вучню, які самастойна не засвоіў новай тэмы.

Выкладчык становіцца хутчэй дарадцам, памочнікам, дасведчаным экспертам, які дзеліцца з вучнямі сваімі думкамі, ідэямі, запрашае да роздумаў і асабістых адкрыццяў. Навучыцца быць шчаслівымі, знайсці свае моцныя бакі і вызначыцца з далейшым выбарам.

Гнуткасць сістэмы адукацыі, магчымасць абіраць курсы, камбініраваць прадметы – гэта таксама асаблівасці фінскай адукацыі, ужо на універсітэцкім узроўні. Для выпускніка фінскай школы заўсёды ёсць магчымасць паступіць на універсітэт, выбраць спецыялізацыю, а пасля змяніць накірунак навучаня альбо пайсці працаваць і нанова вярнуцца навучацца ва ўніверсітэт. Навучанне праз усё жыццё – гэта трэнд, які зараз ва ўсіх на слыху, і ў Фінляндыі гэты трэнд ужо рэалізуецца.

Зрабіць прафесію выкладчыка адной з самых прэстыжных – трэнд у вышэйшай адукацыі. Высокі конкурс на паступленне, абавязковае атрыманне ступені магістра, пазітыўныя і паважлівыя адносіны грамадства да пазіцыі выкладчыка – падмурак, на якім стаіць гэтая сучасная сістэма адукацыі.

Школа – гэта перш за ўсё кваліфікаваныя выкладчыкі і матываваныя школьнікі, якія разам ствараюць і дзеляць адукацыйную прастору.

Сапраўдны “сакрэт” фінскай адукацыі – гэта вялікія перапынкі, заўсёды 15 хвілін пасля 45 хвілін заняткаў, доўгія вакацыі летам і “лыжныя” вакацыі зімой, час для гульняў і адпачынку, адсутнасць дамашніх заданняў. Фінскі трэнд – гэта дазволіць
школьнікам мець вольны час для гульняў, сяброўства і для таго, каб даследаваць свет і мець жыццё па за школай. Час для хоббі і пазакласнай адукацыі – вельмі важны час для адукацыі па індывідуальных жаданнях кожнага вучня.

Паглядзець поўны выступ Кары Лоўхівуоры ў Мінску можна тут: