Гуманітарная адукацыя ў беларускіх ВНУ: як і што з ёй рабіць? 

  • 31.05.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтара

Гэтае пытанне 26 траўня разглядалі на прэзентацыі праекту Цэнтра еўрапейскіх даследванняў. Члены групы цягам красавіка і траўня займаліся вызначэннем праблем студэнтаў і выкладчыкаў пэўных дысцыплін. Падчас даследвання знайшлося шмат падабенстваў у меркаваннях, і гэтым яны паспрыялі развіццю менавіта навуковага аспекту дадзенай тэмы. У выніку атрымалася грунтоўная праца “Праблемы мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі: сацыяльныя і гуманітарныя навукі” і дыскусія. Што на ёй абмяркоўвалі, чытайце ў нашай справаздачы.

DSC03756

Структура даследвання

Тэму абралі невыпадкова. У свой час даследчыкі выкладалі ва ўніверсітэтах ці працягваюць гэта рабіць, і ім было важна зразумець, што цяпер адбываецца ў ВНУ і ў вышэйшай адукацыі наогул. Спачатку яны адзначылі, што

паўсюль дзейнічаюць аднолькавыя праграмы выкладання, назіраецца працэс цэнтралізацыі, бо большая частка вышэйшых устаноў знаходзіцца ў Мінску.

Пасля яны сталі задаваць пытанні студэнтам і выкладчыкам з 11 ВНУ краіны па некалькіх пунктах: пра працэсы акадэмічнай мабільнасці, камунікацыю паміж студэнтамі і выкладчыкамі, фарміраванне ўсяго вучэбнага курсу і праграм, пра наяўнасць гендарных стэрэатыпаў.

DSC03749

Складанай і ў той жа час цікавай часткай даследвання было вызначэнне праблем самімі студэнтамі і выкладчыкамі. У прэзентацыі былі прадстаўлены цытаты рэспандэнтаў, дзе яны распавядалі пра асабістыя погляды на сістэму адукацыі. Выкладчыкі адзначылі, што працэс акадэмічнай мабільнасці праходзіць вельмі цяжка, бо паехаць на стажыроўку ў еўрапейскія ВНУ амаль немагчыма. Толькі краіны СНД праводзяць для беларусаў навуковыя канферэнцыі, сустрэчы і г.д. Таксама важна адзначыць сутыкненне паміж выкладчыкамі і адміністрацыяй, бо мала хто можа замяніць таго чалавека, які едзе на старыжоўку, і сама стажыроўка фінансава амаль падтрымліваецца з боку ВНУ. Вось адна з такіх цытат: “Ці падтрымлівае кіраўніцтва міжнародныя сувязі і выезды? Не. З іншага боку, нельга сказаць, што забараняе”.

DSC03753

Студэнты вызначылі шэраг праблем, якія штодзённа назіраюцца ў вучобе. Сярод іх адзначылі, што зніжэнне патрабаванняў у ВНУ з’яўляецца прымальным. Меней робіш — хутчэй атрымоўваеш вынікі. Але ці можна назваць такі погляд рацыянальным? Такое пытанне адразу паставілі даследчыкі Цэнтра. Далей студэнты выказаліся наконт працэсу публічнага абмеркавання самакіравання. Бясспрэчна, сустрэчы праводзяцца, але фармальна.

Студэнты не разумеюць, чаму так, а не інакш будуецца план заняткаў, чаму нельга самім выбіраць сабе выкладчыкаў. Але большую цікавасць яны праявілі, калі тэма зайшла пра міжнароднае супрацоўніцтва. Студэнты адзначылі недастатковы ўзровень выкладання замежных моў, каб была магчымаць вучыцца за мяжой. Таксама ўзгадалі і тое, што большую частку фінансавання трэба заплаціць асабіста самому студэнту.

Пасля непасрэднай прэзентацыі праекту прадстаўнікі Цэнтра Аляксей Братачкін і Вольга Шпарага прапанавалі абмеркаваць пытанне, як можна змяніць сітуацыю. Перад гэтым яны далі азнаёміцца з некаторымі пунктамі, якія, на іх погляд, былі б рацыянальнымі для змянення сучаснай сістэмы адукацыі: пашырэнне студэнцкай і выкладчыцкай мабільнасці, удзел судэнтаў ў палітыцы ВНУ і г.д.

Удзельнікі прэзентацыі прынялі гэтыя прапановы неадназначна, бо не было дакладнага плану самога змянення.

У дыскусіі прагучалі пытанні пра сам працэс перабудовы сістэмы: нам патрэбны паступовыя ці кардынальныя змены, з чаго пачаць і якую мэту ставіць перад сабой. Бо словы словамі, а вось да аднолькавай высновы ніхто так і не прыйшоў. Зразумела было толькі адно: трэба змяняць шмат. І толькі гэтая частка была добра аргументавана трапнымі прыкладамі з жыцця.

Сама прэзентацыя была цікава тым, што кожны ўдзельнік змог адкрыта пакрытыкаваць сістэму вышэйшых устаноў. Даследчыкам было цікава дапоўніць сваю працу меркаваннямі незалежных слухачоў, якія таксама хацелі данесці ўсім свой погляд на праблему. Такая атмасфера аднадумцаў дала аснову для плённай дыскусіі. Хтосьці палічыў такую прэзентацыю карыснай дзеля разумення сваёй ролі ва ўсёй сістэме адукацыі, а хтосьці не знайшоў дакладных пунктаў для змянення відавочных праблем.