Туманны Альбіён, або Зацемкі дарослага студэнта

  • 21.12.2015
  • Блог
  • Здымкі аўтара

Дарослым студэнтам у Англіі лічыцца як правіла студэнт, які ўжо ўмее выносіць смецце і выціраць душ у інтэрнаце за сабой. Больш дакладна – гэта студэнт, які ўжо мае першую вышэйшую адукацыю і яму няймецца атрымаць яшчэ адну. У гэтым посце выкладу трохі свайго досведу студэнцкага жыцця ва Універсітэце Эсэкса, кампус якога месціцца побач з Калчэсцерам.

university-banner

Магчымасці

Універсітэт дае гору магчымасцяў. Спартыўныя, праца, вучоба, даследванні, практыка. Задача не распыліцца і сфакусавацца на тым, што вам насамрэч неабходна. Вельмі лёгка набраць розных нагрузак і пасля не пацягнуць. Гляджу на твары заклапочаных студэнтаў і адчуваю: “лепей меней ды лепш”. Да прыкладу, тут ёсць абавязковыя модулі, модулі, за якія вы атрымаеце балы і модулі, якія вы вольна абіраеце і не мусіце выконваць, але балаў не атрымаецце. Менавіта апошнія самыя спакуслівыя для студэнтаў. Яны выграбаюць апошнія крохі вольнага часу і робяць з універу інтэлектуальны sweatshop.

Сацыяльнае жыццё

Універсітэт дае магчымасць удзельнічаць у сацыяльным і палітычным жыцці студэнцтва краіны. Дакладней так. Студэнты аб’яднаныя ў Студэнцкі Прафсаюз (Student Union), выбілі сабе гэта права. Вы можаце, сабраўшы 20+ подпісаў, стварыць гурток (society), які вам падабаецца, або далучыцца да таго, што ўжо ёсць. А ёсць самыя розныя: пачынаючы ад “пераадольвання” моўнага бар’еру, в’етнамскай культуры, і заканчваючы падтрымкай сапатысцкага руху, або партыі Рабочых Брытаніі (Labour Party), ЛГБТ, або рэлігійнай суполкі Сведкаў Еговых. Любыя дзвіжы лакальныя вітаюцца. Так так, тут студэнты ладзілі марш за правы бежанцаў з кампуса у цэнтр горада. Карацей разнастайнасць тут зашкальвае і вітаецца. Хаця замежныя студэнты гэта “залётныя пташкі”, Студэнцкі Прафсаюз вытрачае шмат сіл, асабліва напачатку, калі вы маеце пераадолець бюракратыю для рэгістрацыі. Гадавы прайс удзелу у прафсаюзе, або любым іншым гуртку – 5 фунтаў.

Кошты

5 фунтаў – гэта прыблізны кошт аднаго абеду. Так, кошты ва ўніверсітэце не дэмакратычныя (Як ва усёй Брытаніі). Вядома, кавярняў, розных сэрвісаў, крамаў дастаткова ў кампусе, але лепей набываць і рэчы, і ежу ў горадзе, гэта эканомія 20-40%, а часам болей. Дарэчы, гэта тычыцца і коштаў на жытло. Інтэрнаты тут каштуюць на 30-50% даражэй за такія ж памяшканні ў горадзе. Вядома, універ – гэта больш сацыяльнае месца. Але аўтыстам дакладна больш спадабаецца горад (пра горад у іншых выпусках).

Дэдлайны

Тут жэстачайшыя. Гэта азначае, калі вы спазніліся на 1 секунду з адсылкай вашай працы, лічыце, што курс вы завалілі. Не важна што лёг інэт, або не было электрычнасці, або трамвай не прыйшоў. Таму на апошні вечар дакладна пакідаць напісанне эсэ на 20 старонак англійскай мовы не добры падыход. Што тут дадаць: ад вас пастаянны hard working =)

Выкладчыкі

Выкладчыкі чакаюць ад вас пытанняў. Калі вы проста сядзіцё і слухаеце, значыць вы не адпавядаеце чаканням, і гэта значыць або вы ніфіга не прачыталі, або вы не ўмееце крытычна мысліць. Гэта чэлендж асабліва для напісання эсэ. Тут можна ламаць галаву не адзін дзень над самім пытаннем эсэ, каб толькі зразумець яго сэнс. Выкладчыкі маюць часы прыему кшталку як у нас чыноўнікі – раз на тыдзень, можна часам не патрапіць. Але калі патрапіце, то будзе добрая магчымасць даведацца пра ўсё, што жадаеце. Вядома, не здзіўляйцеся, калі вас перанакіруюць на іншага, пасля на іншага выкладчыка. Бо ў іх тут спецыялізацыя зашкальваючая.

Антыплагіят

Крыніцы ў вашым эсэ. Акрамя таго, што вам давядзецца змяніць сваё стаўленне да напісання крусавых (эсе), у Брытаніі вельмі замарочаны на плагіяце. Капіпаста не пройдзе. Таму паклапаціцеся акунуцца ў сусвет без плагіяту. Бо іначай можна паляцець з універу вельмі хутка. Тут акадэмічная супольнасць не толькі праганяе вашу працу праз розныя сістэмы, але актыўна прамывае мазгі гэтай тэмай. Мінуць адмысловы занятак па антыплагіяце не атрымаецца. Можаце ўжо трэніравацца рабіць спасылкі на цытаты, тэрміны, усе ідэі, якія вы запазычваеце, нават, якія вам падаюцца сваімі. Спасылацца на крыніцы і перафразіраваць для шмат каго можа быць відавочным, але для брытанскага стыля напісання эсэ, гэта – холі байбл.

Студэнты

Салянка людзей тут вялікая. Заморская. Можна сказаць Вавілон сабраўся. Розныя культуры, норавы, акцэнты. Ваш гумар могуць зразумець, зразумець не так, або не зразумець. Таму быць дакладным асабліва напачатку – гэта вельмі важна, можа і не прывычна. Пуць да сэрца малазійкі, мексіканца або японкі ляжыць… правільна, праз страўнік. Пасядзелкі ў бары гэта добра, але нефармальны абмен кухнямі – гэта выдатны шлях для тых, хто не п’е або не ходзіць ў спартыўную секцыю.

Нагляд

ССTV і татальны кантроль. Калі вы фанат ананімнасці, тут такое не пракаціць – увесь універ напічканы камерамі. Больш за тое, калі вы прыходзіце на семінар, лекцыю або дыскусію, вам неабходна аўтарызавацца з дапамогай вашага студэнтцкага білета на ўваходзе. Вы на далоні ў адміністрацыі. Студэнтам гэта не падабаецца, ад Нямеччыны да Нігерыі, проста змірыцеся з гэтым і атрымлівайце салоду ад сурвайленса. Вось іду па калідоры юрыдычнага факультэту. Падыходзіць да мяне жанчына і пытае, ці усё добра, а пасля кажа, што я прапусціў столькі ды столькі заняткаў. Кажу, што, магчыма, забыў адзначыць карткай (гэта вельмі непрывычна). Яна пачала паказваць, як гэта рабіць. Карацей. сурвайленс тут на ўзроўні рэлігіі (пра яго таксама можна пісаць іншы пост) =)))

Студэнцкі хаб

Магчыма, гэта мара шмат якіх студэнтаў у Беларусі мець ва ўніверсітэце месца, якое працуе 24/7, дзе ёсць дасяг да праектараў, кампьютараў, сталоў, тэхнічнай падтрымкі. Вядома, тут усё запаланіла вінда і нават на ўваходзе стаіць вялікі рол, які запрашае паставіць майкрасофт офіс за так. У той жа час, спецыялісты з тэхпадтрымкі разрульваюцца ў лінуксе без праблем. Гэтае шчасце 24 гадзіны на суткі з камфортнымі крэсламі далося няпроста: так студэнты адстойвалі гэта права год ад году.

Электроншчына

І апошняе на сёння. Электроншчына. Як толькі вы трапляеце ва ўнівер, вам даецца паштовы акаўнт (персанальны расклад, мудл і шэраг іншых сістэмаў). Мэйл акаўнт – гэта не бонус, гэта краевугольны “камень”, сродак камунікацыі вас з іншымі студэнтамі, выкладчыкамі, адміністрацыяй, сэрвісамі ўніверсітэта. У дзень можа прыходзіць ад 3 да 10 паведамлянняў. Сярод гэтага спаму – прапановы ўладкавацца ў інтэрнатуру, стажыроўкі, розныя студэнцкія актыўнасці або лекцыі. Акрамя гэтага, вельмі актыўна карыстаецца фэйсбук, каб дагрукацца да кожнага. Напачатку падаецца, што тонеш, але нічога, выплыў =)

На гэтым заканчваецца сённяшні пост. Ён не вычэрпвае ўсё тэмы і цікавосткі, якія можна было б распавесці на тэму ўніверсітэтаў ў старушцы Англіі. У іншых выпусках напішу пра жыццё мясцовых суполак і падарожжы ў Лондан і вядома, сурвайленс.

Зараз я збіраю чамаданы з надзеяй хутка пабачыць блізкія сэрцу палеткі і крануцца стаптаным лідскім кедам да роднага асфальту. Эх, Мінск…