Туманны альбіён. Частка 2. Жыццё пасля дэдлайна

  • 21.05.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтара

У гэтым допісе раскрыю некалькі момантаў, што здарылася са мной пасля першых дэдлайнаў да веснавых іспытаў. Для большага паглыблення ў тэму можаце прачытаць першую частку зацемак.

chapter2-uk-study-4

Інтэлектуальны батальён

Перш за ўсё, трэба раскрыць, як усё ж атрымалася выжыць пасля першай сесіі. Усе іспыты былі пісьмовыя ў форме экзаменацыйнага эсэ. Гэта выглядае наступным чынам: пасля сканчэння модуля вам даюць 5-10 пытанняў, з якіх трэба абраць адно або два. І ў бой.

Бой заключаецца перш за усё ў пераадоленні звычак і легендарнай пракрастынацыі. Хто хацеў адкасіць ад арміі праз англійскі ўнівер, лічы, што трапіў у гэту армію. 6:30 раніцы –  пад’ём. Прабежка. Душ. І, канешне, начытка. Цягам 4-5 гадзін. Калі адчуваецца, што ўсё плыве перад вачыма, гэта значыць, што пара паабедаць. Пасля, магчыма, ў якасці размінкі – паездка ва ўніверскую бібліятэку і назад. Там даюць непад’ёмны аб’ём ведаў, які, дацягнуўшы да стала, намагаешся аналізаваць.

Некалькі дзён начыткі проста так не застаюцца. Ты пачынаеш адчуваць, што шарыш у матэрыях і хітсрасплеценіях міжнароднага заканадаўства. Дзень ужо падграбае, значыць пара спаць. Мінімум 8+ гадзін. Калі меней. Дыстанцыю не асіліць. Будзе акрамя пракрастынацыі яшчэ і губленне ўвагі і наогул неспадзяванкі са здароўем.

Такі рэжым працягваецца 10-15 дзён. Пачынаеш прывыкаць, але за паваротам 10000 словаў на замежнай мове. Каміты ў фэйзеры і, да, шчасце… некалькі тыдняў расслабіцца. Адчуваеш дыстанцыю. Можна вешаць пагоны. Валішся і засынаеш.

Рэцэпт: жорсткі тайммэнджмэнт. Ад пад’ёма да паходаў у краму і гатаванне ежы павінны быць зафіксаваны ў календары. Так, душ не болей за 10 хвілін.

Яшчэ дэталяў… або што такое эсэ

Для пачатку эсэ – гэта курсавік. Аматару сядзець з крэслам гадзінамі і днямі гуманітарны факультэт будзе вельмі дарэчы. Але для замежнага студэнта біцца з кожным абзацам – гэта нерэальны чэлендж. Яшчэ большы чэлендж, калі трэба напісаць да 5000 словаў. А гэта значыць, што трэба напісаць прыблізна 4900+, гэта значыць, патрэбна планаванне тэксту, зместу амаль з касмічнай дакладнасцю. Таму аўтлайн і агляд літаратуры – цэнтральны элемент, які заграбае горы часу.

Калі паперла пісаць, гэта не значыць, чым болей – тым лепей. Правяраючыя прафесары, доктары і г.д. чакаюць ад вас каля 5000 словаў, добра структураваных у сказы, абзацы, часткі… таму любы пераход колькасных межаў азначае штрафы выніковых балаў.

Рэцэпт: напачатку навучання далучыцца да дапаможнага курса па акадэмічным пісьме. Забірае няшмат часу і выкладчыкі, як правіла, добра дапамагаюць уехаць у кухню заходняй школы напісання курсавікоў.

Міжкультурнае прасвятленне праз страўнік

Яшчэ напачатку першага семестру ідзем з адным студэнтам з магістэрскай праграмы, чэшам пра жыццё. Ён прыехаў раней, дык распавядае пра першыя ўпечатленія і сумуе з-за адзіноты. Не ўдаваўся ў падрабязнасці яго хандры, але ён кажа: “Ну, у гэтай краіне можна сацыялізавацца праз бар або спорт.” У яго атрымалася па першаму сцэнару. Распавяду свой.

Для спорту трэба была каманда, якая трохі пазней з’явілася. Але майму сэрцу захацелася падзяліцца нечым. Затусаваў з японкамі, мексіканцам і дзяўчынай з Інданезіі. Першая ідэя – гэта кухня, пра якую я пісаў у мінулым допісе. Дык вось быў яшчэ адзін паўтор беларускай вечарыны, а пасля японкі мабілізаваліся і зрабілі вечарыну з сушамі. Ну, канешне, я атрымаў першы досвед скручвання сушаў і багаты міжкультурны абмен. Гэткі абмен на кухні адбываецца найбольш хутка.

Рэцэпт: шлях да міжкультурнага прасвятлення ляжыць праз страўнік. Праверана.

chapter2-uk-study-3

Сацыяльная актыўнасць у байкітчэне

Канешне, сацыяльнай жывеліне кухні недастаткова, ды і перад студэнтамі маячаць больш перспектывы завоблачных кар’ерных дывіяцый, чым жывое чалавае, так, абшчэніе. Таму я адшукаў роварныя суполкі ў Калчэсцеры (Colchester) і суседнім горадзе Ўівэнхоэ (Wivenhoe) і затусаваў з імі ў якасці валанцёра.

chapter2-uk-study-1

Спраў там не шмат, але даволі сацыяльна. Магчымасць паразмаўляць з нэйціў спікерамі і трохі адфакусавацца ад універсітэцкай штотыднёвай сансары. Каб зусім не застраваць ва ўніверскім чціве матрыцы, зрабіў мясцоваму байккітчэну расцяжку.

12705434_651784278295292_4493028611947155507_n

Наогул, большасць студэнтаў вельмі засяроджваецца на жыцці ўнутры кампуса. Канешне, там можна жыць, не выпаўзаючы ў рэал. Таму мясцовыя жыхары не адчуваюць кантакта з акадэмічнай супольнасцю, нейкі вялікі гэп (gap).

Рэцэпт: нэйціў спікераў шукайце па-за кампусам, там сапраўдная сацыялізацыя.

Інтэлектуальныя вібрацыі. Паміж дронамі і лясамі Амазоніі

Зноў пачынаюцца лекцыі. Паміж лекцыямі – практычныя заняткі, дзе вучымся гаварыць на розныя праблемныя міждысцыплінарныя пытанні лекцый. Там звычайна штосьці хтосьці кажа. Не сказаць, што вельмі разумныя думкі, але гэтыя заняткі можна выкарыстоўваць па-рознаму. І гаварыць, і слухаць. Выкладчыкі часцей за ўсё фасілітуюць. Кантэнтам не перагружаць, шараць метады і мета метады. Ідэал.

Вялікую інтэлектуальную загрузку даюць адкрытыя лекцыі і кінапрагляды, якія здараюцца штотыдзень па некалькі разоў. Адкрытыя лекцыі могуць быць пра эканамічны і сацыяльны эфект ад правядзення Алімпійскіх гульняў у Бразіліі, этычную лясную індустрыю ў лясах Амазоніі, або пра атаку амерыканскіх дронаў у Пакістане. Карацей, інтэлектуальныя вібрацыі зашкальваюць, а акіян ведаў спрабуе ператварыцца ў цунамі.

Падключацца на якія-небудзь пазафакультэтныя актыўнасці канешне магчыма, але гэта будзе выграбаць ваш часовы бюджэт і распыляць па тэмах (чытай мінулы допіс). Бо цікавых і зацягваючых лекцый вельмі шмат. Таму факусаванне на вашым топіку дапаможа захаваць інтарэс і, вядома, пакажа сур’ёзнасць намераў быць высакакласным спецыялістам у вузкай галіне, што тут вельмі каціруецца.

chapter2-uk-study-2

Рэцэпт: калі няма пытанняў да лектараў, хутчэй за усё гэта будзе вэйст тайм, але галава ўжо будзе забіта інфой. Можна паспрабаваць ператварыць яе ў веды.

Іспыт і джэнтэльмэнскі нагляд

Прыносіць нейкія даведнікі і раздрукоўкі афіцыйных дакументаў на пісьмовы іспыт можна. У вас 3 гадзіны. 3 пытанні. Як правіла, адно праблемна арыентаванае, два практычныя. З сабой лепей узяць толькі асадкі, студэнцкі білет і вады ў празрыстай бутэльцы. Чай у мега тэрма-кружцы не прапусцяць. Гатоўцеся. Шакаладка будзе заліпаць на зубах.

Пісаць на сваіх аркушах паперы забароненна. Бо пасля іспыту да вас ветліва падыйдзе надглядальнік (invigilator) і па-джэнтэльмэнску скажа, што вы паспяхова парушылі ўніверскі кодэкс паводзінаў з усімі наступствамі. Так-так, пачакаўшы пакуль вы парушыце, хаця праблему можна было вырашыць да парушэння. Джэнтльмэн. Але такое зраецца рэдка, асабліва калі слухаць уважліва іх інструкцыі перад іспытам.

Насамрэч, пад час іспыту няма часу гатаваць усе раздрукоўкі, бо гэта забірае горы часу, а пісаць трэба шмат і рознабакова. Таму магчымасць карыстацца даведнікамі сумнеўная.

Рэцэпт: Перад іспытам трымацца падалей ад студэнтаў, яны любяць накручываць, гэта можа кепска адлюстраваца на здароўі і наогул на бадзёрасці духу.

chapter2-uk-study-5

На сёння завяршаю спіс рэцэптаў. Наступны допіс будзе прысвечаны фінальнай частцы прыбывання ва ўніверсітэце Эсэкса. Я распавяду, як рыхтаваў дысертацыю = магістарскую працу (МА), якія атрымаў балы па любімых модулях і мае ўражанні пра Кальчэсцер, Лондан і навакольныя супольнасці. Укладаю невялікая відэа-прывітанне з Эсэкса, якое перадае атмасферу кампуса.

Ну ўсё, сі ю эраўнд
Рызомыч

Ліцэнзія на ўсё СС BY-SA 4.0