Творчая свабода Gaude Polonia
Да 15 кастрычніка прымаюцца заяўкі на адну з самых прэстыжных стыпендый Еўропы – стыпендыю польскага міністэрства культуры Gaude Polonia.
Праграма адрасуецца творцам ва ўзросце да 40 гадоў у сферы літаратуры, кіно, тэатра, фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Галоўная мэта: спрыяць прадуктыўнаму міжнароднаму дыялогу паміж Польшчай і суседнімі краінамі.
Adykacyja.info пагутарыла з вядомым тэатральным рэжысёрам, крэатыўным дырэктарам Korniag Theatre, стыпендыятам Gaude Polonia 2014 года Яўгенам Карнягам пра праграму, яе прывабныя моманты і галоўныя вынікі паўгадовай вучобы за мяжой.
Пра дакументы і матывацыю
Мая добрая знаёмая Марына Дашук (па сумяшчэнні яна з’яўляецца і маім дырэктарам і працуе ў Korniag Theatre) у 2013 годзе знайшла гэтую стыпендыю, адвучылася, а потым параіла падацца і мне. Яшчэ раней за нас па Gaude Polonia ездзіў вучыцца Мікалай Рудкоўскі (беларускі драматург, сцэнарыст, радыёвядучы – аўт.). Па водгуках, праграма была вельмі цікавай і карыснай.
Заяўка складалася з CV, відэа-матэрыялаў маіх спектакляў (хаця яны, дарэчы, так і не спатрэбіліся). Адно з патрабаванняў – мець значныя дасягненні ў прафесійнай сферы. У мяне ўжо быў рэжысёрскі вопыт; таксама значна паўплывала адукацыя: я скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, а пасля – магістратуру школы-студыі Маскоўскага мастацкага тэатра і цэнтра Усевалада Мейерхольда.
Яшчэ адзін з самых важных момантаў – знайсці добрага куратара, які падпішацца пад табой. У мяне такім чалавекам стаў Томак Радовіч, вядомы тэатральны дзеяч Польшчы, паслядоўнік Ежы Гратоўскага, кіраўнік тэатра Chorea.
Заяўка на стыпендыю прадугледжвае тэму, па якой стыпендыят будзе праводзіць свае даследванні. Матывацыя мусіць быць вельмі высокай. Я абраў тэму “Межы”. Менавіта па гэтай тэме я і збіраў матэрыял для сваёй выніковай працы. Напрыканцы вучобы трэба напісаць “справаздачу”, дзе падрабязна пералічыць, што стыпендыят наведаў, знайшоў, напісаў, з кім пазнаёміўся і г.д.
Пра вучобу
Сам працэс вучобы – ідэальны. Бо яго няма. Ёсць толькі твая абраная тэма і абсалютная свабода.
Месцам маёй дыслакацыі была Лодзь, але за час вучобы я з’ездзіў у Кракаў, Вялічку, Асвенцым, Познань. Хадзіў на ўсе тэатральныя фестывалі. Прымаў удзел у розных культурніцкіх праектах. Працаваў у тэатры Chorea.
У выніку, я падрыхтаваў і паставіў спектакль “Z drugiej strony”, у якім былі занятыя акцёры і з Chorea, і з Korniag Theatre. Там гучалі беларуска-польскія народныя спевы, а галоўнай тэмай відовішча былі ўсё тыя ж межы.
Яшчэ раз адзначу: спектакль не быў абавязковым вынікам вучобы. Гэта была выключна мая ініцыятыва. Проста так атрымалася, што мае пошукі на абраную тэму склаліся ў паўнавартасны спектакль, які мы нават не адзін раз паказвалі.
Акрамя таго, я добра авалодаў польскай мовай, бліжэй пазнаёміўся з польскай культурай. Спачатку, канешне, было напружана з-за моўнага бар’еру, але напрыканцы другога месяца ты ўжо адчуваеш сябе часткай гэтай краіны.
Больш падрабязную інфармацыю вы можаце знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Польшчы.
Гутарыла Ганна Грынкевіч