У адным ліфце з Ангелай Меркель…
- Час чытання: 5 хвілін
Пра свой досвед стажыроўкі ў нямецкім парламенце паспавядае чытачка Adukacyja.info Кацярына Якоўчык.
Калі вы ўжо атрымалі вышэйшую адукацыю, альбо вось-вось скончыце ўніверсітэт, цікавіцеся палітыкай і добра валодаеце нямецкай мовай, тады час збіраць дакументы на міжнародную стыпендыю парламента Германіі.
Пасля падачы дакументаў у названы тэрмін (звычайна канец чэрвеня), паспяховых кандыдатаў запрашаюць на гутарку ў Мінск, таму, на мой погляд, вельмі важна пастарацца ўжо на этапе падачы дакументаў. Важна карэктна запоўніць фармуляры і прыкласці ўсе неабходныя дакументы ў патрэбнай колькасці.
На сумоўі прысутнічаюць, як правіла, дэпутаты парламента, прадстаўнікі аднаго з універсітэтаў Берліна, супрацоўнікі амбасады, а таксама былыя стыпендыяты з Беларусі. Як і на любым сумоўі, варта чакаць зусім розных пытанняў, пачынаючы з матывацыі, планаў на будучыню і хобі, і заканчваючы спецыфічнымі пытаннямі, якія датычацца палітычнага ладу Германіі, ці нечаканымі сітуацыйнымі пытаннямі, як напрыклад:
- Уявіце, што вы едзеце ў ліфце ў будынку Бундэстага, і на наступным паверсе ўваходзіць Ангела Меркель. Як вы будзеце сябе паводзіць?
- Як вы будзеце сябе паводзіць, калі ў кабінет дэпутата, у якога вы праходзіце практыку, патэлефануе чалавек і пачне гарлапаніць на вас у трубку?
- Параўнайце палітычныя сістэмы Швейцарыі і Германіі.
- Колькі дэпутатаў у Парламенце Германіі? Колькі дэпутатаў у кожнай фракцыі?
Калі сумоўе пройдзена паспяхова, можна збіраць чамаданы і купляць квіток у Берлін. Самае цікавае толькі пачынаецца.
Працуючы ў офісе аднаго з дэпутатаў, імя якога вам скажуць пасля прыбыцця ў Берлін, давядзецца выконваць зусім розныя заданні. Магчыма, напішаце выступ для яго, з якім дэпутат будзе выступаць на пленарным паседжанні, альбо падрыхтуеце даклад па пэўнай тэме, арганізуеце канферэнцыю, а, магчыма, часам прыйдзецца выконваць руцінную офісную працу.
Падчас практыкі можна наведваць пленарныя, а таксама паседжанні фракцый і рабочых груп. Гэта непаўторная магчымасць паглядзець на свае вочы, як абмяркоўваюцца нацыянальныя пытанні, як прымаюцца рашэнні, як пішуцца законы.
Практыка ў парламенце – гэта не толькі праца непасрэдна ў офісе і наведванне паседжанняў. Для стыпендыятаў арганізоўваюцца трохдзённыя паездкі ў прадстаўніцтва палітычных фондаў у розных гарадах Германіі, якія ў сваю чаргу праводзяць тэматычныя інтэнсіўныя семінары для стыпендыятаў. Кожны стыпендыят таксама праводзіць адзін працоўны тыдзень у выбарчай акрузе свайго дэпутата, каб паўдзельнічаць у працы дэпутата непасрэдна на лакальным узроўні.
Вялікі плюс праграмы — гэта магчымасць стыпендыятаў наведваць заняткі ва ўніверсітэтах Берліна. Гэта могуць быць і моўныя курсы, і непасрэдна заняткі профільных факультэтаў. Плюс, час ад часу, для стыпендыятаў арганізоўваюцца спецыяльныя лекцыі на актуальныя тэмы, а таксама інтэнсіўныя семінары, як, напрыклад, семінар для развіцця навыкаў камунікацыі, альбо трэнінг для падрыхтоўкі да прафесійнай гутаркі і складанні рэзюмэ.
Практыка ў парламенце – гэта ўнікальная магчымасць даведацца шмат пра што, многаму навучыцца, завязаць цікавыя знаёмствы і знайсці шмат новых сяброў.
Магчыма, самым незабыўным вопытам стане менавіта жыццё стыпендыятаў па-за парламентам. Каля 120 стыпендыятаў з розных краін пяць месяцаў жывуць можна сказаць пад адным дахам. Іх засяляюць у адзін шматкватэрны дом, па два чалавекі ў кватэры.
Размяшчаюць стыпендыятаў па моўным прынцыпе. Стыпендыят з Беларусі наўрад ці апынецца ў адной кватэры са стыпендыятам з Расіі, Казахстана ці Літвы, так як усіх выхадцаў з краін былога СССР аб’ядноўвае веданне рускай мовы. Для арганізатараў практыкі вельмі важна, каб стыпендыяты практыкавалі нямецкую мову, а таксама даведаліся пра краіну свайго суседа і іншых стыпендыятаў. Падстаў для гэтага будзе больш чым дастаткова. Шматлікія дні нараджэння, нацыянальныя святы, проста піццё гарбаты, а таксама сумесныя падарожжы не дадуць змаркоціцца вечарамі і па выходных.
Зацікавіліся?
Тады пераходзьце па спасылцы і пачынайце збіраць дакументы!