Улётнае лета ў Нямеччыне

  • 02.09.2015
  • Блог
  • Здымкі: Андрэй Маталыга

1

Я заўсёды марыла ўбачыць мноства краін, адчуць іх культуру, даведацца пра існуючыя традыцыі, адначасова навучаючыся карыснаму ды цікаваму. Таму адшукаўшы на сайце «Трэцяга сектара» абвестку пра моладзевы абмен «Back to the nature» у Нямеччыне, я адразу ж вырашыла падаць заяўку і паспрабаваць свае сілы.

Чаканне вынікаў заняло цэлы месяц. Калі ж даведалася пра тое, што мяне адабралі для ўдзелу, эмоцыі проста перапаўнялі мяне, я была на сёмым небе ад шчасця. Нават цяпер, узгадваючы ўсю мітусню і колькі сіл было выдаткавана для падрыхтоўкі да праекта, я ўсміхаюся.

Раней я думала, што ўсе звычайна летам ляцяць або едуць на адпачынак, бліжэй да мора, а я паеду ў кемпінг. “Вось гэта крута!” – падумала тады я. “Гэта ж не проста кемпінг, а плюс яшчэ самаадукацыя ды знаёмства з новымі людзьмі з розных краін. Гэта проста бомба!”.

Праграма была складзена вельмі дэталёва: розныя варкшопы, спартовыя гульні, водныя гульні, дыскусіі на розныя тэмы ды яшчэ і па-ангельску. Галоўнай мэтай праекта было дапамагчы нам, маладым людзям, пажыць пару дзён без Інтэрнэту ў намётах у экстрымальнай умовах. Удзельнічалі 7 краін: Беларусь, Грузія, Люксембург, Македонія, Нарвегія, Эстонія і Нямеччына. Адрэналін так і бушаваў ува мне!

Надышоў той дзень Х. Выляталі мы з Вільні ўранку, але прыехаць мусілі за дзень раней, каб прагуляцца па прыгожым горадзе, убачыць наваколле, пакаштаваць ежу ды паспець на апошні аўтобус у аэрапорт.1
Вільня здзівіла сваёй архітэктурай, маленькімі вузкімі вулачкамі і спагадлівымі людзьмі.

Калі надыйшоў час вылету, надвор’е стаяла выдатнае. Ляцець нам трэба было амаль дзве гадзіны. Гэта быў мой першы палёт на самалёце і прызнацца, я была напалохана. Калі мы ўжо ішлі на пасадку ў Дортмундзе ў Нямеччыне, то стала заўважна, як змянілася надвор’е за гэты час. Ліў моцны дождж. Мы падаставалі дажджавікі, каб не прамокнуць дашчэнту.

З Дортмунда мы ехалі ў Ольдэнбург на аўтобусе гадзіны з тры. З Ольдэнбурга да Кёнефёрдэ яшчэ гадзінку. Зрэшты, мы даехалі ў першы лагер.

З першага дня я адчувала, што гэта будуць незабыўныя прыгоды! Так яно і было. Усе 10 дзён былі напоўненыя рознай дзейнасцю. Нам не ставала часу пасядзець або адпачыць у намёце. Мноства майстар-класаў, энерджайзераў, спартовых ды водных гульняў, этна-вечарынак і г.д.

На другі дзень знаходжання ў нашым кемпінгу ў мяне быў Дзень народзінаў. Удзельнікі падрыхтавалі сюрпрыз і гэта яшчэ адна прычына, па якой я не забуду гэты праект.

Арганізатары змаглі стварыць настолькі прыязную, нязмушаную і вясёлую атмасферу, што ніякіх бар’ераў нават і не адчувалася. На абмеркаванне вылучаліся такія тэмы, як сартаванне смецця, ўжыванне ГМА прадуктаў, баўленне часу ў Інтэрнэце, як пачыніць свой ровар і г.д. Дарэчы, частку пра ровары рыхтавала менавіта беларуская дэлегацыя, там мы нават наглядна паказалі ўсім, што рабіць, калі ён зламаўся.

2

Было ў праграме і выпрабаванне праз джунглі-парк. Я ніколі не рабіла нічога падобнага ў жыцці, таму пачувалася адначасова захоплена і напалохана. Памятаю той момант, калі ты павінен праляцець на вяроўцы праз прыгожае блакітнае возера. Я так баялася гэта зрабіць, але ў выніку сабралася з думкамі і вырашыла, што калі атрымаю перамогу над сваімі маленькімі страхамі, тоатрымаю перамогу і над сабою. І я зрабіла гэта. І ні кроплі не шкадую цяпер. Гэта было настолькі цудоўна, што пралятаючы нам возерам, я думала, якое ж выдатнае жыццё, калі дае адчуць такія эмоцыі.

3

У нас нават была сустрэча з нямецкімі палітыкамі, якія дапамаглі разабрацца, як кожны з нас можа ўнесці ўклад у развіццё экалогіі ў сваёй краіне і дапамагчы ўраду зрабіць тое ж самае.

Трэба заўсёды памятаць, што кожны маленькі крок вядзе да чагосьці вялікага. І калі мы хочам нешта змяніць або нечым незадаволеныя, то найперш трэба пачынаць з сябе.

Мне вельмі спадабаўся майстар-клас па пасадцы раслін або guerilla gardening. Я была настолькі захоплена, што зусім забылася на час, затое Андрэю ўдалося зрабіць пару цікавых здымкаў. Вось адзін з іх.

4

Далей мы на роварах праехалі 45 кіламетраў да Паўночнага мора ў Дангасце. Я вельмі люблю ездзіць на ровары, але даўно не было практыкі. Я думала, што не здужаю гэты доўгі шлях. Але мы працавалі як сапраўдная каманда і пераадолець яго было вельмі лёгка. Праўда ногі потым трохі балелі.

5

Да нашай беларускай вечарыны мы гатаваліся грунтоўна. У нас было шмат прысмакаў, каб пачаставаць сяброў. Таксама мы прывезлі шмат магніцікаў, картак, паштовак у якасці падарункаў. Мы танчылі, спявалі песні, чыталі вершы на беларускай мове і рабілі віктарыну. Гэта было незабыўна!

Вядома, самым складаным быў апошні дзень. Дзень, калі яшчэ ніхто быццам бы не з’ехаў і сумаваць няма сэнсу, але прыходзіць ўсведамленне, што гэта канец. Настолькі не хацелася расставацца, што мы цэлы дзень правялі размаўляючы адзін з адным, абмяркоўвалі наступныя праекты на будучыню, нават была магчымасць прадставіць свае ідэі, ўспаміналі ўсё самае цікавае, што адбылося за час кемпінгу, і вядома ж, выказвалі словы падзякі нашым арганізатарам. У гэты дзень у нас была нямецкая ноч, дзе ўсе танчылі, фатаграфаваліся і развітваліся адно з адным.

Са смуткам мы пакідалі наш кемпінг, але на гэтым нашы прыгоды не скончыліся. Мы вярнуліся ў Дортмунд і з 27 па 28 і павінны былі пераночыць там. Добра што знайшлі мясцовага каўчсёрфера, і я з яшчэ адной дзяўчынай і хлопцам з беларускай каманды засталіся ў яго на начлег. Звалі яго Робін, ён жыве разам са сваёй дзяўчынай, якая, дарэчы, з Віцебскай вобласці Беларусі. Мы здзівіліся, калі Робін, спакойна даў нам другую пару ключоў ад хаты, калі пайшоў на працу. Такога ў Беларусі дакладна не сустрэнеш!

Нягледзячы на стому ад доўгай дарогі да Дортмунда, мы тым не менш да другай ночы размаўлялі з нашымі гаспадарамі. Уставаць нам трэба было ў 3:30 і мы паставілі будзільнік. Але, вядома ж, праспалі і ледзь не спазніліся на самалёт. Але гэта быў унікальны досвед і майстар-клас па запакоўванню рэчаў і зборах за тры хвіліны.

6

Калі мы вярнуліся дадому, нас не пакідала пачуццё жалю, што ўсё скончылася і пачынаецца звычайнае жыццё. Але як бы там не было, гэта былі выдатныя дні, адкрытыя людзі, смачная ежа, выдатныя ўмовы для кэмпінгу і 10 дзён нястрымнай весялосці!

Гэта быў велізарны досвед для кожнага з нас, і я магу сказаць з упэўненасцю, што прыехаўшы туды, я была адным чалавекам, але па ад’ездзе я выйшла зусім іншай і адчувала сябе інакш.

Пераклад на беларускую мову: Ганка Барадзіна