Успамін прыакіянічнага жыцця: навучанне ў Партугаліі.


Андрэй Безручонак, магістрант БДУ, распавядае пра свой удзел у праграме Erasmus Mundus у Партугаліі.

Праграма і адбор.

Паехалі мы ў Фару, што на самым поўдні Партугаліі, у межах праграмы адукацыйнага абмену External Cooperation Window Lot 6, якая з’яўляецца ініцыятывай усім вядомай Erasmus Mundus. У 2008 годзе ўдзельнічаць у ёй маглі толькі студэнты мінскага БДУ і Брэсцкага дзяржаўнага ўнівера, бо гэтыя навучальныя ўстановы ўваходзяць у склад міжнароднага кансорцыюма ECW*.  Увогуле ж, тым летам з БДУ падало заяўкі больш за 100 студэнтаў, з якіх былі абраныя 12. А ў Партугалію патрапіла толькі 2 чалавека з геаграфічнага факультэта. І цікава, між іншым, атрымалася! Я да гэтага часа не магу даць той “селекцыі” лагічнага тлумачэння, бо падчас выбару навучальнай установы, “у якую вы б хацелі паехаць на навучанне”, ні я, ні мая калега не ставілі Універсітэт Альгарвэ** на першае месца. Па першае, акадэмічная праграма “там” ня вельмі супадала з геафакаўскай, па-другое, неяк падавалася далекавата. Да і сярэднестатыстычны студэнт з Беларусі няшмат ведае пра тую далёкую краіну на самым захадзе Еўропы. Аднак, дзякуючы лёсу, замест брані квіткоў на цягнік у якую-небудзь Літву ці Польшчу, давялося планаваць авіяпадарожжа праз Лондан з Белавіяй і British Airways.

Дакументы.

Перад апплікацыяй ан-лайн частку дакументаў было патрэбна аднесці шаноўным паненкам з аддзелу міжнародных сувязей. Як аднеслі, так і забыліся пра існаванне гэтых шаноўных паненак да тэлефоннага званка з вынікамі адбору. А далей пачалося самае нецікавае – збор папераў, неабходных для ад’езда за мяжу: у БДУ і ў амбассаду Партугаліі. Трэба было збірацца ў Маскву, бо дыпламатычна нашы краіны ну ніяк не звязаны, а праз прадстаўніцтва – французкую амбасаду ў Менску, доўгатэрміновую візу на навучанне рабіць было нельга. І для мяне, напрыклад, гэта быў такі сапраўдны гемарой яшчэ таму, што супрацоўнікі амбассады літаральна згубілі мае паперы, зацягнуўшы працэдуру выдачы візы і, адпаведна, нашага вылету. Аднак нарэшце візу паставілі, і нават грошай не ўзялі (да гэтага дзяўчынку, што павінна была ехаць са мной у Фару, “абабралі” на 20 EUR).

Дарога.

Ляцелі мы з надзвычай ажыўленнага аэрапорту Мінск-2, які знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы. Настолькі ажыўленнага, што там спакойна “можна здымаць “Лангальеры” Стывена Кінга”(с). Большую частку людзей на рэйсе Мінск-Лондан Гэтвік складалі англійскія футбольныя аматары, і, пакуль некага з іх чакалі, вылет затрымалі. Спазненне ў Лондан прывяло да спазнення на пасадку на рэйс у Фару і да спантаннай начоўлі ў Гэтвіке (а лавачкі там, прынамсі, утульныя, лепей, чым, напрыклад, у Станстэдзе – яшчэ адным Лонданскім аэрапорце) і да спантаннай экскурсіі па сталіцы Злучанага Каралеўства. А ўвечары наступнага дня – доўгачаканая пасадка на Boeing 737 капіталістычных British Airways, смачны сняданак (па нейкіх дзіўных абставінах – лепей чым ў Белавіі 🙂 і various refreshments па гусце.

Пасадка, і першае што адчуваеш па выхадзе з летака – гэта пах. Ен спачатку можа падацца дзіўным (бо пахне водарасцямі), аднак потым ты прывыкаеш. Гэта – пах Атлантычнага акіяна, які потым немагчыма забыць.

Інтэрнат і людзі.

Усім “эразмусаўцам” з краін “трэцяга свету”, да якіх, нажаль, пакуль што адносіцца і Беларусь, давалі месца ў інтэрнаце. Плаціць за яго даводзілася 108 EUR за месяц (для параўнання – ў горадзе можна было знайсці кватэру за 150-180 EUR). Што крыху здзівіла апасля нашых “савецкіх” інтэрнатаўскіх цётчак і маразматычных сістэм кантролю – іх поўная адсутнасць (на прыкладзе майго інтэрната). Цетачкі, якія прыбіраюць пакоі некалькі разоў на тыдзень, вельмі добрыя і ветлівыя, а кантролю на ўваходзе не было аніякага. То бок, ты мог вольна прыйсці хоць у 23:00 увечары, хоць прывалачыся з суседзямі з бара а 5-й раніцы.

Некаторым з маіх знаемых не падабаліся ўмовы ў інтэрнаце, і яны з’язджалі на прыватныя кватэры. У інтэрнаце ім шумелі суседзі (партугальцы ўвогуле – шумныя і вясёлыя людзі), нехта па п’яні ламаў, бадай, самыя галоўныя элементы сістэмы каналізацыі – унітазы, нехта краў ежу з халадзільнікаў – зразумець можна. Незнаёмае партугаламоўнае лінгвістычнае асяроддзе таксама магло паспрыяць прыняццю рашэння пераехаць да “сваіх”, больш зразумелых і размаўляючых на “сваёй” мове. Не мне ж іх судзіць)). Аднак мне ў гэтым плане пашанцавала. З суседзямі мы хутка пасябравалі, а гэта, ў сваю чаргу, паспрыяла знаёмству з краінай і вывучэнню партугальскай мовы (прынамсі, з нуля) не толькі са старонак падручнікаў, аднак і з досьведу жывой камунікацыі – са слэнгам і часам не вельмі нарматыўнай лексікай. А лепшае навакольнае асяроддзе для практыкі замежнай мовы, як вядома, – гэта у нефармальнай атмасферы падчас going out, недзе апасля чацвертай ці пятай пляшкі “кавы”, і непасрэдна з носьбітамі ці з носьбіткамі.

Насупраць будынка інтэрната знаходзіўся будынак паліцэйскага ўчастка. Не, гэта, з аднаго боку, вельмі спадручна. Аднак і неяк страшнавата, калі ты прымаеш ўдзел у жартоўных дзеяннях, якія, мякка кажучы, балансуюць на мяжы правапарадку. Напрыклад, няма ўпэўненнасці, што вы не пападзецеся, калі заносіце ў інтэрнат рэчы, якія вы знайшлі, вяртаючыся з going out (у нашым выпадку гэта былі прыблізна ў храналагічным парадку – столік, дарожны знак, калыска з супермаркета, гаршчок з дрэўцам – дробязяў і не прыгадаеш, аднак інтэр’ер нашых пакояў мусіў не раз абнаўляцца). Аднак паліцыя там добрая. Калі мы з сябрам гралі праз усілок на электрагітарах на балконе (ў адну гадзіну ночы), шаноўнае паньства ветліва завітала і не меньш ветліва папрасіла больш так не рабіць. І ўсё. Аднак калі што сур’ёзнае – працуюць на сумленне, а часам і не горш за нашых. Аднойчы, падчас аперацыі супраць наркатрафіка, калі “ператрахівалі” бары і клюбы, ўсіх эразмусаў без цэрэмоній выгналі з адной такой установы і проста паставілі тварам да сцяны, пакуль не праверылі дакументы. Вось яны там якія.

Універсітэт.

Universidade do Algarve – не самы лепшы ў краіне па ўзроўню агульнай падрыхтоўкі студэнтаў (як адзначалі самі выкладчыкі, на тое ёсць універсітэта Ліссабона і Порту), аднак літаральна лепшы ў сферы даследванняў акіянічных экасістэм (дазваляе геаграфічнае становішча – адлегасць да акіяна). Шмат выкладчыкаў запрошаны чытаць лекцыі з-за мяжы (Аргентына, Злучанае Каралеўства, Канада, інш.), ўсе вольна размаўляюць па-ангельску.

Сам навучальны працэс – не складаны. Калі наведваеш усе (ну, ці амаль усе) лекцыі і семінары, праблем узнікнуць не павінна. Цікавы (і, на мой погляд, адрозніваецца ад тыпова беларускага) падыход да студэнтаў – з павагай, як да дарослых, а не як да дурных дзетак – і шлях падачы вучэбнага матэрыялу – на якасць, а не на колькасць (шмат разоў растлумачваецца і паўтараецца самае галоўнае, а не высыпаецца ворах нікому непатрэбных дробязяў).

Па кантракту, каб паспяхова закончыць навучанне, трэба было набраць 60 крэдытаў (ECTS). За экзамен давалі ў сярэднім 5-6 ECTS, за залік – па 2-3. За год неабходную колькасць можна набраць спакойна, і нават “перанабраць”, калі ёсць цікавасць да навучальнага працэсу.

Стыпендыя.

Як і ў выпадку з інтэрнатам, студэнты-эразмусы з краін “трэцяга свету” знаходзіліся ў прывілеяваным становішчы. Іх “сколаршып” складаў 1000 еўра за месяц, што, на мой погляд, шмат для гэтай краіны. На той момант гэтая лічба была большая, чым, напрыклад, сярэдняя зарплата па Партугаліі. Хапае і на ежу, і на адзенне, і на падарожжы. Стыпендыі ж, якія атрымлівалі звычайныя мясцовыя студэнты і эразмусы з краін-чальцоў Еўразвяза былі ў разы меней, што, па-мойму, не зусім справядліва (дакладней, зусім не справядліва). Калі мой партугальскі сябра паехаў вучыцца ў гішпанскі горад Віго, таксама па Эразмусу, яму далі 1230 еўра на 6 (шэсць) месяцаў, што склала 205 еўра за месяц. Нават на аплату за кватэру (кошты ў Гішпаніі вышэй чым у Партугаліі) не хапала.

Мабільнасць.

Наш навучальны курс, які нам далі самім выбіраць па інтарэсу (з-за несупадзення акадэмічных праграм універсітэтаў), даваў пэўную колькасць вольнага часу каб спланаваць і рэалізаваць шэраг падарожжаў. У першую чаргу гэта былі паездкі па краіне, па ўзбярэжжы. Але ж географу абмяжоўваць сябе адной краінай – гэта нонсэнс, і трэба было ўжо рваць некуды яшчэ. Зразумела, што такая неймаверна вялікая стыпендыя дазваляла крыху пабачыць навакольныя краіны. Ды і быць мабільным аддтуль у разы лягчэй, чым з Беларусі. А картка часовага рэзідэнта краіны Шэнгенскай дамовы (якую мы рабілі па прыездзе) літаральна адчыняла шляхі ў З’яднаную Еўропу.

Кожнаму нармальнаму студэнту, вядома, хочацца падарожнічаць як мага танней. Бо чым меньш грошай патраціш на квіток, тым больш застанецца на астатняе. Як ні дзіўна, самы танны шлях патрапіць з краіны А ў краіну Б у Еўропе – летаком. Досьвед і даследчы праект, што я там выконваў, паказаў, што лепшымі ў гэтым плане з’яўляюцца летакі авіякампаніі Ryanair. Мне давялося палятаць імі і за 5, і за 25, і за 75 еўра. Чым раней набываеш (зразумела, праз Інтэрнэт) – тым танней, гэта закон маркетынгавай стратэгіі. Але ж ўсё адно прыемна сесці на летак з Фару до таго ж Лондана з квітком за 15 еўра, калі ведаеш, што кошт гэтага ж рэйса з British Airways пачынаецца ад 200 еўра.

Ну, вось і час закругляцца… Пра год жыцця і навучання можна напісаць і кнігу на некалькі тамоў, а можна распавесці коратка, аднак з акцэнтам на галоўным. Любы досвед працяглага жыцця ў далечыні ад дома прымушае вывучыць некалькі простых, аднак сур’ёзных рэчаў. А менавіта – як самастойна вырашаць свае праблемы, як самастойна планаваць свой час і рабіць усё без нагадак, і як адказваць за свае дзеянні. Аднак, калі ёсць галава, усе гэтыя ўрокі жыцця засвойваюцца хутка, без “пацярпелых”. А так той год, само сабой зразумела, прынёс новыя эмоцыі, новых сяброў, новыя мясціны, да якіх можна будзе вярнуцца ў хуткай ці не вельмі будучыні. І канечне – пазітыўны ці негатыўны пераагляд некаторых стэрэатыпаў пра Беларусь.

——

* Гэты кансорцыюм (зараз ECW Lot 7 BMU) з’яўляецца вынікам праграмы акадэмічнага партнёрcтва і супрацоўніцтва паміж 9-цю еўрапейскімі і 10-цю універсітэтамі з Беларусі, Малдовы і Украіны”. Такім чынам, у ім зараз 19 устаноў вышэйшай адукацыі, і кардынуе ўсё гэта гішпанскі Універсітэт Дэуста.

** Універсітэт Альгарве адзіны з кансорцыюма прымае беларускіх студэнтаў з дыпломам спецыяліста на навучанне на ступень PhD.