Валанцёрам у Нотр-Дам дэ ла Салет: месяц хараства ў французскіх Альпах
- Час чытання: 5 хвілін
- 21.06.2017
- Блог
- Здымкі: з асабістага архіва Юлі
У жніўні мінулага года я прыехала ў Грэнобль, цэнтральны горад французскіх Альпаў. Толькі адтуль можна было даехаць да невялікай вескі ў гарах, дзе цэлы месяц я збіралася працаваць валанцёрам. Я накіроўвалася ў гатэльны комплекс пры саборы, куды з усяго свету з’язджаюцца паломнікі, не ведаючы, кім буду працаваць. І ўвогуле: што чатыры тыдні можна рабіць у гарах? Але ўжо з першых момантаў у Грэноблі я была ўпэўнена, што паездка ў ла Салет – гэта добрая ідэя.
Sanctuaire de Notre-Dame la Salette
У паўднёва-ўсходняй частцы Францыі, у Альпах, непадалёк ад Італіі і Швейцарыі, ёсць месца ла Салет-Фалаво. Яно вядома многім каталікам з ўсяго свету. У 1846 годзе тут адбылося з’яўленне Дзевы Марыі двум мясцовым дзецям-пастушкам. Гэта падзея была прызнана каталіцкай царквой. Так месца стала паломніцкім.
З часам там з’явіўся вялікі касцёл, а пры ім – гатэль, рэстарацыя, магазіны, турыстычныя маршруты і ўсё астатняе, што патрэбна для патоку паломнікаў і турыстаў. Бліжэйшы населены пункт знаходзіцца за некалькі кіламетраў, таму ла Салет – гэта толькі вялікі санктуарый і горы.
Кожны год супрацоўнікі ла Салет набіраюць сабе ў памочнікі валанцёраў. Зімой там амаль нікога няма: з-за снегу цяжка даехаць. А вось летам людзей у ла Салет шмат. У самы папулярны месяц, жнівень, тут працуе каля ста валанцёраў і прыкладна столькі ж персаналу. Часцей за ўсё валанцёры прыязджаюць на месяц. Санктуарый забяспечвае жыллё, харчаванне і выдаткі на праезд.
Грэнобль – Кор – ла Салет
Звычайна валанцёры абмяркоўваюць свой прыезд за некалькі месяцаў, хаця ў мяне атрымалася інакш: я напісала ліст у сярэдзіне ліпеня і ўжо праз два тыдні была ў ла Салет. Думаю, мне пашанцавала, бо ў мяне была віза і набліжаўся загружаны жнівень. Трэбы было запоўніць некалькі анкет і зрабіць даведку, што па стане здароўя я магу знаходзіцца так высока ў гарах (гэта, дарэчы, засмуціла як мяне, так і нашых лекараў). І таксама купіць усе квіткі і захаваць іх, каб у канцы праграмы вярнуць грошы.
Я ведаю ангельскую і трохі польскую мову. Гэтага было дастаткова, але, канешне, цікавей і прасцей ехаць у ла Салет, ведаючы французскую. Некаторыя валанцёры прыязджаюць туды менавіта дзеля моўнай практыкі.
Дабрацца да ла Салет-Фалаво на грамадскім транспарце – такі ж квэст, як даехаць без машыны да якой-небудзь вёскі на ўскрайку Гомельская вобласці. Добра, што з анкетай мне даслалі і інструкцыю. Так я дабралася да бліжэйшай вёскі, а туды супрацоўнікі санктуарыя паабяцалі пад’ехаць на машыне.
Бліжэйшая вёска Кор – тыповая альпійская вёска з каменнымі домікамі, касцёлам, возерам і неверагоднымі пейзажамі. Я ўжо было зачараваная: і дарогай, і месцам. Каб адтуль дабрацца да санктуарыя, трэба каля 10 кіламетраў уздымацца ў гару па бясконцым серпантыне. Там ужо амаль не сустракаюцца дамы, а авечак значна больш, чым мясцовых жыхароў. Калі я ўпершыню ехала па той дарозе, здаецца, не міргнула ніводнага разу. Гэта такія краявіды, да якіх нельга прызвычаіцца і не захапляцца. Пасля я яшчэ часта ездзіла тым шляхам, і кожны раз здіўлялася магутнасцю гор і іх прыгажосцю.
Калі я прыехала ў санктуарый, стала яшчэ цікавей: нарэшце даведалася, чым буду займацца бліжэйшы месяц. Раней у анкеце з прапанаваных пазіцый я пазначыла, кім бы хацела працаваць. Але каардынатары валанцёраў самі распісваюць абавязкі, улічваючы, якімі мовамі вы валодаеце і дзе патрэбныя людзі. Вялікія групы людзей накіроўваюць, каб прыбіраць гатэль, працаваць на кухні ці ў рэстарацыі, ёсць таксама аніматары, кіроўцы, прадаўцы і шмат іншых “пасад”. Усе працуюць не больш за 5 гадзін у суткі, але з розным графікам. Напрыклад, тыя, хто займаецца прыбіраннем, скончваюць працу каля дзвюх гадзін і потым вольныя рабіць што заўгодна. У рэстарацыі праца цікавейшая, але трэба быць на месцы ўвесь дзень.
На рэцэпцыі я атрымала канверт з ключом ад пакоя і запіскай, на якую пасаду мяне размеркавалі. Я трапіла ў сталовую для валанцёраў, трэба было прымаць і расстаўляць ежу, якую дасылалі з кухні, і потым раздаваць яе. Мне з графікам пашанцавала, было дастаткова часу для вандровак і паходаў у горы. А ў выходныя, якія здараліся адзін раз на тыдзень, мы ўжо выпраўляліся куды-небудзь далей.
У ла Салет прыязджаюць валанцёры рознага ўзросту і з розных краін. Больш за палову ўсіх валанцёраў – палякі, але былі і людзі з Венгрыі, Украіны, Мадагаскару, Славакіі, Расіі, Германіі, Казахстану. З Беларусі акрамя мяне былі яшчэ дзве дзяўчыны, праўда, абедзве ўжо некалькі гадоў жылі ў Польшчы. Узрост валанцёраў таксама вельмі розны: у асноўным 19-23 гады, але шмат было 30-гадовых і некалькі чалавек, каму за 40.
Для валанцёраў кожны тыдзень праводзяць імшу, шмат усяго адбываецца ў самім касцёле, але, зразумела, што ўдзел у рэлігійных мерапрыемствах – гэта асабістая справа кожнага. Сярод валанцёраў былі і праваслаўныя, і каталікі, якія не часта наведвалі храм, але трэба адзначыць, што пераважная большасць добраахвотнікаў прыязджае ў ла Салет свядома як у святое месца.
На вольны час прадугледжаны пінг-понг, більярд, трэнажоры, урокі французскай мовы. Аніматары робяць сумесныя экскурсіі, час ад часу праходзяць нацыянальныя вечарыны, на якіх пераважаюць польскія танцы і песні, і не толькі таму што палякаў шмат, а таму што яны, як ніхто іншы, ведаюць шмат польскіх забаваў. Але найцікавейшы занятак у ла Салет – гэта вандроўкі па рэгіёне і паходы ў горы.
Горы
Санктуарый знаходзіцца на вышыні 1700 метраў над узроўнем мора, а вакол яго – іншыя пікі, якія на 300-400 метраў вышэй. Ва ўсе бакі ад сабора разыходзяцца маршруты: кароткія і даўгія, лёгкія і небяспечныя. У санктуарыі шмат людзей, але адыходзіш 500 метраў, хаваешся за пагоркам – і ты быццам адзін у Сусвеце.
У гарах асабліва адчуваеш надвор’е, кожны дзень выходзіш паглядзець, у якім настроі сёння горы. Часам апускаюцца такія густыя аблокі, што не відаць зусім нічога. Аднойчы воблака нагнала нас, калі мы падняліся на самы высокі суседні пік, стала вельмі халодна, нічога не разгледзець, прыйшлося ўцякаць. У гарах таксама шмат арлоў, звычайна яны бачныя недзе ў вышыні, але неяк арол праляцеў якраз пад намі, адчуваеш сябе, быццам і сам лётаеш.
Выехаць з ла Салет на грамадскім транспарце можна толькі адзін раз на дзень, а 7 раніцы. Таму ўсе карыстаюцца аўтаспынам. У гарах аўтаспын – справа цалкам звычная. Нам гаварылі, што ў іншых раёнах Францыі аўтаспын лепш не практыкаваць, і што чым бліжэй да Парыжу, тым небяспечней. Але ў гарах свае правілы, людзі там добрыя і чулыя. Не ведаю пра Парыж, але пра горы – праўда.
Адзіны момант: пад’язджаць з французамі шмат прасцей, калі ведаеш французскую. Мне пашанцавала, што я вандравала з французскамоўнымі сябрамі, бо з некалькіх дзесяткаў кіроўцаў, якія нас падбіралі, падтрымаць размову на ангельскай маглі толькі два ці тры.
Усе мясцовыя жыхары добра ведаюць пра валанцёраў з ла Салет і ўжо прызвычаіліся іх падбіраць. А кіроўцы аўтобусаў часам нават не бралі плату за праезд, калі бачылі бэйдж валанцёра. Звычайна мы пачыналі размову с кіроўцамі, распавядаючы, адкуль мы. Рэакцыя на Беларусь амаль ва ўсіх была аднолькавая:
– Я з Вугоршчыны.
– Мы калісьці былі ў Будапешце, такі прыгожы горад.
– Я з Польшчы.
– Так, тут дужа палякаў, часта сустракаем.
– А я з Беларусі.
– Ага… Так куды вас падвезці?
Нягледзячы на тое, што санктуарый знаходзіцца ў баку ад гарадоў, туды прыязджае шмат турыстаў, у асноўным дзеля прыгажосці і святасці месца. Зразумела, так бы не атрымалася, каб не прадуманая інфраструктура. На жаль, такой, нават і ў меншых маштабах, няма ні ў Жыровічах, ні Пустынках, ні ў Будславе. Хоць трэба прызнаць, што і паток вандруючых у Беларусь зусім не такі.
Дзякуючы аўтаспыну мы даведаліся, хто ж прыязджае ў гэтую альпійскую глухамань. Не гаворачы пра турыстычныя аўтобусы, гэта сем’і ў адпачынку, сябры, якія выехалі ў горы на выходныя, і пенсіянеры, якія прыкупілі кэмпер і вандруюць па ваколіцах. Дарэчы, на стаянцы ла Салет, заўсёды прысутнічалі кэмперы, і мы на іх таксама не раз пад’язджалі.
Спачатку я думала, што хутка засумую ў гарах і таму ў выходныя буду едзіць у бліжэйшыя гарады. Але ў горад, на здіўленне, не цягнула. Таму ўвесь вольны час мы абыходзіці горныя сцежкі ў розных напрамках, сустракалі статкі авечак, едзілі на возера, да вадаспадаў ці горных рэчак. І нават за месяц я не ўбачыла ўсяго. Не дзіўна, што валанцёры прыязджаюць у ла Салет па тры-чатыры разы. Гэта неверагодна прыгожае і ў нечым магічнае месца, куды хочацца вяртацца.