Валанцёрства там і валанцёрства тут. АдуМарафонцы не спыняюцца
- 11.02.2016
- Блог
Прывітанне, АдуМарафон!
Не тое, каб я адчувала сябе моцнай у справах эсэшных, але паспрабую напісаць штосьці больш-менш зразумелае.
Ітак, валанцёрства. Пад пунктам №1 адзначу, што я валанцёру ў Лізе дабрачыннай працы моладзі ў якасці куратара праекту “Дабрачынны сацыяльны год у Нямеччыне”. Займаюся зборам анкетаў, перапіскай з немцамі, адказваю на пытанні тых, хто падаецца на праграму, рыхтую іх да сумоўя. Адным словам, раблю ўсё тое, што звычайна робіць сталы куратар праграмы. Чаму я гэтым займаюся? Летась сама ездзіла на год у Нямеччыну па гэтай жа праграме (яна ўключала працу з людзьмі, якія маюць інваліднасць) і мне невымерна спадабалася. Таму намагаюся зрабіць штосьці для яе і пасля сканчэння, але ўжо з Беларусі.
Пункт №2. І ён таксама пра Лігу. На дадзены момант Ліга хосціць 4 EVS-валанцёры. Тры з Нямеччыны, адзін з Эстоніі. Дзяўчына-эстонка (яе імя Марыяна) ладзіць раз на тыдзень розныя вечарыны (настольных гульняў, інтэрнацыянальныя сустрэчы, мувінайты і іншае). У чымсьці я ёй таксама дапамагаю. Напрыклад, з перакладам альбо з арганізацыяй вечарынаў. Не ведаю, ці варта падкрэсліваць, што таксама знаёмлю Марыяну з Беларуссю. Але гэта я не называла б валанцёрствам, хутчэй сяброўствам.
Пункт №3. Якраз зараз я наведваю курсы сацыяльнага кіно. Што гэта? Калі каротка, то так: Амераканская амбасада ў Беларусі ладзіць відэакурсы, накіраваныя на тое, каб праз пару месяцаў удзельнікі змаглі зняць сацыяльныя ролікі, якія пасля прадэманструюць на тэлебачанні і ў інтэрнэце. Курсы наведваюць 18 чалавек. Сярод іх ёсць маладыя людзі з інваліднасцю, людзі, якія ўжо маюць досвед рэжысуры. Я такога вопыту, на жаль, не маю, але ўсё адно загарэлася ідэяй зняць варты ролік пра інвалідаў (і заадно аб праекце, куратарам якога з’яўляюся). На мой погляд, большасць рускамоўных ролікаў на гэтую тэматыку, мякка кажучы, не вельмі. Магчыма, у мяне атрымаецца штосьці вартае. Ва ўсялякім разе, я вельмі стараюся, каб атрымалася менавіта так.