Via Media, або Як атрымаць еўрапейскае грамадзянства
- 08.03.2013
- Блог
Апошнім часам я вандрую, сапраўды, шмат. Нядаўна мяне занесла ў Польшчу, на абмен ад Youth in Action на тэме «Медыя і журналістыка», у якім бралі ўдзел 25 дзяўчат і хлопцаў з 11 краін.
Едучы на такую праграму, трапляеш у сітуацыю, калі ў дадзены час і ў дадзеным месцы толькі ты прадстаўляеш сваю краіну, – гэта вялікая адказнасць, і зрабіць гэта хочацца як мага лепей.
Youth in Action – гэта праграма Еўразвязу, накіраваная на ўзмацненне пачуцця еўрапейскай грамадзянскасці і еднасці, салідарнасці і талерантнасці сярод маладых еўрапейцаў ды уцягнення іх у фарміраванне будучыні Еўропы.
Варта адзначыць, што ў 2014 годзе праграма Youth in Action змянілася на Erasmus+, якая дзейнічае ў 2014-2020. Erasmus + дасць магчымасць больш чым 4 мільёнам еўрапейцаў вучыцца, атрымаць досвед працы і валанцёрства за мяжой. У параўнанні з папярэдняй праграмай «Моладзь у дзеянні», тут з’явіліся структурныя змены – гэта аб’яднанне праграм, якія існавалі раней у сферы фармальнай і нефармальнай адукацыі, такіх як Comenius, Leonardo, Erasmus, Grundtvig, Transversal Programmes, Youth in Action, Jean Monnet, Tempus ды Erasmus Mundus.
У якасці комплекснай праграмы, Erasmus+ прапануе больш магчымасцяў для супрацы па ўсіх галінах адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі моладзі, а таксама спартыўнага сектару. Правілы фінансавання спрошчаныя ў параўнанні з папярэднімі праграмамі, і само фінансаванне павялічана на 40%.
“Тры чарапахі” яднаюць
На працягу пяці дзён нас чакалі майстар-класы, воркшопы, team-building і іншыя цікавосткі. Першы раз я апынулася ў радыёстудыі, пачула свой голас у калонках, і зразумела, што, мякка кажучы, ён мне не вельмі падабаецца. З іншай беларускай удзельніцай мы зрабілі інтэрв’ю пра сучаную беларускую музыку, праспяваўшы напрыканцы “Тры чарапахі”. Было вельмі прыемна бачыць праз шкло, седзячы з мікрафонам, як астатнія танчаць і падпяваюць табе! Гэта такое пачуццё еднасці, якое нельга перадаць словамі!
Як і на ўсіх праектах Youth in Action, увечары ладзяцца Intercultural evenings, на якіх удзельнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з іншымі культурамі, убачыць традыцыйныя грузінскія танцы ў жывым выкананні, паспрабаваць чачу, ракі і шмат чаго іншага каларытнага з іншых краін. Беларускі паказалі сябе, як crazy-дзяўчынкі! Пелі Купалінку ў рок-варыянце, прымусілі ўсіх, нават 52-гадовага немца, танчыць маразулю, намалявалі ўсім на руцэ фрагмент беларускага арнаменту маркерам у цемры пад песенку Юры Дземідовіча, а потым пад застольную песню паказалі, як беларускі ўмеюць піць і весяліцца!
На наступны дзень нас чакала праца ў групах па параўнанні розных аспектаў жыцця ў нашых краінах. Мы працавалі з Германіяй, Грузіяй і Гішпаніяй. Менавіта ў гэтай размове гішпанец распавёў нам, што ў іх краіне дзяўчыне, якая прыязжае і нараджае дзіця ў Гішпаніі, выдаецца грамадзянства. Вось такі план, якім, канешне, неабавязкова карыстацца, але жартавалі мы на гэты конт яшчэ доўга.
Перамога “Брокалі”
Таксама ў нас быў квэст па горадзе: удзельнікаў раздзялілі на каманды, і нам трэба было выканаць заданні. Вельмі складана і ў той жа час вельмі весела рабіць гэта ў незнаёмым горадзе з яшчэ незнаёмымі для цябе людзьмі. Але гульня стала адным з маіх улюбёных мерапрыемстваў, таму што мы ўсе спрабавалі выконваць заданне, выкарыстоўваючы ўласныя падыходы. Гэта зрабіла час вельмі разнастайным, запамінальным і вясёлым. У выніку нашая каманда назвалася “Брокалі”, а на падвядзенне вынікаў мы спазніліся, таму што размовы ў кавярні былі занадта цікавымі! На заключнай прэзентацыі нашая каманда прыдумала яшчэ адну фішачку – чырвоныя носікі. Вы б бачылі нашага немца з чырвоным носам, якога расфарбавалі памадай! Для прэзентацыі мы знялі відэа, разыгралі міні-спектакль, у якім нашая брокалі была вясельным букетам. У выніку, канешне ж, атрымалі салодкія падарункі за бясспрэчную перамогу!
Людзі, якія змяняюць тваё жыццё
І гэта, безумоўна, не ўсё! Аднак, вельмі складана распавесці пра насычаны тыдзень у адным артыкуле, тым больш, што самае цікавае і карыснае, з таго, што я атрымала, адбылося праз асабістыя размовы ў бары ці на шляху да яго, гуляючы па Вроцлаву. І яшчэ раз я пераканалася, што самае важнае, што можа быць у любым мерапрыемстве – гэта людзі, якія робяць атмасферу, людзі, якія сваімі думкамі змяняюць адно аднаго і ўяўленні на свет, а таксама ўзбагачаюцца наўзаем новымі ведамі і ідэямі.
Я першы раз апынулася ў такім асяроддзі, і яно адразу пачало змяняць мяне. Было вельмі карысна і цікава даведацца пра армянскія традыцыі, а таксама паразмаўляць пра падзеі на Майдане з людзьмі, якія там былі і адчувалі на сабе. Дарэчы, некалькі ўдзельнікаў з Малдовы і Украіны не даехалі да нас, таму што іх не прапусцілі на ўкраінскай мытні.
Гэта быў мой першы вопыт настолькі міжкультурнай камунікацыі! А паспрабаваўшы такое першы раз, спыніцца немагчыма! Таму я ўжо планую свае наступныя падарожжы з удзельнікамі з розных краін. Далучайцеся!
Карысныя спасылкі, на якіх вы зможаце знайсці інфармацыю пра такія мерапрыемствы: