Віншуем, вы атрымалі… 1000 пацалункаў!

  • 12.02.2016
  • Блог
  • Здымкі Насты

“Колькі часу зараз?” – пытае ў мяне дзвухмятровы міньён. Каля яго ціхенька перашэптваюцца Джэк Верабей ды Вялізная вавёрка.

“Пяць хвілін да адзінаццатай,” – сціпла адказваю я.

БУМ-БАХ!

Думаеце, нарэшце будзільнік?

А вось і не!

Сёння ў нас – Карнавал!12699170_837287143066276_787835092_o

Калі дакладней – Карнавал у Кёльне. Менавіта ў сталіце Нордрайн-Вестфаліі можна пабачыць найбольш гучнае свята. Яно ўжо так трывала стала візітоўкай гораду (ну, канешне-канешне, толькі пасля неверагоднага сабору!), што жыхары, нават нягледзячы на сапраўды штармавое надвор’е, не адмовіліся ад свайго карнавалу. А вось Дзюсельдорф адмовіўся (нібы з цукру, ці што). Таму моцныя кёльнскія вавёркі, буслы, міньёны, піраты і іншыя жыхары фестывалю, а з імі і ваша маленькая падарожная котка, горда выйшлі на вуліцы рознакаляровага Кёльну!

Што гэта за дзікавостка такая – карнавал? Фастнахт – агульная назва гэтага свята – святкуецца на працягу аднаго тыдня і з’яўляецца нейкім кавалачкам рабі-ўсё-што-толькі-пажадаеш напярэдадні Вялікага Пасхальнага паста. Такім чынам, яго можна параўнаць з нашай Масленіцай, вось толькі замест блінцоў тут – святочнае нямецкае піва (ну а што ж яшчэ ў Нямеччыне?) ды замест традыцыйных касцюмаў – сучасныя героі.

12696735_837286389733018_838683033_o

Мне пашчасціла апынуцца на карнавале ў панядзелак (Rosenmontag) – найбольш шыкоўны дзень фестываляю. Ну вось і хто потым скажа, што панядзелак – цяжкі і марудны?:) Ўсё наадварот! Менавіта тады і праходзіць доўгачаканы парад. Не, не пужайцеся гэтага слова! Тут вы не пабачыце журботных твараў школьнікаў ды студэнтаў, прымушанах стаяць зранку з кветачкамі ды плакатамі! Уваходны білет – усмешка ды вочы-ліхтарыкі! 

А людзей тут – бясконца! На вуліцах і ў вокнах можна ўбачыць столькі розных персанажаў, што нават ушчыпнуць сябе хочацца. Не, гэта не простая мара!

Але ж якое свята без салодкіх шыкавостак? І вось тут пачынаецца адно з найгалоўнейшых прызначэнняў параду – раскідванне кветак ды цукерак. Так-так, раскідванне! З кожнай трыбуны сыплецца мноства шакаладу ды харыбашных мішутак. І ведаеце, хто атрымлівае больш? Ніколі не здагадаецеся – людзі на балконах другога ці трэцяга паверхаў! Менавіта да іх спрабуюць дакінуць свае падарункі ўсе ўдзельнікі параду, асабліва тыя, хто займае гордую пасаду на высокіх трыбунах. Ну, канешне, гэта ж куды цікавей, чым проста нейкім коткам зямельным цукерачку аддаць.

Але не хвалюйцеся, і простым “няўзвышаным” людзям дастаецца шмат чаго. На карнавал прыходзяць з велізарнымі пустымі торбамі (і не з адной!), якія потым напаўняюцца рознымі прысмакамі. Нават з адчыненымі парасонамі стаяць!

А вось і маленькі крык-слоўнік, які дапаможа вам за 6 гадзін (а менавіта столькі доўжыцца парад) набыць столькі, колькі абарочваюць за год “Спартак” ды лаўкі з кветкамі.

Kamelle – гэта трэба крычаць, каб атрымаць салодкі падарунак.

Sträußchen – а вось і слова для жадаючых здабыць кветачку ў нейкага прыгожага мушкецёра:)

12735620_837302803064710_993728459_n

І памятайце: калі цукеркі кідаюць амаль кожнаму, то з кветкамі крышачку інакш. Тут трэба, каб ваш касцюм (ці проста вы самі) спадабаліся таму, хто будзе несці ўсялякія ружы ды цюльпаны. І тут дзейнічае прынцып натуральнага абмену: вам – кветачка, ад вас – два пацалункі!

Увага! Калі на вуліцы да вас звяртаюцца са словам “ALAAF”, гэта сімвалізуе таксама абмен пацалункамі (але ўжо без кветак). І тут ўжо не збяжыш.

Ох, і нацалуецеся вы за дзень!

Нарэшце, мы набралі столькі салодкага ды кветак, што нават прапусцілі сваю станцыю, калі дзялілі здабычу!

12695256_837286713066319_1733552528_o

Ну і куды ж без палітычнага гумару (а ці ёсць у Нямеччыне які іншы:)?

12631014_837286669732990_115480726_o

З поўнымі кішэнямі цукерак ды яшчы больш поўнымі ўсмешкамі вяртаемся мы зноў дахаты. Але ўражанняў – да наступанага карнавалу хопіць!

Усмешак,

Вашая маленькая падарожная Наста