“Віншуем, вы атрымалі стыпендыю”, ці жыццё пасля тэлефаната

  • 26.11.2015
  • Блог
  • Здымкі: Наста Касцюшкіна

“Добры вечар! Гэта спадарыня К.? А ў нас для Вас ёсць шыкоўная навіна!”

Ну вось і ўсё: бясконцыя паходы на суразмоўі скончыліся (прынамсі на наступныя паўгады), дачакалася Настачка здзяйснення сваёй залатой мары – вучобы ва ўніверсітэце Нямеччыны. Цяпер трэба толькі чакаць сустрэчы з ужо знаёмай Дойчланд і… вось яшчэ!.. не забыць і захаваць недзе шчаслівы матывацыйны ліст – калі ўжо аднойчы дапамог, яшчэ абавязкова некалі спатрэбіцца.

Erfurt

Патэлефанавалі мне яшчэ ў чэрвені, таму часу заставалася ўдосталь – амаль 4 месяцы. Здавалася, што яшчэ доўга. Чэрвень я “змарнавала” на экзаменацыйнай сесіі у сваей альма матэр, паралельна рыхтуючы дакументы ў нямецкую навучальную ўстанову. Куды “збег” ліпень, зараз ужо і не прыгадаю. Цудоўны жнівень у Хайдэльберзе мне падаравала не менш шыкоўныя стыпендыя DAAD. Ну вось і застаўся толькі адзін месяц на падрыхтоўку! Нават жудасна зараз успамінаць, што мне давялося перажыць у гэты час… Вы здзіўленыя? Вам здаецца, што я перабольшваю? Дакументы ж падрыхтавала, падцверджанне ад універсітэта атрымала. Што яшчэ? Збірайся і ў добры шлях.

Эх, мае думкі напачатку верасня былі такія ж…

Таму, каб вам давялося спаць больш за 4 гадзіны на дзень, я падрыхтавала маленькі дапаможнік, які значна палегчыць апошні месяц перад ад’ездам (а гэта будзе месяц, не больш, мы ж усе ведаем сваю ляноту і пракрастынацыю).

Ітак… сядаю ў машыну часу, перагортваю старонкі на першае верасня… Los geht’s!

12243607_790862634375394_160742747_n

Падача на візу

“Гэй, гэта не так і складана! Я ўжо колькі разоў шэнген атрымоўваў, заносіш дакументы – і праз 2 тыдні трымаеш у руках пашпарт з запаветнай старонкай!”

Менавіта так я і думала. Найбольш складанай здавалася падрыхтоўка дакументаў. Але гэтую частку працы я адолела амаль што за адзін вечар. Чаму так хутка? А што ж яшчэ рабіць, калі толькі 30 жніўня, па прыездзе з Хайдэльберга, Настачка вырашыла зайсці на старонку амбасады Нямеччыны! Тое, што мне патрэбная будзе нацыянальная віза, а не шэнген (а гэта і ваш выпадак, калі вы збірецеся заставацца у іншай краіне больш за 3 месяцы), я ведала. А вось пра тое, што на нацыянальную візу трэба чакаць 4-6 тыдняў, я даведалася зусім выпадкова. І гэта тады, калі у Эрфурце (а менавіта туды я і збіралася) мяне чакалі ўжо 4 кастрычніка! На той час толькі 1 і 9 верасня ў візавым аддзеле заставаліся вольныя месцы на падачу дакументаў, таму вырашалася ўсё толькі адзіным спосабам – трэба было падавацца ўжо назаўтра.

12243818_790862637708727_327372261_n

Таму, каб пазбавіцца клопатаў непрадбачлівай Насты, зрабіце наступнае:

 

  1. Загадзя зарэзервуйце дзень і час падачы на візу. Гэта можна зрабіць яшчэ за тры месяцы да сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады;
  2. Загадзя (так, гэта самае галоўнае слова) падрыхтуйце ўсе неабходныя дакументы. Са спісам дакументаў на навучальную візу можна пазнаёміцца на старонцы амбасады. Памятайце: вам патрэбная НАЦЫЯНАЛЬНАЯ віза!

Студэны, якія збіраюцца вучыцца ў Нямеччыне толькі семестр ці два! Адкрыю вам маленькую таямніцу. На сайце пазначана, што адным з неабходных дакументаў з’яўляецца школьны атэстат, з апастылем і перакладам. Дрэнная навіна: на тое, каб зрабіць гэта, вам патрэбны самае меншае 3 дні і 300 даляраў. Добрая навіна: гэта толькі для тых студэнтаў, якія збіраюцца на поўную праграму бакалаўрыяту. Калі вам выпаў шанец толькі часткова пабыць студэнтам нямецкага універсітэта – забудзьцеся на гэты дакумент, ён вам не патрэбны.

 

  1. У амбасадзе вам, хутчэй за ўсё, трэба будзе прайсці невялічкае суразмоўе ці запоўніць караценькую анкету. Не хвалюйцеся, гэта проста.
  2. Візу вам дадуць толькі на 3 месяцы (але могуць і на пяць – заўвага). Ніякай памылкі, не трэба галасіць і спрабаваць даказаць, што вам патрэбна віза на больш доўгі перыяд (а ў амбасадзе я ўбачыла шмат чаго). Калі прыедзеце ў Нямеччыну, вам патрэбна будзе пайсці ў ведамства па міжнародных справах (Ausländerbehördeamt), каб падоўжыць тэрмін візы. ВАЖЛІВА! Гэта трэба зрабіць… магічнае слова… правільна – загадзя, мінімум за месяц да сканчэння тэрміну вашай візы!
  3. Калі вы ўсё ж такі спазніліся і запаветных чатырох тыдняў ужо няма – не хвалюйцеся! Яшчэ ёсць шанец! Пакажыце запрашэнне ад універсітэта, у якім значыцца, калі менавіта вам трэба быць там. Супрацоўнікі амбасады заўсёды пойдуць вам насустрач!
  4. Калі дата прыезду ва ўніверсітэт ужо зусім блізка, а візы ўсё няма – проста чакайце. Мне, напрыклад, патэлефанавалі толькі 30 верасня, а білеты да Эрфурта былі на 2 кастрычніка. Калі вы ўсё ж такі бачыце, што часу зусім мала – напішыце ва ўніверсітэт, вам абавязкова падоўжаць срок магчымай рэгістрацыі! Ці тэлефануйце ў амбасаду. Там таксама працуюць жывыя людзі, якія могуць зразумець становішча і дапамагчы.

Вух, ад успамінаў пра гэтае жудаснае чаканне ажно мурашы пабеглі! Але, як бачыце, візу я атрымала (нягледзячы на ўсе перашкоды) і зараз насалоджваюся часам у Нямеччыне!

Мяркуеце, на атрыманні візы скончацца вашыя выпрабаванні? Гэта яшчэ толькі пачатак! Наступны крок зробім разам на наступным тыдні.