Віншуем, вы атрымалі стыпендыю! Калядны выпуск

  • 24.12.2015
  • Блог
  • Здымкі аўтара

Траўка зелянее, сонейка блішчыць, 

Новы год з Калядамі ў кожны дом ляціць!

Якія неверагодныя магчымасці падаравалі нам кліматычныя змены! Можна забыцца на гэтую цяжкую зімовую вопратку, зрабіцца майстрам лепкі “брудавікоў” (снегавікі для нас – гэта занадта проста). Нарэшце можна адшукаць санкі на балконе – і як навярнуць са слотнага пагор’я! Прыгажосць!! Але калі раптам, невядома з чаго, вы засумуеце па белых крышталіках лёду, калі 99 мандарынак падаруе вам не навагодні настрой, а “прыгожы” ружовы колер твару, – запрашаем на Weihnachtsmarkt! Шчокі затрашчаць ад усялякай смакаты, але ж святочны настрой гарантуецца.

Такім чынам, тэма даклада – Weihnachtsmarkt: што? дзе? калі?

IMG_20151203_181605[1]

Пачнем з “калі?”

Калядныя кірмашы працуюць амаль цэлы месяц. Свята глінтвейну і тлустай вулічнай ежы пачынаецца напрыканцы лістапада і доўжыцца да Калядаў. У Эрфурце свята скончылася ўжо 22 снежня, і на наступны дзень (а пішу я вам менавіта 23-ага) галоўная плошча горада зноў ззяла толькі агромістай прасторай. Але часу, каб набыць падарункі і святочны настрой, пакаштаваць розныя смакі глінтвейну і перастаць улазіць у любімыя поркі, менавіта хваціла!

IMG_20151203_183615[1]

“Што?” (з’есці. І выпіць)

Канешне, на калядным кірмашы можна знайсці не толькі ежу і глінтвейн (хаця менавіта за імі я і рабіла амаль штодзённыя вылазкі). Weihnachtsmarkt  – гэта і каралеўства падарункаў, і канцэрты святочных музыкаў ды спевакоў, і месца сустрэчы з сябрамі. На кожным кірмашы вы знойдзецце такія тыпова нямецкія рэчы, як вырабы з дрэва са славутых Erzgebirge і папяровыя зоркі, якія дапамогуць вам не заблукаць. Радуе вялікая колькаць самаробных падарункаў, што дзваляе набыць нешта насапраўды ўнікальнае. Але трэба папярэдзіць: каштуе яно зусім не святочна, таму падзахапіце грошыкаў ці проста дзівіцеся на прыгажосць.

IMG_20151217_182843[1]

Вельмі добра ў якасці арыенціра для сустрэчы з сябрамі!

1410311_1_gallerydetail_368436086

Дзядок, котка ці дракон, якія ўвесь час толькі паляць? Не, вы не спіце!  Гэта знакамітыя Räuchermanner, яшчэ адна дзівостка калядных кірмашоў

Але нават поўныя кішэні манет не гарантуюць таго, што вы набудзеце падарункі. Першае месца сярод выдаткаў займаюць ежа і напоі. Ну, а як жа тут стрымацца, калі духмяныя пахі фізічна плаваюць і адчуваюцца ў паветры! Акрамя традыцыйных пернікаў у форме сэрца, тут можна зацукарыцца не менш традыцыйнай садавінай у шакаладзе і печанымі гарэшкамі. Калі ж вы майстар па “сур’ёзнай” ежы, то на вас чакаюць класічныя нямецкія сасіскі, Knoblauchbrot – часночны смажаны хлеб, венгерскія Langos – нешта кшталту пончыкаў, і вельмі шмат… бульбы! Так, без смажанай бульбы тут не абыходзіцца ніводнае свята. Час і ў нас зрабіць невялічкі рэбрэндзінг і надаць ёй статус святочнай вулічнай ежы.

12322688_1180350631992791_186512352171917914_o (1)

Ну а колькі тут розных гарачых напояў! І больш за 20 відаў глінтвейну (калі што, бярыце з чорнымі парэчкамі – чалавеку, які паспрабаваў ўсё і не аднойчы, ён спадабаўся найбольш), і пунш – яечны ці ягадны, і гарачы шакалад з перцам чылі. Смаката ды паволле!

У Нямеччыне вы, напэўна, сутыкнецеся са словам Pfand, і за кожны напой будзеце аддаваць больш на 2-3 еўра. Не пужайцеся, гэта толькі гарантыйны ўнёсак за кубачак. Вы вяртаеце – вам вяртаюць.

11012562_1180350655326122_5134863090666011597_n

Ммм… гарачы шакалад з чылі:)

“Дзе?”

Я магу раіць толькі па Нямеччыне, бо за яе мяжой на калядныя кірмашы не завітвала. Нават у самой краіне здолела наведаць толькі два гарады – Эрфурт і Нюрнберг. З Эрфуртам усё проста – я тут жыву і вучуся, таму не магла не заўважыць калядных зменаў у горадзе. А вось Нюрнбергскі Christkindlesmarkt абрала менавіта таму, што ён значыўся першым у рэйтынгах. Вось тут ёсць спіс.

3-F2lLnnS4E

І які вынік я магу зрабіць? Эрфурцкі калядны кірмаш – самы лепшы! Чаму? Коратка па пунктах.

1) У Нюрнбергу жудасна шмат людзей. Дарэмна было думаць, што я адзіная ўбачыла гэты спіс лепшых кірмашоў. Адшукаць у такім натоўпе святочны настрой доволі складана.

2) І ў Нюрнбергу, і ў Эрфурце працуюць, акрамя галоўнага, яшчэ і некалькі іншых кірмашоў. У баварскім горадзе гэта, напрыклад, дзіцячы і кірмаш партнёрскіх гарадоў. А вось у Эрфуце – сярэдневяковы і венецыянскі. І вось менавіта сярэдневяковы я лічу найбольш удалым. Музыкі з дудамі, традыцыйныя стравы – нібыта ў іншай эпохе! Калі што, ён працуе ажно да 31 снежня. Спяшайцеся!

3) Ежа. Канешне, у Нюрнбергу вы пакаштуеце знакамітыя нюрнбергскія пернікі і смажаныя каштаны. А вось з іншымі стравамі тут неяк не так прасторна, як у Эрфурце. Так, нюрнбергскія сасіскі займаюць другое месца ў спісе самых смачных, але ж на першым – цюрынгскія! І ведаеце, розніца вялізная!!

IMG_20151218_194127[1]

Але ж архітэктура у Нюрнбергу шыкоўная. Frauenkirche, Nürnberg. І завітайцеся ў дом да спадара Дзюрэра!

Frohe Weihnachten, liebe Freunde, und ein gutes Rutsch ins neue Jahr!

P.S. На які б кірмаш вас не занесла, вярніцеся на Каляды дахаты. Матуля яшчэ і не такую смакату прыгатуе!

З аду-пажаданнямі,

ваша маленькая падарожная Наста