Віншуем, вы атрымалі стыпендыю: ноч перад іспытам
- 22.01.2016
- Блог
Адгадайце загадку:
На працягу трох месяцаў нейкая незнаёмая нам дзяўчына насалоджвалася жыццём у іншай краіне. Падарожнічала па прасторах рэальнага свету і свету кіно ды кніг, знаходзіла новых сяброў і незвычайныя прыгоды. Зараз нашае дзяўчо некуды знікла: на вуліцы яе не сустрэць, на новай выставе не ўбачыць, у сацсетках не знайсці… Пытанне да вас: што за час такі прыйшоў? Пытанне да гэтай дзяўчыны: чаму гэты час не прыйшоў да цябе раней?!
Тэма сённяшняга, на жаль, кароткага выпуску:
Апошнія тыдні вучобы: ці ты, ці цябе!

Як можна вучыцца, калі за вакном такая прыгажосць?
Апошняя ноч напярэдадні іспытаў. Ежы і кавы ўжо амаль няма, а вось жадання заплюшчыць вочы, наадварот, нават з лішкам. Позірк на спіс пытанняў – матухна, яшчэ ж больш за палову! Знаёмая сітуацыя? Вядома, калі вы яшчэ на першым курсе, то выглядае гэта крышачку наадварот, але з цягам вучобы лянота ўсё менш і менш дазваляе нам пачынаць падрыхтоўку раней за “ай-яй-зусім-нічога-не-паспяваю” часу. Чым жа адрозніваюцца іспыты і парыхтоўка да іх у Беларусі і Нямеччыне? Коратка і па пунктах:
- У Нямеччыне няма экзаменацыйнай сесіі. Прынамсі, такой, да якой мы ўжо прыставаліся. Няма гэтых двух тыдняў, калі студэнты ходзяць толькі на кансультацыі ды экзамены. Тут фінальныя іспыты адбываюцца на апошніх (часам – перадапошніх) занятках кожнай дысцыпліны. Таму вы адначасова завітваеце і на іншыя пары. Бывае так, што за адзін тыдзень трэба напісаць ледзь не пяць экзаменаў. Таму парада №1 – рыхтуйцеся загаддзя! Без свачасовага прагляду неабходнай літаратуры (і сваечасова тут – гэта цягам семестру) адна ноч ну ніяк не дапаможа.
- Да розніцы паміж залікамі і экзаменамі мы ўжо прыстасаваліся: па-першае, здаеш залікі, каб атрымаць доступ да іспытаў, а потым ужо ідзеш на самі экзамены, якія існуюць альбо ў пісьмовай, альбо ў вуснай форме. У Нямеччыне ўсё адрозніваецца. Па-першае, ніякіх “допускаў” тут наогул не існуе, толькі самі фінальныя іспыты. Але вось відаў кантролю ведаў тут больш, чым у нас. Найбольш распаўсюджаныя: Hausarbeit, Referat і Klausur.
2.1 Hausarbeit. Адрозніваюць маленькую (8-10 старонак) і вялікую (больш за 15) дамашнюю працу. Часцей за ўсё здаваць яе будзе патрэбна ўжо пасля вучобы, у час, вольны ад заняткаў. Напрыклад, у мяне дэдлайн абазначаны да канца лютага. Але не спяшайцеся хапаць яе толькі таму, што больш часу падрыхтавацца. Гэта сапраўды адзін з самых складаных відаў працы, таму добра падумайце, ці паспееце вы ўсё выканаць. Гэта кшталту курсача, толькі карацей.
2.2 Рэферат. Вусны від кантролю ведаў. Можна падрыхтаваць аднаму ці ў камандзе з іншымі. Звычайна рэфераты праходзяць цягам вучобы: так, маё першае выступленне адбылося ў другі месяц навучання, апошняе – у гэты панядзелак.
2.3 Klausur. А вось гэта ўжо знаёмы нам пісьмовы іспыт. Ёсць і вусныя экзамены, але часцей за ўсё пісьмовыя. Тут няма білетаў на выбар, толькі нейкая колькасць пытанняў з сучаснага жыцця, на якія вам трэба адказаць пры дапамозе ведаў па прадмеце.
Існуюць і іншыя віды экзаменаў – праектная праца, водгук і г.д., пра якія вы даведаецеся на першых занятках кожнага з аспектаў. Таму вельмі рупліва вызначайце, што ды як будзеце здаваць: што адразу, што напрыканцы заняткаў; дзеля чаго рыхтаваць Hausarbeit, а на што хопіць і рэферата. Ад вашага выбару залежыць вашае навучальнае жыццё і асабліва апошнія тыдні. Таму паспрабуйце адразу скласці спіс таго, што вы жадаеце атрымаць і што зможаце (чытайце пра гэта ў апошніх выпусках).
Вух, ну хоць некалькі парад паспела даць! Прабачайце, такі час ☺
Поспехаў вам! І мне…
Вашая маленькая падарожная Наста