Віншуем, вы атрымалі стыпендыю: Праблема выбару – ёгурты і дысцыпліны
- 16.01.2016
- Блог
Цішыня. Яркае святло лямп робіць вочы ўсё больш падобнымі да маленькіх люстэрак. Рукі, нос ды шчокі з кожнай хвілінай паддаюцца нясцерпнаму холаду. Шэраг нібы зусім аднолькавых мужчын ды жанчын праходзіць недзе зусім недалёка, але, здаецца, дзесьці ў іншай галактыцы. Крок наперад. Вяртаемся. Яшчэ колькі крокаў… ці усё ж такі назад? І вы застаецеся адзін на адзін: чалавечая істота і спадчына маці-прыроды. Трэба вырашаць.
“Крама зачыняецца праз 10 хвілін!” – расколваецца цішыня.
Эх, чаму ж так цяжка абраць… ёгурт?!
Мабыць, такі прыклад і гучыць для кагосьці занадта перабольшаным ды літаратурна ўпрыгожаным (не для мяне). Але ж з праблемамі выбару мы сутыкаемся амаль што кожны дзень без перапынку. І калі дзеля ёгуртнага пытання нам не трэба звяртацца да вышэйшай камісі і ў горшым выпадку мы проста можам набыць які іншы наступным разам, то некаторыя моманты патрабуюць большай увагі. Ну так-так, я і ёгурнае пытанне марудна вырашаю. Алё сёння не пра тое. Тэма выпуска – вучэбны план.
Тваражок ці ёгурт? Першы крок – азнаёмімся з прапановамі!
Так, некаторыя з замежных універсітэтаў прапануюць ужо падрыхтаваную праграму навучання. Тут вам не трэба прыстасоўвацца да чагосьці новага: як і ў Беларусі, вы проста атрымаеце спіс абавязковых прадметаў, якія будзеце наведваць наступныя паўгады. Але ж вялікая колькасць вам такой прапановы рабіць не будзе: вы дарослыя, а значыць, і самі здольныя агранізаваць свой навучальны працэс. І калі для студэнтаў-незамежнікаў усё вырашаецца адносна проста – не зараз, дык у наступным семестры, – то для нашага простага люду патрабуецца абіраць менавіта зараз – іншага шанцу можа і не з’явіцца.
Даведацца аб тым, што прапаноўвае менавіта ваша навучальная ўстанова, вы зможаце на старонцы ўніверсітэта. Не знайшлі інфармацыі – нічога, заўсёды можна звярнуцца да аддзелу па замежных справах, які будзе рады ўдакладніць вам умовы навучання. Зрабіце гэта як мага раней! Спіс прадметаў з’яўляецца ўжо за месяц-два да пачатку семестра, і для некаторых заняткаў патрабуецца напісаць пісьмо выкладчыку ці забраніраваць курс. Колькасць месцаў – абмежаваная!
Не хвалюйцеся: нават калі на пажаданы курс ужо нямы вольных месцаў, вы яшчэ можаце туды патрапіць. Для замежных студэнтаў заўсёды робяць выключэнні 😉
Бывае і так, што ўніверсітэт дае вам час пазнаёміцца з рознымі аспектамі. Два-тры тыдні вы можаце паблукаць па розных залях ды паслухаць розных выкладчыкаў і толькі пасля вырашыць, па якіх прадметах вы будзеце трымаць іспыты. Даволі зручна! Таму загадзя зрабіце спіс тых дысцыплін, якія вам хацелася б паспрабаваць на наступныя тыдні.
Маленькая парада! Не трэба баяцца адмаўляцца ад прадметаў, на якіх вы з’явіліся ў межах гэтых пробных тыдняў. Нават калі выкладчык замацаваў за вамі які рэферат, гэта яшчэ нічога не азначае. Проста вырашыце для сябе, ці патрэбен вам гэты аспект. Як вырашыць – siehe unten!
З ажынамі ці з шакаладнымі драбніцамі? Пераходзім да дэталяў!
Такім чынам, вы ўжо ведаеце, што ваш універсітэт прапануе вольны выбар дысцыплін. Як жа правільна яго зрабіць?
Так, магчымасць самому рабіць навучальны план, канешне, шыкоўная. Але яна патрабуе даволі інтэнсіўных разважанняў. І вось тут замежныя студэнты робяць шмат памылак: хочацца паспець ўсё, але час абмежаваны. Больш за тое, студэнт яшчэ не паспявае звыкнуць да сістэмы і таму даволі часта абірае курсы, якія не патрэбныя, ды пакідае без увагі сапраўды добрыя магчымасці.
У мяне з гэтым і ўвогуле былі вялікія праблемы (ну, вы памятаеце, у меня нават ёгуртныя пытанні патрабуюць вечнасці). Як і ўсе замежнікі, я магла абіраць з неабмежаванай колькасці аспектаў, нават не з майго профілю і не толькі з бакалаўрскіх праграм. Таму спіс прапаноў складаў каля 200 розных курсаў. Гэта зрабіла мае першыя тыдні сапраўднай алімпійскай эстафетай! Carpe diem, ці ногі ў рукі і да наступнага кабінета! А памылак я ўсё ж такі нарабіла. Таму вось вам некаторыя парады, якія мне, на жаль, загадзя не пашчасціла пачуць:
- абірайце больш прадметаў, якія тычацца вашай спецыяльнасці. Канешне, “пакаштаваць” хочацца ўсё, але ж паспрабуйце абмежавацца хоць якой колькасцю аспектаў. Спытайце: а дзеля чаго я хачу гэта вывучаць?
- не запісвайцеся на вялікую колькасць моўных курсаў. Асабліва той мовы, у краіне якой вы вывучаецеся. Канешне, калі веды зусім слабыя, гэта мае сэнс. Але узровень вышэй за В2 вы палепшыце і на іншых профільных прадметах, якія будуць выкладацца ва ўніверсітэце. Лепей звярніце ўвагу на іншыя замежныя мовы (я вось ўжо амаль забыла ангельскую мову ў Нямеччыне!).
- уважліва стаўцеся да колькасці прадметаў (пра гэта ў наступным пункце).
- звярніцеся па дапамогу да студэнтаў ці ўніверсітэцкіх супрацоўнікаў. Менавіта яны могуць параіць, што лепей за ўсё выбраць. Дастаткова ўзгадаць, як вы самі давалі парады першакурснікам наконт тых ці іншых заняткаў ці выкладчыкаў 😉
- для тых, хто хоча потым паступаць ў магістратуру (!): паглядзіце на крытэры адбору ў пажаданую ўстанову. Напрыклад, для праграмы маёй мары патрэбна адпаведная колькасць пунктаў па метадах сацыяльных даследванняў. Ну дык і чаму б не атрымаць іх?
0,1% ці 10%? Абіраем тлустасць!
Здаецца, вы ўжо зразумелі, што гэты пункт – адзін з найбольш складаных. Сапраўды, паспрабаваць хочацца ўсё, але ж праз абмежаванасць часу гульні не атрымаецца.
Для нас, вядома, даволі звыкла бачыць расклад з пяццю парамі шэсць дзён на тыдзень. Але не забывайцеся пра тое, што ў замежных ВНУ больш увагі звяртаецца на індывідуальную, самастойную працу з матэрыялам. Таму вы ўжо не здолееце пасля заняткаў зваліцца стомленай коткай на ложак.
Вось, напрыклад, суадносіны часу да складанасці заняткаў у Нямеччыне:
3 LP = 90 гадзін працы за семестр (30 на занятках)
6 LP = 180 гадзін працы за семестр (60 на занятках)
Таму лепей абярыце якасць, чым колькасць. Ва ўсялякім выпадку, вы можаце проста наведваць некаторыя прадметы і не атрымоўваць за яго адзнак і пунктаў. Гэтае права ніхто ў вас не забярэ!
4.200 ці 11.500? Не забываемся пра адзнакі!
Часцей за ўсё студэнты па абмене заключаюць са сваёй ВНУ дамову аб патрэбнай колькасці пунктаў. У Нямеччыне гэта складае 24-30 LP. За кожны курс вы можаце атрымаць тры ці шэсць пунктаў (суадносіны з часам вы ўжо бачылі). Акрамя гэтага, трэба даведацца, атрымаеце вы проста залік (q.T.) ці яшчэ і адзнаку. У асноўным за тры пункта вы можаце атрымаць толькі залік. Шмат каму гэта не пасуе, таму што хатнія ўніверсітэты патрабуюць менавіта пацверджання адзнак. Заставайцеся ўважлівымі да канца!
Эх, гэтым часам не атрымалася эканомна паведаміць пра ўсё аспекты, распісалася ажно на тысячу слоў! Таму і вы знайдзіце дастаткова часу і ўважліва абірайце сваю праграму. І памятайце: вучоба за мяжой – гэта не толькі вучоба 😉
Усмешак і прыемных аду-уражанняў,
ваша маленькая падарожная Наста